Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чуў, што ўсе СМІ пазакрывалі. Ня думаў, што дажыву да такога». Пра што піша з калёніі зьняволены блогер Сьпірын


Павал Сьпірын
Павал Сьпірын

Жонка Паўла зачытвае лісты ад мужа на ягоным ютуб-канале, іх слухаюць 66 тысяч падпісчыкаў.

Павал Сьпірын адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 2 гораду Бабруйску. Просьбы аб памілаваньні не падаваў.

«Нядаўна адпачываў 5 сутак на ШЫЗА. Гэта каморка, кажучы простай мовай. Але ўжо на „волі“ і адчуваю сябе нармальна», — піша блогер у лісьце да жонкі Ірыны.

Павал паведаміў, што ўжо мае тры парушэньні рэжыму: ня выцер пылу за тумбачкай, не павітаўся з работнікам калёніі, а таксама ішоў з крамы без днявальнага.

«Гэта азначае, што цяпер зь лістапада мне можна будзе атаварвацца ў краме ня больш як на 58 рублёў у месяц. Бо лічыцца, што я „злосны парушальнік рэжыму“. Плюс у мяне вылічваюць каля 30% даходаў за адзеньне», — піша Павал.

Калі не пазбавяць пасылкі, то Павал просіць прыслаць у ёй пальчаткі, якія праслужаць даўжэй. Яны патрэбны для працы на кухні.

Паводле Ірыны, спатканьняў з Паўлам ня будзе да лютага. Апошні раз яна бачыла мужа пасьля суду, 27 красавіка.

«Я чуў, што ўсе СМІ пазакрывалі»

Тэлефанаваньняў ад Паўла не было, у кастрычніку Ірына атрымала два лісты, яшчэ два не прапусьціла цэнзура.

«Я чуў, што ўсе СМІ пазакрывалі. Ня думаў, што дажыву да такіх часоў. Нібыта Оруэла з кнігі ў жыцьцё ўвасобілі, — піша Павал. — Хачу дадому, зразумела. Сумую па вас. Але трымаюся — стойкі алавяны салдацік».

Паводле Ірыны, да Паўла не дайшоў ліст зь вершам, які напісаў 10-гадовы сын Арцём. Павал піша, каб Арцём ня плакаў, тата вернецца. Каб ён добра вучыўся, слухаў маму і кожны дзень адціскаўся і падцягваўся.

«Напрыклад, за дзень ён можа 5 разоў адціскацца па 15 разоў. І 5 разоў падцягвацца па 7 разоў цягам дня. Патлумач яму, як. А таксама можна 5 разоў на дзень прысядаць па 20 разоў, — піша Павал. — Яшчэ скажы яму, што тату давядзецца затрымацца ў зоне даўжэй. Але працэс вяртаньня можна паскорыць. Трэба вучыць як мага лепш ангельскую мову, больш чытаць кніг і вучыць матэматыку. А тата будзе старацца хутчэй вярнуцца дахаты».

Паводле Ірыны, на здароўе, мяркуючы па лістах, Павал ня скардзіцца.

«Удзень ачышчаю каля трох тысяч талерак»

Жонка Паўла Сьпірына чытае лісты ад мужа на яго ютуб-канале, які мае больш за 66 тысяч падпісчыкаў.

Павал піша, што працуе на кухні, праца ня зь лёгкіх, але і ня самая складаная. Ён зьбірае аб’едкі ў сталовай, дзе харчуецца ўся калёнія.

«Мой абавязак — гэта посуд, — піша Павал. — Я надзяваю тканінныя пальчаткі і рукамі зграбаю ўсё гэта з талерак у вялізныя бакі для сьмецьця, якія пазьней вывозяць. Удзень ачышчаю каля трох тысяч талерак. І яшчэ адна з маіх задач — гэта ачыстка залі ад рэшткаў ежы. І так яшчэ 3,5 года. Шкада, што не магу цяпер працаваць па сваёй прафэсіі. Але так і павінна было быць, іншага не чакаю».

Павал піша, што ня можа ўсім адказаць на лісты і віншаваньні з днём народзінаў, бо працуе два поўныя дні запар і вечарам пасьля гэтага «валіцца з ног».

«Уся мара — гэта адмыць ад сябе пахі ежы і легчы спаць. А на трэці дзень, які выходны, такая ж сытуацыя. Пастаянныя рэжымныя мерапрыемствы, якія нельга прапусьціць. Усяго 2-3 гадзіны часу застаецца. Пасьля таго, як мяне працаўладкавалі, я не магу нават чытаць, вельмі шкада», — піша Павал.

У лісьце блогер пайменна падзякаваў усім, чые лісты да яго дайшлі.

«У нас тут толькі БТ, і я карыстаюся парадай прафэсара Праабражэнскага наконт савецкіх газэт і тэлевізіі», — піша ён.

У чым абвінавацілі блогера?

37-гадоваму палітычнаму блогеру Паўлу Сьпірыну прысудзілі 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Яго затрымалі 9 верасьня летась і абвінавацілі ў распальваньні нянавісьці паводле 1-й часткі 130-га артыкулу Крымінальнага кодэксу. Падставай для перасьледу сталі ягонае відэа — фільм «Грань», які ўнесьлі ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, і відэа «Жахлівая таямніца генпракурора Беларусі: карт-блянш на садызм». У фільме «Грань» блогер расказаў пра наркагандаль у Беларусі, а ролік «Жахлівая таямніца генпракурора Беларусі: карт-блянш на садызм» быў прысьвечаны гвалту над дэманстрантамі.

На прэзыдэнцкіх выбарах блогер спрабаваў стаць кандыдатам у прэзыдэнты, аднак Цэнтравыбаркам не зарэгістраваў ягонай ініцыятыўнай групы. На паседжаньні ЦВК блогер рэзка выказаўся пра Аляксандра Лукашэнку. Сьпірын быў даверанай асобай кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG