Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белэнэрга» пастаўляе электраэнэргію ва Ўкраіну праз прыватныя кампаніі, а дзяржаўнай — адмовіла


Дзяржаўнае вытворчае аб’яднаньне «Белэнэрга» працягвае пастаўляць ва Ўкраіну электраэнэргію, але толькі празь дзьве прыватныя кампаніі — «Тет груп», створаную Віталём Бутэнкам, адным з былых мэнэджэраў кампаніі ўкраінскага мільярдэра Рыната Ахметава, і ТАА «ЕЛЕКТРО КОМ’ЮНІТІ» Аляксандра Ткачэнкі (гэтую кампанію зьвязваюць з дэпутатам Яўгенам Шаўчэнкам, які сёлета ў красавіку сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам).

Ліст, які 8 лістапада абнародавалі ўкраінскія СМІ, аб адмове «Белэнэрга» ад супрацы, быў накіраваны дзяржаўнай украінскай кампаніі «Енергоатом». Яна ў кастрычніку выйграла на аўкцыёне найбольшую долю доступу да міждзяржаўных ліній электраперадач між Беларусьсю і Ўкраінай — 885 з 900 магчымых МВт на гадзіну. Але прадстаўнікі кампаніі ў часе сваёй паездкі ў Беларусь, якая адбылася 11–13 кастрычніка, не змаглі падпісаць кантракт зь «Белэнэрга».

«Калі дэлегацыя кампаніі „Енергоатом“ накіравалася ў Беларусь, з улікам сытуацыі ў Беларусі, з той тыраніяй, і з абяцаньнем Літве не набываць электраэнэргію, лягічнай была адмова. Адна справа — прыватныя кампаніі, а іншая — дзяржаўная. Імаверна, што было даручэньне міністра ці Офіса прэзыдэнта, бо дзяржаўная кампанія ня можа ўхваліць рашэньне ехаць у Беларусь пры такіх міждзяржаўных дачыненьнях», — сказала Свабодзе экспэрт у энэргетычных пытаньнях Вольга Кашарна.

Паводле інфармацыі нацыянальнага энэргетычнага апэратара «Укренерго», цяпер зь Беларусі ажыцьцяўляюцца пастаўкі электраэнэргіі магутнасьцю 415 МВт на гадзіну. Гэтую электраэнэргію атрымлівае Аб’яднаная энэргетычная сыстэма Ўкраіны, якая не сынхранізавана з эўрапейскай і працуе ў паралельным рэжыме з расейскай і беларускай. 8 лістапада Ўкраіна набыла 9,2 мільёна кВт на гадзіну.

Экспэртка перакананая, што рашэньне скасаваць большасьць кантрактаў з украінскімі кампаніямі — палітычнае. «Я ўпэўненая, што гэта было палітычнае рашэньне з боку Беларусі і па ўзгадненьні з Расеяй. І з магчымых 900 МВт прадаваць толькі 415 — таксама палітычнае рашэньне», — мяркуе Вольга Кашарна.

Разам з тым яна ня выключыла, што Беларусь можа спыніць пастаўкі пры павелічэньні спажываньня і зьніжэньні запасаў вугалю і газу.

Чаму ўкраінскія АЭС ня могуць уратаваць сытуацыю

«У нас такі мікс — генэрацыя атамная, вугальная, аднаўляльная і гідрагенэрацыя не збалянсаваныя. Ва ўсіх краінах, дзе ёсьць атамная энэргетыка, рэгуляваньне ажыцьцяўляецца праз гідраэлектрастанцыі. У нас жа адбыўся некантраляваны рост магутнасьцяў альтэрнатыўнай энэргетыкі, якая не рэгулюецца. І ў нас сонечных станцыяў больш, чым ветравых. Назапашвальнікаў (энэргіі) няма, у выніку пачалі зьяўляцца праблемы рэгуляваньня і збалянсоўваньня энэргетычнай сыстэмы ў гадзіны пік», — патлумачыла экспэртка.

Паводле яе, вугальная энэргетыка, якая дазваляе гнутка балянсаваць рынак у гадзіны пік, патрабуе мадэрнізацыі, але прыватныя ўласьнікі мадэрнізаваць яе ня будуць, бо зрабілі стаўку на «зялёную» энэргетыку.

«Атамныя электрастанцыі ня могуць павялічваць і зьмяншаць магутнасьць падачы цягам сутак. Гэта забараняе тэхналягічны рэглямэнт з пункту гледжаньня ядзернай бясьпекі. То бок АЭС, калі ўжо выходзяць на намінальную магутнасьць, то яны роўным графікам і працуюць», — дадала Вольга Кашарна.

Экспэртка мяркуе, што ва Ўкраіне трэба паступова выводзіць з эксплюатацыі вугальныя станцыі і будаваць на замену сучасныя электрастанцыі на газе, як гэта робяць у Польшчы. «Яны ўначы стаяць у рэзэрве, але пры неабходнасьці падключаюцца на хуткім старце».

Што кажуць ва ўладзе

У Міністэрстве энэргетыкі Ўкраіны сытуацыю з энэргапастаўкамі не камэнтуюць. Там заявілі, што для збалянсаваньня энэргетычнага рынку і стабільнага праходжаньня асеньне-зімовага пэрыяду 2021–2022 гадоў будуць залучаць энэргаблёкі цеплавых электрастанцый, якія працуюць на прыродным газе.

У парлямэнце заяўляюць пра магчымыя маніпуляцыі кампаній, якія атрымалі доступ да міждзяржаўных ліній на сутачных аўкцыёнах і цяпер ажыцьцяўляюць пастаўкі зь Беларусі.

Старшыня парлямэнцкага камітэту энэргетыкі і жыльлёва-камунальных паслуг Андрэй Герус, дэпутат праўладнай фракцыі «Слуга народу», заяўляў, што кантрольныя органы мусяць правесьці пазаплянавую праверку дзейнасьці кампаніі «ТЕТ Груп», якая цяпер ажыцьцяўляе энэргапастаўкі зь Беларусі.

Паводле яго, кампанія прадавала большыя аб’ёмы электраэнэргіі, чым прадугледжвае заканадаўства. «Аб’ёмы злоўжываньняў складалі сотні мільёнаў грыўняў», — заяўляў Андрэй Герус.

Паводле яго, цяперашняе скасаваньне кампаніяй «Белэнэрга» рамкавых кантрактаў з большасьцю ўкраінскіх кампаній, па сутнасьці, прывяло да зьнішчэньня канкурэнцыі на сутачных аўкцыёнах. Бо кампаніі выкупілі на месяц доступ да міждзяржаўных ліній электраперадач, але кантрактаў на пастаўку электраэнэргіі ня маюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG