Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ByPol: Сьледчы камітэт і Дзяржкамітэт судовых экспэртыз займаюцца падлогам дакумэнтаў, фабрыкуючы крымінальныя справы


Сымболіка ByPol

У сваім відэа арганізацыя сьцьвярджае, што СК ператварыўся ва ўстанову, у якой масава фабрыкуюцца крымінальныя справы супраць беларусаў, у першую чаргу з палітычным падтэкстам.

Ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў ByPol падзялілася вынікамі свайго расьсьледаваньня дзейнасьці Сьледчага камітэту.

Сярод сабраных доказаў ёсьць і праслуханыя размовы афіцэраў Сьледчага камітэту. Зь іх вынікае тое, што неаднаразова фальсыфікаваліся рэчавыя і дакумэнтальныя доказы ў справе. Напрыклад, пасьля аднаго з праведзеных аглядаў з кватэры ў падазраванага забралі тэлефон, аднак у дакумэнтах пазначылі, што правялі агляд тэлефона на дзень раней.

Таксама з размоваў вынікае, што ішлі загады падначаленым зьмяняць канвэрты, подпісы. У фальсыфікацыях рэчавых доказаў, паводле інфармацыі ByPol, браў удзел і Дзяржаўны камітэт судовых экспэртызаў. Таксама сілавікі зьнішчалі некаторыя працэсуальныя дакумэнты, якія, праўдападобна, маглі паставіць пад сумнеў вэрсію, выстаўленую сьледзтвам як асноўную.

Паводле ByPol, словы пракурорскіх работнікаў і супрацоўнікаў СК сьведчылі пра намер пачынаць крымінальныя справы нават за надпіс на плоце, што было прадэманстравана пры завядзеньні справы за надпіс «Лукашэнку ў аўтазак», хаця экспэрт-лінгвіст вызначыў, што ў гэтым выказваньні няма прамой абразы, а матэрыяльнай шкоды, паводле міліцыі, нанесена не было.

Што такое ініцыятыва ByPol

У ініцыятыву ByPol уваходзяць былыя і цяперашнія працаўнікі сілавых структур, нязгодныя з гвалтам, фальсыфікацыямі і масавымі рэпрэсіямі, якія ўзмацніліся ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.

Згодна са справаздачай на тэлеграм-канале ByPol, унутраныя дакумэнты сілавых структур у офіс арганізацыі паступаюць штодня. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь дзейнымі сілавікамі, якія сьвядома дапамагаюць апанэнтам рэжыму.

Як вынік, ByPol рэгулярна публікуе сакрэтныя ведамасныя ўказы і аўдыёзапісы перамоваў высокіх чыноў сілавога блёку (напрыклад, экс-старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, былога начальніка ГУБАЗіК Мікалай Карпянкова ды іншых).

Цяпер ініцыятыва аб’ядноўвае ня толькі былых, а і дзейных беларускіх сілавікоў, уключна з супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых структураў.

У красавіку 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў Telegram-канал ByPol экстрэмісцкім.

За лета арганізацыя ў супрацы зь кібэрпартызанамі апублікавала шэраг тэлефонным перамоваў сілавікоў вышэйшых зьвёнаў. Высьветлілася шмат падрабязнасьцяў пра прамыя загады зьбіваць і саджаць людзей за палітычныя погляды, выявіліся новыя выпадкі карупцыі ў сілавых органах.

8 лістапада суд вызнаў ByPol і распрацаваны ініцыятывай мабілізацыйны плян «Перамога» «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG