Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 28 кастрычніка: 15 сутак за «пікетаваньне бел-чырвона-белымі бранзалетамі ў кавярні»

абноўлена

Суд Савецкага раёну, Гомель

У Беларусі штодня адбываюцца разгляды і прысуды ў крымінальных справах, заведзеных на ўдзельнікаў пратэстаў супраць кіраваньня Лукашэнкі і фальсыфікацыі выбараў у 2020 годзе. На сілавікоў па-ранейшаму не заведзена ніводнай справы за пабіцьцё і катаваньні.

«Пікетаваў БЧБ-бранзалетамі ў кавярні „Культура“». Менчука затрымалі ў кавярні і арыштавалі на 15 сутак

У судзе Першамайскага раёну 28 кастрычніка разгледзелі справу 27-гадовага Арцемія Нікіценкі. Згодна з пратаколам па арт. 24.23 КаАП, Нікіценка «27 кастрычніка каля 13:35 у кавярні „Культура“ з мэтай выказваньня свайго нэгатыўнага стаўленьня да дзейнай улады правёў пікетаваньне, прадэманстраваўшы бел-чырвона-белыя бранзалеты на руках з надпісам „Жыве Беларусь“», паведамляе тэлеграм-канал праваабаронцаў «Вясна назірае».

Арцемій на судзе расказаў, што а 12-й сустрэўся зь сяброўкай на каву. На левай руцэ ў яго былі два бранзалеты, на правай — адзін, намеру пікетаваць не было, а бранзалет вылез з-пад адзеньня, калі ён выцягнуў руку. Паводле хлопца, гэта заўважыў нехта з прысутных у кавярні і выклікаў міліцыю. Прыехалі тры супрацоўнікі міліцыі ў бронекамізэльках. Хлопец адзначыў, што бранзалеты набыў яшчэ падчас перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі і быў зьдзіўлены, што міліцыянты могуць забраць чалавека толькі за бранзалеты, калі ён не выкрыкваў ніякіх лёзунгаў і ня быў на маршы.

Сьведка-міліцыянт на судзе сьцьвярджаў, што яны з калегам зайшлі ў кавярню, дзе асабіста заўважылі «пікетаваньне», і што «бранзалеты былі выстаўленыя на ўсеагульны агляд», таму яны затрымалі Арцемія, адвезьлі ў РУУС і склалі пратакол. Ён сьцьвярджаў, што затрымлівалі Нікіценку ўдваіх, а колькі людзей было ў кавярні, ня памятае.

Судзьдзя Кулік палічыла віну Арцемія даказанай і арыштавала яго на 15 сутак.

У Ляхавічах да калёніі і «хіміі» асудзілі бацьку і сына за расклейваньне ўлётак з абразай Лукашэнкі

27 кастрычніка вынесьлі прысуд Генадзю і Вячаславу Сьмірновым, якіх вінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК РБ), а Генадзя — яшчэ і ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў (ч. 2 арт. 363 КК РБ). Справу разглядала судзьдзя Тацяна Жарко, бок дзяржабвінавачаньня прадстаўляў пракурор Клімовіч. Пацярпелым па справе быў прызнаны міліцыянт-кіроўца Ляхавіцкага РАУС Аляксандар Болтуць, паведамляе «Вясна».

Паводле абвінавачваньня, Генадзь з сынам Вячаславам разьмясьцілі ўлёткі з партрэтам Лукашэнкі і тэкстам: «Адольф Григорьевич Лукашенко» і «Нам нужен труп в одежде короля, а не живой придурок у руля». Бацьку таксама абвінавачвалі ў тым, што падчас затрыманьня, ён «упіраўся, спрабаваў вырвацца, нанёс удар галавой і ўдар нагой у вобласьць галавы міліцыянту, якія прыйшліся па надзетым на ім ахоўным шаломе».

Генадзь Сьмірноў віну па абвінавачваньні ў абразе прэзыдэнта не прызнаў, а па абвінавачваньні ў супраціве супрацоўніку міліцыі — прызнаў часткова. Вячаслаў Сьмірноў сваёй віны не прызнаў.

