Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Глазга праходзіць канфэрэнцыя ААН па клімаце. Байдэн выбачыўся за ранейшы выхад ЗША з парыскага пагадненьня аб клімаце


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выступае на канфэрэнцыі ў Глазга 1 лістапада 2021
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выступае на канфэрэнцыі ў Глазга 1 лістапада 2021

Лідэры больш як 100 краін абмяркоўваюць меры па стрымліваньні глябальнага пацяпленьня.

Злучаныя Штаты выканаюць сваё абяцаньне скараціць выкіды парніковых газаў на 50-52% да 2030 года ў параўнаньні з узроўнем 2005 года, заявіў у панядзелак прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, зьвяртаючыся да сусьветных лідэраў на канфэрэнцыі ў шатляндзкім Глазга. Ён таксама падкрэсьліў, што сусьветная супольнасьць павінная аказваць больш актыўную дапамогу краінам разьвіцьця, у сфэры барацьбы з кліматычнымі зьменамі.

Выступаючы на саміце, Байдэн прынёс прабачэньні за рашэньне аб выхадзе ЗША з Парыскага пагадненьня па клімаце, некалі прынятае Дональдам Трампам — папярэднікам Байдэна на пасадзе прэзыдэнта.

«Мяркую, што я не павінен прасіць прабачэньня, але я прыношу прабачэньні за той факт, што пры папярэдняй адміністрацыі ЗША выйшлі з Парыскага пагадненьня», — сказаў прэзыдэнт Злучаных Штатаў.

«Таму мая адміністрацыя працуе звышурочна, каб прадэманстраваць, што нашыя абавязацельствы ў сфэры клімату — гэта справы, а не словы», — працягваў Байдэн.

Больш за 100 сусьветных лідэраў у панядзелак сабраліся ў Глазга, дзе адкрылася двухтыднёвая канфэрэнцыя ААН па клімаце.

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан, які выступае ў якасьці прымаючага боку саміту, падкрэсьліў што трэба дзейнічаць неадкладна, дадаўшы, што чалавецтва марудзіла занадта доўга.

«Калі сёньня мы не возьмемся сурʼёзна за барацьбу са зьмяненьнем клімату, заўтра, калі прыйдзе чарга нашых дзяцей, будзе ўжо занадта позна», — заявіў брытанскі лідэр.

Напярэдадні, выступаючы на прэсавай канфэрэнцыі ў Італіі, прэзыдэнт ЗША Байдэн раскрытыкаваў Расею і Кітай за тое, што гэтыя краіны, паводле яго слоў, практычна не праявілі сябе ў рэалізацыі якіх бы то ні было абавязаньняў па барацьбе з глябальным пацяпленьнем.

«Існаваньне пудынгу даказваецца ў працэсе ежы», — прывёў амэрыканскі прэзыдэнт словы старой прыказкі.

«І гэта, — працягваў ён, — запатрабуе ад нас і ў далейшым быць засяроджанымі на тым, чаго не робіць Кітай, чаго не робіць Расея, чаго не робіць Саудаўская Аравія».

Кліматычная канфэрэнцыя праходзіць пасьля саміту «Вялікай дваццаткі» у Рыме, дзе лідэры вядучых эканомік сьвету дамовіліся працаваць над дасягненьнем вугляроднай нэўтральнасьці «прыкладна да сярэдзіны стагодзьдзя».

На краіны «Вялікай дваццаткі» прыпадае больш за тры чвэрці ад агульнага абʼёму выкідаў парніковых газаў у сьвеце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG