Здарэньне адбылося ў вёсцы Горны Уснар, што на памежжы Беларусі і Польшчы. Мігранты, нягледзячы на прысутнасьць польскіх вайскоўцаў, пачалі дрэвам нішчыць агароджу з калючага дроту, а затым перабраліся на польскі бок.
Польскія службы зрэагавалі імгненна — яны атачылі нелегальных мігрантаў і прымусілі іх легчы на зямлю. Супраць некаторых прымянілі сьлезацечны газ, запатрабаваўшы па-ангельску: «Вяртайцеся назад!»
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі напісаў, што на відэа «шакуючыя кадры зьбіцьця ўцекачоў з Афганістану польскімі сілавікамі», але на прадстаўленым відэа насамрэч зьбіцьця не відаць.
Беластоцкі аддзел польскай Памежнай варты пацьвердзіў факт прарыву, назваўшы здарэньне «сілавым фарсаваньнем мяжы». Беластоцкая рэдакцыя «Gazety Wyborczej» паведаміла, што ёй вядомыя 17 прозьвішчаў мігрантаў, якія ўдзельнічалі ў прарыве.
Са спасылкай на Fundacja Ocalenie газэта піша пра мігрантаў, пабітых і вывезеных на аўтамабілях з памежнай паласы.