«Я ніколі не займаўся палітыкай. Я выйшаў пасьля 9 жніўня, калі пачалося гэтае бязладзьдзе і пачалі біць людзей, таму што ў мяне дачка магла патрапіць пад гэта. Я выйшаў за будучыню сваіх дзяцей! Каб такога не было ў 21-м стагодзьдзі ў цэнтры Эўропы, каб людзі хадзілі мірна і спакойна», — сказаў Генадзь Сьмірноў на судзе.

Судзьдзя Тацяна Жарко прызначыла Генадзю Сьмірнову пакараньне ў выглядзе 2 гадоў 6 месяцаў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Вячаславу Сьмірнову — два гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Суд без удзелу падсуднага і пацярпелых

Суд Савецкага раёну Гомля 27 лістапада працягнуў разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да Юрыя Прахарэнкі, якога вінавацяць адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 391 (абраза судзьдзі або народнага засядацеля) і арт. 368 (абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь), піша «Вясна».

У справе пацярпелымі праходзяць 23 чалавекі: сілавікі, судзьдзі, пракурорскія работнікі і Лукашэнка.

Судзьдзя Аляксандар Мохараў. Абвінавачаны ў судзе не прысутнічае, сваякі кажуць, што малады чалавек у дэпрэсіўным стане, у яго заўважылі панічныя атакі і псыхасаматычныя парушэньні. Яму патрэбна неадкладнае мэдычнае абсьледаваньне і лячэньне, аднак гэтага яму не даюць. За час зьняволеньня ў СІЗА Юры схуднеў больш як на 35 кіляграмаў.

Ягоным законным прадстаўніком у судзе выступае бацька Сяргей Прахарэнка.

27 кастрычніка суд працягнуў допыт пацярпелых, хоць тыя не прыйшлі. Некаторыя зь іх даслалі заявы, каб на судзе зачыталі іх ранейшыя паказаньні.

Былі зачытаныя паказаньні Паўла Бародзькі (Менск), Сяргея Грузьневіча (Віцебск), Зьвенігародзкай (Гомель), Уладзіслава Макарэвіча (Менск), Уладзіслава Высоцкага. Аднак у некаторых пацярпелых, як высьветлілася падчас судовага паседжаньня, у справе няма ніякіх ранейшых паказаньняў і пратаколаў. Урэшце суд пастанавіў завяршыць судовае сьледзтва без удзелу астатніх пацярпелых.

Маці падсуднага Марыя Прахарэнка адмовілася сьведчыць супраць свайго сына.

Наступнае судовае пасяджэньне прызначылі на 10 гадзін раніцы 29 кастрычніка.

Журналіста «Першага рэгіёну» этапавалі ў калёнію

Журналіста з Драгічына Сяргея Гардзіевіча этапавалі ў калёнію ў Шклове. Падчас абскарджваньня прысуду ён знаходзіўся ў СІЗА ў Баранавічах.

Адрас для лістоў: Гардзіевіч Сяргей Андрэевіч, вул. 1-я Заводзкая, 8, ПК-17, г. Шклоў, Магілёўская вобласьць.

50-гадовага журналіста асудзілі на 1,5 года калёніі за «абразу Лукашэнкі». Гаворка ішла нібыта пра рэпост паведамленьня ў адной з драгічынскіх групаў у Viber, да якой меў дачыненьне Гардзіевіч.

Затрымалі адміністратара тэлеграм-каналу «Ашмяны», які МУС прызнала «экстрэмісцкім фармаваньнем»

Відэазапіс «прызнальных» паказаньняў затрыманага, імя якога не называецца, апублікаваны ў неафіцыйным тэлеграм-канале ГУБАЗіК. У відэа мужчына кажа, што яму 30 гадоў, ён інжынэр-праграміст у ІТ-кампаніі.

28 кастрычніка МУС Беларусі паведаміла, што прызнала групу грамадзян, аб’яднаных праз тэлеграм-канал «Ашмяны», экстрэмісцкім фармаваньнем і забараніла яго дзейнасьць. Усяго на сёньня ў сьпіс экстрэмісцкіх фармаваньняў уключана 8 ініцыятыў і груп, абʼяднаных з дапамогай тэлеграм-каналаў і чатаў. Паводле МУС, стваральнікі, арганізатары і ўдзельнікі груп, прызнаных «экстрэмісцкімі фармаваньнямі», будуць прыцягвацца да адказнасьці па артыкуле 361-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім») да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG