Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ByPol: Афіцэр ГУБАЗіК уладкаваў сваякоў у асобную палату лякарні


ByPol

У новым расьсьледаваньні ініцыятывы ByPol аб тым, што падпалкоўнік з ГУБАЗіКу злоўжыў уладай, знайшоўшы асобную палату для свайго бацькі і ягонай сужыцелькі.

Не было ніякіх юрыдычных падставаў для таго, каб пакласьці бацьку і ягоную сужыцельку ў двухмесную асобную палату з усімі выгодамі ў Берасьцейскай абласной лякарні. Але намесьнік начальніка 6-га ўпраўленьня ГУБАЗіК па Берасьцейскай вобласьці падпалкоўнік Андрэй Б. злоўжыў уладай і дамогся гэтага, гаворыцца ў расьсьледаваньні.

Сур’ёзных паказаньняў да шпіталізацыі бацькі, які захварэў на COVID-19, не было. Аднак сілавік дамогся парушэньня правілаў і тэрміновай шпіталізацыі сваякоў. Пра гэта сьведчаць дадзеныя праслухоўваньня тэлефона, а менавіта размовы Андрэя Б. з галоўным доктарам Цэнтральнай гарадзкой лякарні Берасьця Алегам В., які ва ўгоду міліцыянту груба парушыў службовыя інструкцыі і правілы шпіталізацыі ва ўмовах пандэміі.

Таксама на здабытых запісах ёсьць і размовы міліцыянта з бацькам да шпіталізацыі і пасьля.

Што такое ініцыятыва ByPol

У ініцыятыву ByPol уваходзяць былыя і цяперашнія працаўнікі сілавых структур, нязгодныя з гвалтам, фальсыфікацыямі і масавымі рэпрэсіямі, якія ўзмацніліся ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.

Згодна са справаздачай на тэлеграм-канале ByPol, унутраныя дакумэнты сілавых структур у офіс арганізацыі паступаюць штодня. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь дзейнымі сілавікамі, якія сьвядома дапамагаюць апанэнтам рэжыму.

Як вынік, ByPol рэгулярна публікуе сакрэтныя ведамасныя ўказы і аўдыёзапісы перамоваў высокіх чыноў сілавога блёку (напрыклад, экс-старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, былога начальніка ГУБАЗіК Мікалай Карпянкова ды іншых).

Цяпер ініцыятыва аб’ядноўвае ня толькі былых, а і дзейных беларускіх сілавікоў, уключна з супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых структураў.

У красавіку 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў Telegram-канал ByPol экстрэмісцкім.

За лета арганізацыя ў супрацы зь кібэрпартызанамі апублікавала шэраг тэлефонным перамоваў сілавікоў вышэйшых зьвёнаў. Высьветлілася шмат падрабязнасьцяў пра прамыя загады зьбіваць і саджаць людзей за палітычныя погляды, выявіліся новыя выпадкі карупцыі ў сілавых органах.

8 лістапада суд вызнаў ByPol і распрацаваны ініцыятывай мабілізацыйны плян «Перамога» «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG