Міграцыйны крызіс: другі дзень запар адбываюцца беспарадкі ў літоўскіх лягерах уцекачоў

абноўлена
Лягер мігрантаў у Літве, архіўнае фота
Лягер мігрантаў у Літве, архіўнае фота

У Польшчу зь Беларусі за мінулы дзень спрабавалі нелегальна трапіць 537 чалавек, у Літву — 114.

У сераду, 27 кастрычніка, польскія памежнікі зафіксавалі 537 спробаў пераходу мяжы зь Беларусі па-за пунктамі пропуску.

У той жа дзень польскі Сэнат прыняў закон, які дазволіць хутка збудаваць агароджу на беларуска-польскай мяжы.

«Нашыя рашэньні мусяць быць хуткімі і адэкватнымі сытуацыі. Мы ўсьведамляем, што маем за нашай усходняй мяжой нестабільнага дыктатара, за якім стаіць Уладзімір Пуцін», — сказаў намесьнік міністра замежных спраў Мацей Вонсік.

Мінулай ноччу польскі памежны патруль пачуў крыкі з балаціны пры рацэ Нараўцы, што ў Белавескай пушчы.

На месца прыехалі памежнікі і жаўнеры, узьнялі дрон і знайшлі сужонцаў-мігрантаў, што захрасьлі ў балоце. Жанчына зьнясілела і не магла сама ісьці. Яе забралі ў шпіталь, а ейнага мужа — на памежную заставу ў Белавежы, паведаміла польская Памежная варта.

У Літве ўчора памежнікі разьвярнулі на мяжы 113 нерэгулярных мігрантаў. Аднаго чалавека прапусьцілі ў Літву з гуманітарных прычынаў, паведаміў Delfi.

Другі дзень запар у Літве адбываюцца беспарадкі ў лягерах уцекачоў. У аўторак узбунтаваліся мігранты ў Медніках (Medininkai), у сераду — у Падбродзьдзі (Pabradė).

Удзень у цэнтры рэгістрацыі іншаземцаў у Падбродзьдзі памежнікі сабралі мігрантаў, каб расказаць аб правілах і працэдурах атрыманьня прыстанішча ў Літве. Пачутае раззлавала мігрантаў. Яны пачалі крычаць, агрэсіўна паводзіцца, нехта біў нагой па сьцяне. На патрабаваньні супакоіцца насельнікі цэнтру не адрэагавалі, тады сілавікі пусьцілі сьлезацечны газ. Пасьля гэтага мігранты разышліся. Паводле праваахоўнікаў, дапамога пасьля выкарыстаньня газу нікому не спатрэбілася.

Нямецкая паліцыя паведаміла, што толькі ў кастрычніку «беларускім маршрутам» трапілі ў краіну 4584 мігранты, а ўсяго за год — 6995 чалавек.

Ад пачатку міграцыйнага крызісу ў жніўні літоўскія памежнікі не прапусьцілі ў краіну больш за 5 тысяч мігрантаў, звыш 4 тысяч мігрантаў зьмясьцілі ў лягеры ўцекачоў. Латвійскія памежнікі прадухілілі амаль 2 тысячы спробаў парушэньня мяжы, у цэнтры ўцекачоў зьмясьцілі больш за паўсотні чалавек.

У кастрычніку было прадухілена каля 15 тысяч спробаў пераходу мяжы па-за пунктамі пропуску ў Польшчы і больш за 1800 у Літве.

​
XS
SM
MD
LG