Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Што вы дэманструеце аўтамабілям?» Расейца дэпартавалі пасьля таго, як «галасаваў» на шашы з флікерам


Аляксандар Балакін у Менску, архіўнае фота
Аляксандар Балакін у Менску, архіўнае фота

3 верасня зь Беларусі прымусова дэпартавалі 55-гадовага Аляксандра Балакіна — грамадзяніна Расеі, які апошнія гады жыў у Беларусі. Аляксандар разам з грамадзянскай жонкай, беларускай Настай Кляцоўкай — вулічныя музыкі, выхоўваюць 11-гадовага сына Данілу.

Два гады пара жыла ў вёсцы Брускоўшчына Маладачанскага раёну. 41-гадовая Наста, юрыст па адукацыі, працавала ў мясцовай гаспадарцы, але ўвосень 2020 году звольнілася. Аформілася рамесьніцай. Аляксандар — інжынэр па адукацыі і музыкант. Пара арганізавала сямейны дуэт Fluiton і стала выступаць на вуліцах. Сваю гісторыю Наста расказала Свабодзе.

За няспраўнасьць печы нашую сям’ю паставілі на ўлік як «сацыяльна-небясьпечную»

Наста Кляцоўка
Наста Кляцоўка

«Пасьля жніўня 2020-га мы сталі сьпяваць і граць толькі беларускія песьні. Калі я звольнілася з калгаса, жыць стала страшна. Ідэоляг, зь якой я сядзела ў адным кабінэце, пастаянна „палівала“ тых, хто за перамены, казала, што нас усіх трэба саслаць у ГУЛАГ. Пасьля звальненьня нас пачалі наведваць чыноўнікі. За няспраўнасьць печы паставілі на ўлік — нібыта дзіця знаходзіцца ў сацыяльна-небясьпечным становішчы. Пры гэтым сацслужба залазіла ў мой ложак, глядзела, ці ёсць прасьціна — даходзіла да абсурду. Пастаянны ціск ад камісій. І цяпер штодня стрэс, калі адпраўляю Данілу ў школу, — а раптам ён ня вернецца, раптам забяруць у прытулак проста адтуль», — кажа Наста.

30 жніўня пара вярталася дадому зь Менску пасьля вулічнага канцэрту. Паехалі ў Менск, каб шукаць дзённік для Данілы — ён вучыцца ў беларускамоўнай школе. Але ў Маладэчне прадаюцца толькі «Дневники», а «Дзённікі» — не.

«У Сашы быў белы флікер з чырвонай рыскай»

Аляксандар Балакін, архіўнае фота
Аляксандар Балакін, архіўнае фота

«Увечары на выезьдзе з Маладэчна мы вырашылі лавіць „спын“ да вёскі. Аўтобусаў не было, ішоў дождж — таксі ў гэты час дарагія. Саша дастаў флікер, які ў яго заўсёды ў кішэні, — белы з чырвонай рыскай. І вось Саша выцягвае руку з флікерам, каб галасаваць, а ў гэты час праязджае міліцэйская машына.

Спыняецца, выскоквае дзяўчына ня ў форме, і налятае: а што гэта вы паказваеце, дэманструеце аўтамабілям, якія праязджаюць, што ў вас за флікер? Ніхто не прадставіўся, на якой падставе затрымліваюць — не сказалі. Сашу сталі браць пад рукі і весьці ў машыну, прыгразілі ўжыць сілу. Маўляў — на праверку, а раптам вы злачынца. У яго засталіся прадукты ў заплечніку, але забраць яго мне не дазволілі. Абяцалі праз тры гадзіны адпусьціць. Але ў той вечар і на раніцу Саша так і не прыехаў», — кажа Наста.

«Ніякіх правапарушэньняў, штрафаў у Сашы раней не было»

На званкі ў міліцыю інфармацыі не падавалі, казалі тэлефанаваць у суд, але там адказвалі, што ў іх Аляксандра няма. Наста тэлефанавала ў расейскае консульства — там сказалі, што нічога ня могуць зрабіць, пакуль не паступіць запыт.

«На чарговы званок у міліцыю адказалі, што Саша ў ІЧУ, а затым ператэлефанавалі з Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі і сказалі, што ідзе пытаньне аб дэпартацыі — каб прынесла рэчы. Адпусьціць яго адмовіліся. Праседзеў ён больш за 72 гадзіны. У выніку — прымусовая дэпартацыя нават без суду. На якой падставе, мне не патлумачылі. Ніякіх правапарушэньняў, штрафаў у Сашы раней не было. Пра тое, што не было суду, ён сам сказаў, калі мы разьвітваліся — пад кантролем канваіраў. Выглядаў Саша схуднелым, вочы былі напалоханыя», — перадае Наста.

Аляксандар Балакін з Данілам
Аляксандар Балакін з Данілам

«Хачу жыць на сваёй зямлі і працаваць. Але мяне пакінулі адну зь дзіцем, мне страшна»

Аляксандар Балакін, архіўнае фота
Аляксандар Балакін, архіўнае фота

Жанчыне сказалі, што Аляксандра вывезуць на расейскі КПП, адтуль ён плянуе дабірацца да свайго дома. Наста таксама плянуе пераехаць, каб узьяднацца з Аляксандрам:

«Мяне многія пыталіся: чаму не зьязджаю? Так, я магла б даўно зьехаць за мяжу, я вольна размаўляю па-польску, ведаю ангельскую. Але чаму я павінна зьязджаць — у нас свой дом, участак, я хачу жыць на сваёй зямлі і працаваць. Але на сябе працаваць не даюць, толькі на дзяржаву. А цяпер я яшчэ больш баюся за сябе, за дзіця. Ня толькі з прычыны прэсінгу. Мяне пакінулі адну зь дзіцем, а ў вёсцы хапае былых крымінальнікаў, алькаголікаў. Мне адной тут страшна», — кажа беларуска.

Ці перасек Аляксандар мяжу, яшчэ невядома — на сувязь з Настай ён пакуль ня выйшаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG