Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вызваляць палітвязьняў пасьля рэфэрэндуму? Меркаваньне экспэрта


Лідзія Ярмошына падчас галасаваньня
Лідзія Ярмошына падчас галасаваньня

Цэнтральная выбарчая камісія пачала падрыхтоўку да рэфэрэндуму аб зьменах у Канстытуцыю. Якую палітычную мадэль прадугледжвае праект Асноўнага закону? Ці варта чакаць паслабленьняў у палітычным жыцьці пасьля рэфэрэндуму? Ці тлумачацца апошнія канфлікты паміж Менскам і Масквой невыкананьнем Лукашэнкам абяцаньняў Пуціну наконт канстытуцыйнай рэформы?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.

Казакевіч

  • Да канца незразумела, якой Канстытуцыі хоча Лукашэнка.
  • Канстытуцыйнай рэформы вымагаюць як унутраныя, гэтак і зьнешнія чыньнікі.
  • Новая Канстытуцыя — гэта вялікая палітычная пустата, якая пакуль не напоўненая ніякім зьместам.
Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч
  • Ня толькі няма тэксту праекту, незразумелая нават канцэпцыя.
  • Лукашэнка абяцаў вынесьці праект Канстытуцыі на публічнае абмеркаваньне ўвосень.
  • Рэфэрэндумы 1996 і 2004 гадоў праходзілі дастаткова адкрыта, Лукашэнка ўцямна дэкляраваў, чаго ён на гэтых рэфэрэндумах хоча дамагчыся.
  • Тады за яго была большасьць. Зараз наўрад ці ён зможа дамагчыся падтрымкі большасьці.
  • У апошнія гады ўлада ўзяла моду ўсё сакрэціць. Так гэта было з інтэграцыйнымі «мапамі», гэтак жа адбываецца і з праектам Канстытуцыі.
  • Быў разьлік на тое, што пасьля рэфэрэндуму рэпрэсіі пойдуць на спад.
  • З пункту гледжаньня ўлады ўмова дээскаляцыі — гэта яе ўстойлівасьць, маўклівая падтрымка з боку большасьці.
  • Грамадзтва мусіць зьмірыцца, перастаць ствараць пэўную пагрозу і не перашкаджаць канстытуцыйнай рэформе.
  • Крытэр — нізкая актыўнасьць у «экстрэмісцкіх» чатах, вяртаньне памеру аўдыторыі новых і старых незалежных мэдыя на ўзровень, на якім яна была да 2020 году.
  • Ва ўладзе ёсьць розныя сілы, ёсьць там людзі, для якіх дээскаляцыя — гэта страта іх вагі і ўплыву.
  • Гэта той жа Азаронак, гэта тыя з МУС, хто рабіў стаўку на канфрантацыю.
  • Яны будуць пераконваць найвышэйшую ўладу ў тым, што ўсё яшчэ ня скончана і галоўныя бітвы наперадзе.
  • Эскаляцыя выгадная прарасейскім сілам, бо гэта пагаршае стасункі з Захадам і адкрывае больш магчымасьцяў для прасоўваньня расейскага парадку дня, прынамсі ў палітыцы памяці і ў пытаньнях ідэнтычнасьці.
  • Тыя сілы, якія хацелі б супакаеньня, — гэта эканамічны блёк.
  • Скончыцца рэпрэсіі могуць тады, калі ўсе там стомяцца ад гэтага.
  • Лукашэнка казаў, што за новую Канстытуцыю пераконваць будуць, але асабліва ўпарта заганяць людзей на рэфэрэндум ня будуць.
  • Стабілізацыя можа зацягнуцца на гады. Прынамсі, да выбараў у парлямэнт і ў мясцовыя саветы ў 2023 годзе яе чакаць ня варта.
  • Шмат ёсьць чутак, што пазыцыя Крамля палягае ў тым, што ў Беларусі павінны прайсьці датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары і што гэта Лукашэнка абяцаў Пуціну летась у жніўні-верасьні.
  • Лукашэнка будзе гэтаму супраціўляцца.
  • Наконт статусу Ўсебеларускага народнага сходу ў канстытуцыйнай камісіі кансэнсусу няма.
  • У першай вэрсіі, якая лунала ўлетку, статус УНС быў вельмі няпэўны.
  • Потым Лукашэнка запатрабаваў надаць гэтаму органу рэальныя і вялікія паўнамоцтвы.
  • Зрабіць гэта складана, калі ты хочаш захаваць прэзыдэнцкую рэспубліку.
  • Калі паўнамоцтвы перадаюцца аднаму органу, яны забіраюцца ў іншага.

Што было раней

  • Цэнтравыбаркам Беларусі пачаў рыхтавацца да рэфэрэндуму па Канстытуцыі і запытаў у Мінфіну грошы, паведаміла Sputnik'у кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына.
  • ЦВК накіравала запыт аб выдзяленьні сродкаў у Міністэрства фінансаў Беларусі.
  • Кіраўніца ЦВК заявіла, што дату правядзеньня рэфэрэндуму Лукашэнка павінен назваць за 30 дзён да асноўнага дня галасаваньня.
  • «Неабходны мінімальны тэрмін для падрыхтоўкі і правядзеньня рэфэрэндуму, гэта 30 дзён. Калі размова ідзе аб магчымым тэрміне правядзеньня рэфэрэндуму — канец лютага, то, такім чынам, можна меркаваць, што ён будзе прызначаны ў канцы студзеня», — растлумачыла Ярмошына.
  • Плянуецца, што ў выбарчым бюлетэні на рэфэрэндуме будзе адно пытаньне і два варыянты адказу, сказала кіраўніца ЦВК.
  • «Пытаньне, хутчэй за ўсё, будзе адно. Яно будзе сфармуляванае такім чынам: “Ці ўхваляеце вы ўнясеньне зьменаў у Канстытуцыю?”. І будзе два варыянты адказу: “так” ці “не”», — сказала кіраўніца ЦВК.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG