Літва: будаўніцтва 4-мэтровага плоту ўжо ідзе
На літоўска-беларускай мяжы зьявіліся першыя сэкцыі плоту паміж краінамі. Ён будзе вышынёй у 4 мэтры з калючым дротам наверсе, піша сайт літоўскага ўраду. Плот заменіць калючы дрот, які ў жніўні расьцягнулі літоўскія памежнікі ў гэтай паласе.
У лістападзе-сьнежні плот будуць усталёўваць на самых «папулярных» у мігрантаў месцах незаконнага перасячэньня мяжы, а скончаць усталёўваць сэгмэнты плоту першай чаргі да красавіка 2022 году.
Таксама ў Літве абвясьцілі тэндэр на другі этап будаўніцтва, на які падалі заяўкі 12 фірмаў. Агулам плот будзе працягласьцю 400 км.
Польшча: агароджа вышэйшая за літоўскую, але будаўніцтва яшчэ абмяркоўваецца
Намесьнік міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Мацей Вонсік назваў суму, якую выдаткуе польскі ўрад на плот — звыш мільярду злотых, піша gazeta.pl.
Польскі Сэнат разглядае адмысловую пастанову, якая дазволіць такое будаўніцтва на мяжы зь Беларусьсю. Вонсік гаворыць, што агароджа плянуецца вышынёй у 5,5 мэтраў, з сыстэмай назіральных вежаў, відэакамэраў і датчыкаў руху. Таксама агароджа будзе вагацца па вазе: на ўстойлівым грунце канструкцыя будзе цяжэйшай, а больш лёгкая — у багністых і вільготных раёнах.
Сэнат 27 кастрычніка мае канчаткова ўхваліць праект, і тады будаўніцтва распачнецца. Галасаваньне 14 кастрычніка ў Сэйме дало 274 галасы за будаўніцтва пры 174 супраць, 1 дэпутат устрымаўся.
Нямеччына: падтрымлівае пляны Польшчы і просіць Брусэль аб дапамозе
Як інфармуе польскае агенцтва IAR, прэм’ер-міністар фэдэральнай зямлі Саксонія выказаўся за ўмацаваньне польска-беларускай мяжы, якая таксама зьяўляецца зьнешняй мяжой Эўразьвязу. Міхаэль Крэчмер сказаў, што рэжым Лукашэнкі выклікаў новую хвалю міграцыі. Апошнім часам рэзка павялічылася колькасьць людзей, якія дабіраюцца да Одэру празь Беларусь.
«Сытуацыя на ўсходняй мяжы ЭЗ абвастраецца, таму спатрэбяцца больш моцныя агароджы і, магчыма, нават сьцены», — сказаў Міхаэль Крэчмер пасьля сустрэчы зь кіраўніком Эўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен.
Прадстаўнік партыі Хрысьціянска-дэмакратычны зьвяз заявіў, што ў ЭЗ ёсьць усе «інструмэнты і магчымасьці» абараняць свае межы. На ягоную думку, Польшча павінна атрымаць адэкватную падтрымку з боку Брусэля.
«Хацелася б, каб у ЭЗ быў моцны касьцяк і каб яго не шантажавалі менскім дыктатам», — сказаў Крэчмер, дадаўшы, што зімой варта паклапаціцца і пра дэпартацыю нелегальных мігрантаў.