Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўнесьлі расейцаў, якія зьвяртаюцца па іміграцыйныя візы, у сьпіс «бяздомнікаў»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Да катэгорыі бяздомных людзей у Злучаных Штатах адносяць заяўнікаў на іміграцыйную візу з краін, дзе ЗША ня мае консульскіх прадстаўніцтваў, а таксама тых, у якіх палітычная сытуацыя зьяўляецца нестабільнай ці нявызначанай.

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША аднёс грамадзян Расеі, якія жадаюць атрымаць іміграцыйную візу ЗША, да катэгорыі «Homeless» (бяздомныя), паведамляе Deutsche Welle.

Да катэгорыі «бяздомных» Дзярждэпартамэнт адносіць заяўнікаў на іміграцыйную візу з краін, дзе ў ЗША «няма консульскіх прадстаўніцтваў, а таксама ў якіх палітычная сытуацыя або сытуацыя ў галіне бясьпекі зьяўляюцца настолькі нестабільнымі або нявызначанымі, што абмежаваны консульскі пэрсанал не ўпаўнаважаны апрацоўваць заявы на атрыманьне візы».

Акрамя Расеі, у адпаведны сьпіс таксама ўключылі Вэнэсуэлу, Іран, Емэн, Кубу, Лібію, Сырыю, Самалі, Эрытрэю і Паўднёвы Судан.

Як вынікае з дакумэнту Дзярждэпартамэнту, грамадзянам Расеі, якія пражываюць на тэрыторыі РФ, цяпер варта зьвяртацца па амэрыканскія іміграцыйныя візы ў консульскія прадстаўніцтвы ЗША ў Варшаве. Грамадзяне РФ, якія жывуць у іншых краінах, могуць зьвярнуцца па візу ў консульства ЗША ў краіне знаходжаньня.

З 12 траўня пасольства ЗША ў Маскве прыпыніла набор заяваў на атрыманьне неіміграцыйных візаў. Выключэньне зрабілі толькі для дыпляматычных паездак. Гэта стала адказам на тое, што ў траўні ўрад Расеі ўключыў ЗША і Чэхію ў сьпіс «недружалюбных» краінаў. Дыпляматычным місіям гэтых дзяржаў забаранілі наймаць для працы грамадзянаў Расеі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG