Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны ня плакалі, яны літаральна вылі». Хто таемна дапамагае ўцекачам на мяжы Беларусі і Польшчы


На польска-беларускай мяжы ў раёне Гайнаўкі, 14 кастрычніка 2021 г.
На польска-беларускай мяжы ў раёне Гайнаўкі, 14 кастрычніка 2021 г.

Міграцыйны крызіс стаў лякальным крызісам і для жыхароў прыгранічных тэрыторый. Да прыкладу, Польшча ўздоўж мяжы ўвяла надзвычайнае становішча, у яго зоне апынуўся вялікі прымежны лес — Белавеская пушча, — у якім затрымаліся сотні мігрантаў.

Туды забаронена праходзіць журналістам і мэдыкам — усім, акрамя памежнікаў і вайскоўцаў, якія шукаюць уцекачоў. У лес прабіраюцца толькі валянтэры, якія аказваюць дапамогу мігрантам, што заблукалі і зьмерзьлі.

Як гэтыя людзі падаюць сыгналы аб дапамозе і зь якімі праблемамі сутыкаюцца самі валянтэры, «Настоящему времени» расказала мясцовая актывістка з Гайнаўкі Кася Вапа.

— Мы атрымліваем выклік на наш трывожны нумар. Дастаткова таго, каб аднойчы нехта з нас дапамог уцекачам, у іх зьяўляецца надзея, і чарговыя людзі дасылаюць нам паведамленьне пра сваё месцазнаходжаньне. Адпраўляюць лякалізацыю на мапе Google.

Мы правяраем, дзе гэта, і спрабуем туды дабрацца. Бяром у машыну рэчы, якія, на наш погляд, могуць спатрэбіцца. Часам ёсьць канкрэтная інфармацыя: патрэбныя чаравікі, шкарпэткі, куртка, паўэрбанк. Бяром ежу, часам просяць нейкія лекі.

Едзем асьцярожна, сочым, каб за намі не было машын паліцыі ці памежнікаў. Гэта проста гульня ў хованкі.

Даяжджаем прыкладна да патрэбнага месца, хаваем машыну, каб яна не выклікала падазрэньняў, бяром заплечнікі і рушым у бок атрыманай лякалізацыі. Уначы мы ня можам уключаць ліхтарыкі — гэта небясьпечна. Ідзем у цемры і знаходзім чалавека.

У мяне была такая сытуацыя. Уначы каля дарогі я сустрэла сям’ю — мужчыну і жанчыну з Ірану. Ён быў палітвязьнем у сябе на радзіме. Калі я іх заўважыла, абое былі ў вартым жалю стане. Калі яны ўцякалі са сваёй краіны, жанчына была цяжарная. Ужо тут у лесе яна ўпала і страціла дзіця, у яе адкрыўся крывацёк. І не было ніякай дапамогі, яны былі павінутыя самі на сябе ў незнаёмым лесе. Мужчына ўпаў у ваду, у яго былі мокрыя ногі, закручаныя ў цэляфанавыя пакеты. Яны ня плакалі, яны літаральна вылі, прасілі аб дапамозе.

Была яшчэ сытуацыя ў суботу ў Гайнаўцы. Дзяўчаты-валянтэркі знайшлі пяцярых сырыйцаў, ва ўсіх было пераахаладжэньне, адзін зь іх быў ужо на мяжы жыцьця і сьмерці, без прытомнасьці. Ім выклікалі хуткую, мэдыкі пачалі аказваць ім дапамогу. Пачалася працэдура іх афармленьня. Іх забралі ў памежны атрад, але літаральна праз тры дні мы атрымалі паведамленьне ад гэтых хлопцаў, што яны зноў у Беларусі.

Гэтыя людзі атрымліваюць наступную інфармацыю ў сацсетках:

«Шлях просты, зойме каля 10 дзён. Калі пашанцуе — яшчэ менш. Ты павінен быць гатовы да таго, каб прайсьці празь вялікі лес, некалькі дзясяткаў кілямэтраў. Трэба будзе вытрымаць крыху ў холадзе, часам пераплысьці раку». Людзі думаюць: «Добра, вытрымаю». Але яны ня ведаюць, што такое лес з балотам. У іх краінах такога няма, яны часта з пустыняў прыбываюць.

І яны ня ведаюць, што на мяжы іх будуць выштурхоўваць адны і не пускаць іншыя памежнікі. На беларускім баку гэтых людзей часта б’юць нагамі. У шпіталі ў Гайнаўцы была дзяўчына, у якой кішка лопнула ад зьбіцьця. У панядзелак я сустрэла сырыйца, якога моцна білі па твары, у яго было разарванае брыво, апухлая шчака, сіняк. Некаторыя зь іх жадаюць вярнуцца, але зь беларускага боку ім кажуць: «Go to Poland».

Некаторыя зь іх, прабіраючыся праз дрот на мяжы, нават ня ведалі, што зь Беларусі яны ня трапяць адразу ў Нямеччыну, як гэта рэклямавалася ў сацсетках. У Польшчы іх чакае цэлае войска: паліцыя, памежнікі, вайскоўцы і войскі тэрытарыяльнай абароны з узбраеньнем і сабакамі. Яны хаваюцца ў лесе, карыстаюцца мапамі Google, таму гэтак важна для іх, каб быў паўэрбанк і тэлефон. І калі іх ловяць памежнікі, то адвозяць назад на мяжу.

Ва ўсіх уцекачоў я пытаюся, ці вярталі іх хоць аднойчы. І пакуль толькі аднаму чалавеку ўдалося пазьбегнуць так званага pushback. Адзін сірыец правёў на нэўтральнай зоне сумарна паўтара месяца.

Міграцыйны крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG