Літва ўручыла Беларусі ноту з прычыны «бесьперапынных выпадкаў парушэньня мяжы»

Мігранты, ілюстрацыйнае фота
Мігранты, ілюстрацыйнае фота

Міністэрства замежных спраў Літвы паведаміла, што 20 кастрычніка выклікала прадстаўніка амбасады Беларусі.

Супрацоўніку дыпмісіі ўручылі ноту, у якой выказаны пратэст з прычыны «бесьперапынных парушэньняў дзяржаўнай мяжы». Прычым у якасьці парушальнікаў выступаюць і самі беларускія памежнікі, адзначаецца ў дакумэнце, які цытуе сайт delfi.lt.

У прыватнасьці, згадваецца нядаўняе надзвычайнае здарэньне на заставе Варэнскага атраду Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

18 кастрычніка літоўскія памежнікі зафіксавалі, як трое людзей у форме падышлі да лініі мяжы зь беларускага боку і адзін на некалькі мэтраў зайшоў у глыбіню літоўскай тэрыторыі. Пачатае дасудовае расьсьледаваньне.

«МЗС Літвы патрабуе, каб Беларусь як мага хутчэй падала тлумачэньні з нагоды інцыдэнту і зрабіла неабходныя захады дзеля непаўтарэньня падобнага ў будучыні», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні зьнешнепалітычнага ведамства.

Падчас сустрэчы літоўскі бок асудзіў арганізацыю плыні нелегальнай міграцыі з тэрыторыі Беларусі, што прывяло да зацяжнога палітычнага крызісу.

​
XS
SM
MD
LG