Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 27 кастрычніка. На горадзенскага блогера Vadimati завялі чарговую адміністрацыйную справу

абноўлена

Вадзім Ермашук, вядомы як Vadimati

Цяпер Вадзіма Ермашука абвінавачваюць яшчэ і ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11), паведаміў «Белсат».

Вадзіма затрымалі 16 жніўня падчас паездкі ў Шчучын, дзе ён зьбіраўся паглядзець пляцоўку для ролераў і скейтэраў. Яго асудзілі за «арганізацыю масавага мерапрыемства» і «хуліганскія дзеяньні».

Пасьля затрыманьня на яго завялі дзве крымінальныя справы — за «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў» і «абразу прэзыдэнта».

Трымаюць Ермашука ў Горадні, у камэры зь ім яшчэ 15 чалавек. Пра гэта паведаміла сяброўка блогера.

Вадзіма Ермашука затрымалі 16 жніўня ў Шчучыне, куды ён паехаў паглядзець на мясцовы скейт-парк, каб зрабіць падобны ў Горадні.

Агулам Vadimati атрымаў 60 адміністрацыйных дзён арышту паводле трох артыкулаў. Спачатку 25 — нібыта за «заклік на несанкцыянаванае спартовае мерапрыемства» (артыкул 24.23 КаАП). У канцы тэрміну дадалі 15 сутак за «абразу работнікаў ЖКГ і гарвыканкаму», калі ён тэлефанаваў на нумар 115. З 16 жніўня гарадзенец у Шчучынскім ІЧУ.

Ермашук і цяпер пад вартай, на яго завялі крымінальныя справы за «абразу Лукашэнкі» (артыкул 368, пагражае да 4 гадоў калёніі) і за «абразу дзяржаўнага сьцяга» (артыкул 370, пагражае да 3 гадоў калёніі). Падставай для завядзеньня спраў паслужылі два выказваньні блогера.

Вадзім Ермашук гандлюе адзеньнем на горадзенскім рынку. У апошнія гады дамагаўся паляпшэньня інфраструктуры ў горадзе (рамонту асфальту, стварэньня пандусаў), змагаўся з забруджваньнем вады.

Акрамя таго, наведваў многія «палітычныя» суды, расказваў пра іх у сваім Instagram. Здымаў іранічныя ролікі ў вобразе «народнага дэпутата».

Вадзіму Ермашуку 36 гадоў, паводле адукацыі ён юрыст, вядзе свой інстаграм з 45 тысячамі падпісчыкаў.

Жыхара Баранавічаў асудзілі на два гады «хіміі» за сарваны дзяржаўны сьцяг

Паводле абвінавачаньня, у ноч на 13 ліпеня Аляксандар Бакуновіч зьняў сьцяг з будынку ЖРЭУ, паламаў тронак і кінуў сьцяг на зямлю. Шкода ад паламанага тронка склала 4 рублі 70 капеек.

Бакуновіч сказаў на судзе, што быў нападпітку, а сьцяг зьняў, каб «памахаць».

Адвакатка прасіла пакараць яго мінімальным штрафам.

Але судзьдзя Мікалай Кміта 25 кастрычніка адправіў Аляксандра Бакуновіча на два гады ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, на так званую «хімію», паведаміла «Вясна».

Тры гады «хатняй хіміі» за заклікі ў Тэлеграме да блякаваньня вуліц

27 кастрычніка судзьдзя Юлія Крэпская прысудзіла тры гады «хатняй хіміі» менчуку Дзянісу Бацяну, прызнаўшы яго вінаватым паводле ч.1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), паведамляе «Вясна».

Паводле матэрыялаў сьледзтва, Дзяніс 8 верасьня 2020 году апублікаваў у тэлеграм-чаце «Менск 97%» паведамленьне, якое прывяло да перашкоды ў працы грамадзкага транспарту: «Тэрмінова, кіроўцы на Машэрава! Блякуйце рух, ня дайце сілавікам сабрацца, дапамажыце пратэстоўцам!». Таксама ён з дапамогай публікацый у экстрэмісцкіх чатах нібыта паведамляў пра перамяшчэньне сілавікоў у Менску. У судовых спрэчках пракурор заявіў, што віна Бацяна даказаная цалкам у поўным аб’ёме.

На Гомельшчыне — хваля затрыманьняў за падпіску на «экстрэмісцкія тэлеграм-каналы»

27 кастрычніка за падпіску на тэлеграм-каналы, якія беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкімі, былі затрыманыя Аляксандар Чабаткоў (Гомель), Аляксандар Тарасенка (Добруш), Ігар Гашэнін (Добруш), Максім Ванін (Добруш). Ператрусы і затрыманьні за падпіску адбываюцца на Гомельшчыне ўжо трэці дзень. У спэцапэрацыі ўдзельнічаюць супрацоўнікі ГУБАЗіК зь Менску. Агулам затрыманыя ўжо каля 35 чалавек, паведамляе «Гомельская Вясна».

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG