Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літаратура з турмы. Максім Знак: «Яны думалі — нас пахавалі... А мы — бульба! Як нас пахаваць?»


15 лістапада, у міжнародны Дзень пісьменьнікаў у зьняволеньні, Радыё Свабода і Беларускі Пэн-цэнтар абвесьцяць ляўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча. Сёньня мы друкуем новы партрэт літаратара, які працягвае творчасьць за кратамі.

Юрыст, паэт, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады па урэгуляваньні палітычнага крызысу

4 верасьня 2021 году Максіму Знаку споўнілася 40. Гэты дзень ён сустрэў за кратамі.

Максім Знак нарадзіўся ў Менску, у 2004-м атрымаў дыплём з адзнакай юрыдычнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту, праз пяць гадоў абараніў дысэртацыю, стаў кандыдатам юрыдычных навук і магістрам бізнэс-адміністраваньня. Атрыманыя веды пасьпяхова прымяняў у самых розных беларускіх і міжнародных праектах. Актыўна займаўся спортам, музыкай і паэзіяй.

Белая пена на хвалях —
Подых вады і паветра.
Белымі бурунамі
Жыць нам апошнія мэтры.
Хочаш скаваць ланцугамі?
Хочаш забіць нас, застрэліць?
Белую пену на хвалях
Белая пена заменіць.

9 верасьня 2020 году Максіма Знака затрымалі.

Прад’яўленыя абвінавачваньні: арт. 361 Крымінальнага кодэксу — Заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь; ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу — Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам; арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу — Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраўніцтва ў ім.

Гукі Валадаркі

Пароль: «Тук-тук!»,
«Тук-тук!» — як водгук:
Жалеза стук
Па калідорах.
«Аддаў!» — «Прыняў!»
«Як сам?» — «Нармальна».
Ключ і сьцяна...
Фэнамэнальна!
«Тук-тук!» — «Ідзем!»
«Тук-тук!» — «Хавайце!»
«У сьцяну глядзець!
Не размаўляйце!»
«Тук-тук!»-«Тук-тук!»
Па калідорах.
І сёньня стук
Такі ж як учора.

Максім Знак
Максім Знак

З-за турэмных муроў Максім Знак даслаў у лістах да родных і сяброў больш за сто вершаў. Бальшыню іх адрасаты на просьбу аўтара зьмясьцілі ў сацыяльных сетках у адкрытым доступе. Многія з твораў зьняволенага паэта чытачамі пакладзеныя на музыку і сьпяваюцца на закрытых імпрэзах. Твор пра бульбу стаў шлягерам.

Яны думалі — нас пахавалі...
А мы — бульба! Як нас пахаваць?
Мы зялёным зямлю прабівалі,
Спрабавалі да неба дастаць.

6 верасьня 2021 году суд вынес Максіму Знаку вырак — пазбаўленьне волі на 10 гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд ня стаў нечаканкай для чалавека, які добра абазнаны ў цяперашняй практыцы выкарыстаньня законаў у краіне.

1984

Восемдзесят чацьвёрты ўжо быў.
Быў, здаецца, сорак год таму.
Оруэла зноўку я адкрыў —
Да мяне ён завітаў у турму.
Вось прыйшоў і кажа: «Ну і што?
Ну, вядома ж, ты не парушаў.
Ты сурʼёзна верыш у гэта шоў?
Ты артыкул у кодэксе шукаў?
Тут усё проста — „супраць“ альбо „за“.
Калі „супраць“ — нельга крыўдаваць.
Ты адказвай за ўсё, што ты казаў,
Хопіць нормы ў кодэксах шукаць!
Няхай права сёньня адпачне,
Бо дзяржавы лёс — вышэй за ўсё.
А раз так, то, падаецца мне,
Права аджыло ўжо сваё».

У лістах да блізкіх Максім Знак просіць пашыраць ягоныя творы, верачы, што гэткім чынам і з-за турэмных муроў зможа данесьці людзям свае думкі. Ён піша, што ў зьняволеньні шмат чытае і разважае над знакавымі кнігамі сусьветнае і айчыннае клясыкі. Знаходзіць у прачытаным падтрымку, сілу і веру ў будучыню. Асабліва ён адзначае важнасьць рамана Ўладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» для разуменьня сучасных падзеяў і заклікае ўсіх беларусаў перачытаць славуты твор. Сам жа пад уражаньнем новага прачытаньня рамана Караткевіча, напісаў песьню.

Алесь Загорскі


1. Унізе плыні блакітнай магутны спакой,
Уверсе ў неба ўпіваецца бор.
Ён у лесе ляжыць пад няўцішнай зямлёй
І ляціць паміж соснаў да зор.
Ён з дзяцінства чытаў аб краінах заморскіх,
Пра славутых сваіх землякоў,
На Радзіме застаўся, застаўся Загорскім
І ляціць паміж соснаў да зор.


Прыпеў:


У яго гонар назвалі б і горад, і горы
Сто краінаў чакалі Алеся.
Але ён не хацеў быць героям за морам —
Пахаваны ў нас на Палесьсі.


2. Адкрыцьцём для яго стала назва Радзімы:
Як прыгожа гучыць — Беларусь!
Толькі назва і мары — багацьце краіны,
І сыны — Алесь і Кастусь.
А яшчэ ёсьць мінулае — славы прывіды,
Здані рыцараў, вояў, князёў.
Ад Грунвальда да Воршы высока на дзідах
Продкі бела-чырвоных сьцягоў.


Прыпеў:


У яго гонар назвалі б і горад, і горы
Сто краінаў чакалі Алеся.
Але ён не хацеў быць героям за морам —
Пахаваны ў нас на Палесьсі.


3. Беларусаў — адзінкі, як стаць беларусам?
Нават слова амаль што няма!
Юнакам забарона падвоіць спакусу,
Не спалохаюць сьмерць ці турма.
Пад сярпом юнакі паўстаюць у паветры,
Свае лёсы ў падмурак кладуць.
Для краіны аднойчы найлепшым цэмэнтам
Стануць мары, што вечна жывуць!

Пра прэмію імя Аляхновіча

Прэмія імя Аляхновіча заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам сумесна з Радыё Свабода. Яе прысьвяцілі драматургу і рэжысэру Францішку Аляхновічу (1883–1944), аўтару кнігі «Ў капцюрох ГПУ».

У розныя гады прэміяй імя Францішка Аляхновіча былі ўганараваныя

  • 2013: Ігар Аліневіч
  • 2014: Алесь Бяляцкі, Зьміцер Дашкевіч, Фэлікс Пекер, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута, Ірына Халіп
  • 2017: Мікола Дзядок, Зьміцер Дрозд, Андрэй Саньнікаў і Леанід Пятрэнка
  • 2018: Аляксандар Лапшын, Уладзімер Някляеў, Вольга Мікалайчык
  • 2019: Сяргей Скрабец, Алесь Пушкін

15 лістапада — Дзень пісьменьнікаў у зьняволеньні

15 лістапада Міжнародны ПЭН-клюб адзначае 33-і штогадовы Дзень пісьменьнікаў у зьняволеньні — міжнародную дату ў падтрымку пісьменьнікаў і журналістаў, якія зазнаюць перасьлед у выніку ажыцьцяўленьня свайго права на свабоду выказваньня. Штогод нацыянальныя ПЭН-цэнтры і іх сябры па ўсім сьвеце адзначаюць гэты дзень, каб падвысіць інфармаванасьць насельніцтва аб несправядлівым зьняволеньні і іншых формах агрэсіі ў дачыненьні да пісьменьнікаў з розных краін, узгадваючы тых, хто быў забіты, і выказваючы салідарнасьць са зьняволенымі і калегамі, якія знаходзяцца пад пагрозай.

Гэты дзень пачаў адзначацца ў 1981 годзе Камітэтам «Пісьменьнікі ў зьняволеньні». Цяпер гэта важная дата для ўсяго Міжнароднага ПЭН-клюбу — у гэты дзень праводзяцца кампаніі ў абарону пісьменьнікаў у турме і ўшаноўваецца памяць іх загінулых калег. З 15 лістапада 2015 года ў сьвеце было забіта больш за 35 пісьменьнікаў.

Саліл Трыпаці, старшыня Камітэта «Пісьменьнікі ў зьняволеньні», адзначае:

«Пісьменьнікі мусяць мець права пісаць тое, што яны пішуць. Яны не мусяць трапляць за гэта ў турмы. І ўсё ж цяпер ва ўсім сьвеце ў турмах сядзяць сотні пісьменьнікаў, і многія церпяць перасьлед і чуюць пагрозы, бо іх творы турбуюць кіраўнікоў дзяржаў, раздражняюць моцных і нэрвуюць урад. Пісьменьнікі — гэта сумленьне грамадзтва, яны мусяць заставацца на свабодзе, бо іх месца не ў турме, а перад друкарнымі машынкамі і кампутарамі ці за сталом з пяром і паперай. У гэты дзень кожны год уся супольнасьць ПЭН-клубаў адзінагалосна пацьвярджае, што мы прадоўжым змагацца за свабоду ўсіх пісьменьнікаў, якім перашкаджаюць нармальна працаваць, дзе б яны ні жылі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG