У Польшчу зь Беларусі за мінулы дзень спрабавалі нелегальна трапіць 313 асобаў, у Літву — 96, у Латвію — 18.
У аўторак, 26 кастрычніка, польскія памежнікі зафіксавалі 313 спробаў пераходу мяжы зь Беларусі па-за пунктамі пропуску. Аднаго мігранта затрымалі, астатніх разьвярнулі. 6 чалавек затрымалі за дапамаганьне мігрантам.
Каля 22-й гадзіны за 30 км ад беларускай мяжы польскія памежнікі спынілі мікрааўтобус, які выглядаў перагружаным. Як аказалася, у багажным адсеку ехалі 37 мігрантаў з Іраку. Яны на вачах патруля пачалі граміць аўтамабіль.
Мігранты спрабавалі зьбегчы, але памежнікі выклікалі падмацаваньне, і ўсіх затрымалі.
27-гадоваму кіроўцу-паляку пагражае да 8 гадоў турмы за арганізаваньне нелегальнай міграцыі і да трох за стварэньне небясьпекі для жыцьця людзей.
У Літве ўчора памежнікі не прапусьцілі ў краіну 96 нерэгулярных мігрантаў.
У цэнтры рэгістрацыі мігрантаў у Медніках вечарам у аўторак адбыліся беспарадкі.
Пяць мігрантак спачатку напалі на іншую мігрантку, спрабавалі адняць у яе рэчы, пагражалі і шумелі. Калі ўмяшаліся супрацоўнікі цэнтру, мігранткі паспрабавалі вырвацца за браму сэктару. Калі памежнікі і паліцыянты паспрабавалі іх суцішыць, адна з жанчын стала іх кусаць. Супраць яе ўжылі сьлезацечны газ, перадае Delfi.
У кастрычніку было ўжо каля 14 тысяч спробаў пераходу мяжы па-за пунктамі пропуску ў Польшчы і больш за 1800 у Літве.
У Латвіі 26 кастрычніка прадухілілі 18 спробаў пераходу мяжы зь Беларусі па-за пунктамі пропуску. Дваіх мігрантаў з гуманітарных прычынаў прапусьцілі ў Латвію і затрымалі. Ад пачатку міграцыйнага крызісу ў жніўні латвійскія памежнікі не прапусьцілі ў краіну 1948 парушальнікаў мяжы зь Беларусі. 52 уцекачоў затрымалі.