Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тое, што потым адбылося з сынам, мне цяжка ўспамінаць». Пагаварылі з бацькам Сьцяпана Латыпава


Сьцяпан Латыпаў у судзе падчас абвяшчэньня прысуду, 16 жніўня 2021
Сьцяпан Латыпаў у судзе падчас абвяшчэньня прысуду, 16 жніўня 2021

Палітвязень Сьцяпан Латыпаў цяпер у менскім СІЗА № 1 на Валадарскага. 17 лістапада чакаецца разгляд ягонай апэляцыі на прысуд

Свабода пагутарыла зь Сяргеем Латыпавым, бацькам Сьцяпана.

Сьцяпан Латыпаў у вёсцы доіць карову. Фота з сямейнага альбома.
Сьцяпан Латыпаў у вёсцы доіць карову. Фота з сямейнага альбома.

41-гадоваму Сьцяпану Латыпаву прысудзілі 8,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 300 базавых велічынь. Яго абвінавацілі па трох крымінальных артыкулах: 342-м («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»), 363-м («Супраціўленьне супрацоўніку міліцыі») і 4 частцы 209 артыкула («Махлярства ў асабліва буйным памеры»). Падчас суду Сьцяпан Латыпаў спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам — ён уторкнуў ручку сабе ў горла. Пасьля гэтага палітвязьня праапэравалі ў адной зь менскіх бальніц.

Сьцяпана Латыпава затрымалі 15 верасьня мінулага году, калі ён разам з суседзямі выйшаў абараніць мурал з «дыджэямі перамен» у двары свайго дому. Падчас вобшуку ў ягонай кватэры знайшлі хімічныя рэчывы, якімі, як паведамлялі дзяржаўныя мэдыя, ён нібыта хацеў атруціць міліцыянтаў. Аднак на судзе абвінавачаньняў у атручэньні ня выставілі.

Сёньня Сяргей перадаў сыну перадачу ў СІЗА.

«Самаадчуваньне яго нармальнае, перапады ў настроі бываюць, але ў цэлым настрой бадзёры. На здароўе ён ня скардзіцца, зрабіў прышчэпку ад ковіду, — кажа бацька. — Спрабуе змагацца за сваё ліставаньне, бо ня ўсе лісты ён атрымлівае і ня ўсе даходзяць ад яго. Праз гэта ён канфліктуе і пару разоў трапляў у штрафны ізалятар. Але такога прэсінгу, як раней, калі яго садзілі ў „прэс-хату“, няма».

Арбарыст, прамысловы альпініст

Па прафэсіі Сьцяпан Латыпаў арбарыст. Як прамысловы альпініст праходзіў навучаньне ў Вялікай Брытаніі, мае сэртыфікат IRATA, які дазваляе выконваць работы на вышыні. Ён заснаваў фірму «Беларба», якое займалася лекаваньнем дрэваў, высяканьнем іх у цяжкадаступных месцах, а таксама барацьбой з баршчэўнікам.

Сьцяпан вучыўся ў сельгасакадэміі, а потым у Тэхналягічным унівэрсытэце.

«На трэцім курсе ён паехаў у Англію і там каля паўгода стажыраваўся праз сыстэму IRATA на прамысловага альпініста, з ухілам у працу на дрэвах. Ён быў сябрам асацыяцыі прамысловых альпіністаў, потым яны заснавалі галіну арбарыстаў СНД. Сьцяпан часта выступаў зь лекцыямі ў Расеі, браў удзел у канфэрэнцыях», — кажа Сяргей.

Сьцяпан выкарыстоўваў свой вопыт прамысловага альпініста пры фарбаваньні сіласных вежаў і іншых высотных будынкаў, пры выдаленьні лёду з адміністрацыйных будынкаў у Менску. А потым яго фірма пачала займацца выдаленьнем небясьпечных дрэваў, якія зразаліся зь верхавіны.

«Гэта даволі небясьпечная прафэсія, у яго было багата траўмаў, неаднаразова ламаў рукі і ногі», — кажа Сяргей.

Займаўся зьнішчэньнем баршчэўніка

Апошнім часам Сьцяпан Латыпаў займаўся зьнішчэньнем баршчэўніка. Ён выкарыстоўваў для гэтага ўласную мэтодыку, з дапамогай якой удавалася хутка і якасна апрацоўваць даволі вялікія плошчы.

«Для гэтага выкарыстоўваліся хімікаты, якія эфэктыўна зьнішчалі баршчэўнік. Потым яму інкрымінавалі па 209-м артыкуле махлярства, шукалі зачэпку, каб даць яму большы тэрмін».

Пасьля арышту Сьцяпана па афіцыйным тэлебачаньні расказалі, што ў яго знайшлі хімічныя рэчывы.

«Яны адразу вырашылі прыпісаць яму нібыта спробу скарыстаць супраць сілавікоў атрутныя хімічныя рэчывы. Відаць, потым правялі экспэртызу, і выявілася, што ніяк нельга было выкарыстаць дзеля атручэньня прэпараты, якія кожны можа набыць у краме, — кажа Сяргей. — Дык вось пачалі шукаць, што нібыта гэты прэпарат выкарыстоўваўся незаконна. Хоць ён афіцыйна акрэдытаваны Міністэрствам сельскай гаспадаркі. Гэта азначае, што ён не патрабуе ніякай сэртыфікацыі».

Паводле Сяргея, у Беларусі такі прэпарат прадаюць па завышаных цэнах, яго пастаўляюць з Кітаю і фасуюць тут. Калі яго купляць тут, то апрацоўваць баршчэўнік аказалася б разоў у 10 даражэй. Каб зьбіць цану, Сьцяпанава фірма набывала хімікат у Расеі.

«Усе „пацярпелыя“ намесьнікі старшынь райвыканкамаў, старшыні сельсаветаў, кіраўнікі гаспадарак, дзе ён рабіў апрацоўкі ў 2019–2020 гадах, пацьвердзілі, што працы праводзіліся ў тэрмін і ў поўным аб’ёме. Баршчэўнік быў зьнішчаны на ўсёй плошчы, як было ў дамове, і дагэтуль не расьце. Ніхто ніякіх прэтэнзій ня мае, ніякай шкоды не было. Прапаноўваўся ж не прэпарат, а паслуга. А чым апрацоўваеш, іншае пытаньне, — галоўнае, што ёсьць вынік. Але ў гэта ніхто ня ўдумваўся, хоць адвакат пра гэта казала ў спрэчках. Усё было перадвызначана».

Прадпрыемства «Беларба», заснаванае Сьцяпанам Латыпавым, цяпер дэ-факта не існуе. Сябры сплацілі ўсе падаткі і закрылі крэдыт. Засталося сабраць тэхніку, якая там выкарыстоўвалася. Суд першай інстанцыі арышт з маёмасьці зьняў.

Любоў да біялёгіі — ад бацькоў

Сьцяпан нарадзіўся ў сям’і біёлягаў. Спачатку вучыўся ў Кішынёве. Бацька скончыў сельгасакадэмію, каля 13 гадоў працаваў у малдаўскай Акадэміі навук, займаўся геннай клеткавай інжынэрыяй. Ягоная першая жонка, Сьцяпанава маці, — з Малдовы, займалася батанікай.

«Любоў да біялёгіі і веды ў сына — гэта яе заслуга. Яна ведае некалькі моў, паставіла Сьцяпану ангельскую мову», — кажа Сяргей.

Сьцяпанаў дзядуля Анвар Латыпаў — прафэсар, доктар навук, больш за 50 гадоў адпрацаваў у беларускай сельгасакадэміі, стварыў там катэдру генэтыкі, быў сябрам рады прэзыдэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. Пасьля пераезду ў Беларусь Сьцяпанаў бацька Сяргей Латыпаў працаваў на Берасьцейшчыне намесьнікам старшыні калгаса.

Сяргей Латыпаў кажа, што ў мінулым годзе перахварэў на ковід, атрымаў сур’ёзныя ўскладненьні, яму зрабілі тры апэрацыі.

«Я ляжаў у другой лякарні, мяне дактары проста выцягнулі з таго сьвету. Усе падзеі, якія адбываліся ў Менску, я чуў праз адчыненыя вокны палат. Па вуліцах хадзілі дэманстранты, але я ня мог тады нават устаць з ложка. Сьцяпан мне прыносіў перадачы, і калі мне было лепш, мы зь ім размаўлялі. Ён казаў, што людзі зьбіраюцца ў двары, п’юць гарбату, слухаюць канцэрты. Ну, я хваляваўся за яго, калі пачаліся затрыманьні. Тое, што потым адбылося з сынам, мне цяжка ўспамінаць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG