Данііл Чамаданаў расказаў «Нашай Ніве», што яму забаронена вяртацца на працягу 2 гадоў. І хоць ён нарадзіўся ў Варонежы, усё жыцьцё правёў у Беларусі.
«У 2000 годзе бацькі пераехалі ў Беларусь, тады мне было 3 гады, — кажа хлопец. — І я ўспрымаў сябе беларусам. Адвучыўся ў берасьцейскім „палітэху“, працаваў майстрам будаўнічых работ і атрымліваў другую вышэйшую адукацыю, перавучваўся на праграміста. Плянаваў заставацца ў Беларусі і надалей. Думаў уладкавацца ў ІТ, заставацца ў Берасьці або перабрацца ў Менск».
Па яго словах, ад траўня 2020 году пачаў сачыць за перадвыбарнай кампаніяй. Падставай для выхаду на вуліцу стала агульная несправядлівасьць — хацеў акрэсьліць уласную пазыцыю. А ўжо 1 кастрычніка стаў падазраваным у крымінальнай справе аб карагодзе ў цэнтры Берасьця.
Спачатку Данііл Чамаданаў быў пад падпіскай, а 22 студзеня яму зьмянілі меру стрыманьня. Так ён трапіў у СІЗА Берасьця. Адміністрацыя ўстановы пэрыядычна цікавілася, ці ня хоча фігурант «пакаяцца», але той усе прапановы адхіляў.
«Мне далі год калёніі, я быў гатовы да такога прысуду. Шоку не было, хутчэй палёгка, што хоць ня больш. Злачынцам сябе не лічу. І віна ў тым, што адбылося, — на ўладзе, якая сёньня існуе ў Беларусі. Унутры ўсё трымаецца на безнадзейных людзях — вельмі ўпартых і з абмежаваным кругаглядам».
Пасьля суду маладога чалавека этапавалі ў калёнію пад Баранавічамі. Там ён працаваў там апрацоўшчыкам гумы — абцугамі выдзіраў дрот, за месяц атрымліваў каля 40 капеек.
Хлопец кажа, што перад выхадам баяўся, каб не працягнулі тэрмін па надуманых прычынах.
«На выхадзе з калёніі мяне сустрэла супрацоўніца аддзелу грамадзянства і міграцыі. Адвезьлі ў міліцыю, я падпісаў дакумэнты, і на срэбнай „джылі“ вывезьлі ў Расею. Пад шыльдай „Бранская вобласьць“ высадзілі, сфатаграфавалі і зьехалі. Я застаўся на дарозе. Злавіў машыну, даехаў да найбліжэйшай чыгуначнай станцыі, адтуль зь некалькімі перасадкамі дабраўся да сваякоў пад Варонеж», — расказаў Данііл Чамаданаў.
Раней ягоныя расейскія сваякі верылі ў стэрэатып, што ў Беларусі ўсё добра, усіх усё задавальняе. Але праз гісторыю Данііла пачалі разумець, што насамрэч усё ня так адназначна.