Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BBC: Краіны спрабуюць зьмяніць справаздачу ААН аб барацьбе са зьменай клімату


Забруджанае паветра ў Бялградзе, 13 студзеня 2021 г.
Забруджанае паветра ў Бялградзе, 13 студзеня 2021 г.

Шмат якія краіны сьвету лабіююць зьмякчэньне актуальнай справаздачы экспэртаў ААН у пытаньнях барацьбы з глябальным пацяпленьнем і зьменай клімату на Зямлі.

Пра гэта паведамляе BBC, спасылаючыся на буйны выцек дакумэнтаў, якія трапілі ў рукі журналістаў. З больш як 32 тысяч паведамленьняў, зробленых урадамі, кампаніямі і іншымі «зацікаўленымі бакамі» ў адрас Міжурадавай групы экспэртаў у зьменах клімату пры ААН, вынікае, што лабісты спрабуюць, сярод іншага, зьмякчыць фармулёўкі справаздачы наконт неабходнасьці хуткай адмовы ад выкапнёвага паліва.

Міжурадавая група экспэртаў у зьменах клімату пры ААН падрыхтавала ў сваёй пэрыядычнай справаздачы рэкамэндацыі для барацьбы са зьменай клімату, якія будуць абмяркоўвацца на кліматычным саміце ў Глазга ў Шатляндыі ў лістападзе. Аўтарытэт гэтых справаздач вынікае, сярод іншага, з факту, што практычна ўсе ўрады сьвету ўдзельнічаюць у працэсе дасягненьня кансэнсусу адносна змаганьня з глябальным пацяпленьнем.

З дакумэнтаў, якія прасачыліся з ААН і трапілі ў рукі журналістаў, вынікае, у прыватнасьці:

  • Саудаўская Арабія, Японія і Аўстралія зьяўляюцца аднымі з краін, якія просяць ААН зьмякчыць высновы наконт неабходнасьці хуткай адмовы ад выкапнёвага (вуглевадароднага) паліва і закрыцьця вугальных электрастанцый;
  • шэраг краін, буйных вытворцаў або карыстальнікаў выкапнёвага паліва выступаюць за новыя і дарагія ў цяперашні час тэхналёгіі, прызначаныя для зьбіраньня і пастаяннага захоўваньня вуглякіслага газу пад зямлёй; яны сьцьвярджаюць, што гэтыя тэхналёгіі могуць значна скараціць выкіды газаў ад спальваньня выкапнёвага паліва ў электрастанцыях і некаторых прамысловых сэктарах;
  • Саудаўская Арабія, найбуйнейшы ў сьвеце экспартэр нафты, просіць навукоўцаў ААН выдаліць іх выснову, што «намаганьні ў дэкарбанізацыі ў сэктары энэргетычных сыстэм павінны быць накіраваны на хуткі пераход да нулявых крыніц вугляроду і актыўную адмову ад выкапнёвага паліва»;
  • Бразылія і Аргентына, два з найбуйнейшых вытворцаў ялавічных прадуктаў і кармоў для жывёлы ў сьвеце, катэгарычна пярэчаць супраць доказаў у справаздачы, што скарачэньне спажываньня мяса неабходнае для скарачэньня выкідаў парніковых газаў;
  • значная колькасьць камэнтароў Швайцарыі да справаздачы накіравана на зьмяненьне частак дакладу, у якіх сьцьвярджаецца, што бяднейшым краінам спатрэбіцца падтрымка, у прыватнасьці фінансавая, з боку багатых краін для дасягненьня мэтаў скарачэньня выкідаў;
  • некаторыя краіны Ўсходняй Эўропы сьцьвярджаюць, што справаздача павінна больш пазытыўна ставіцца да ролі, якую можа адыграць ядзерная энэргетыка ў дасягненні кліматычных мэтаў ААН.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый была ўганараваная Нобэлеўскай прэміяй ў 2007 годзе за працу Міжурадавай групы экспэртаў у зьменах клімату і вырашальную ролю, якую яна адыграла ў намаганьнях па барацьбе са зьмяненьнем клімату.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG