Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Іларыёнаў: «Паміж Лукашэнкам і Пуціным гонка — хто першы сыдзе»


Андрэй Іларыёнаў
Андрэй Іларыёнаў

Андрэй Іларыёнаў — расейскі эканаміст і палітык, былы дарадца прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў эканоміцы, які пасьля адстаўкі перайшоў у апазыцыю. Цяпер ён старшы навуковы супрацоўнік Цэнтру палітыкі бясьпекі, жыве ў ЗША. У праграме Расейскай службы Радыё Свабода «Грані часу» яе вядоўца Мумін Шакіраў і Андрэй Іларыёнаў, акрамя іншага, разважаюць аб будучыні стасункаў Расеі і Беларусі.

Пуцін і Лукашэнка: у каго якая задача

— Вы прагназуеце, што рана ці позна, у бліжэйшыя месяцы або, можа быць, год-два Лукашэнка стане губэрнатарам аднаго з расейскіх рэгіёнаў — у Беларусі, вядома? Ці ўсё ж такі Пуцін ня ставіць сабе задачу праглынуць Менск, каб Беларусь стала часткай вялікай Расеі?

— Пуцін, натуральна, ставіць сабе такую задачу, ён ставіць больш за 20 гадоў гэтую задачу. Але Лукашэнка ставіць сабе іншую задачу. Яго задача — праглынуць Расею і стаць губэрнатарам Расеі. Уласна, дзеля гэтага ён і падпісваў Саюзную дамову ў 1999 годзе: у надзеі на тое, што слабы, хворы Ельцын, які сыходзіць, вызваліць месца для яго. Таму паміж двума дыктатарамі ідзе такая гонка: хто хутчэй сыдзе, адпаведна, у каго зьявіцца магчымасьць заняць адпаведнае месца.

Пуцін чакае, калі Лукашэнка аслабее настолькі, што дазволіць трансфармаваць пазыцыю прэзыдэнта Беларусі ў нешта падобнае пазыцыі Рамзана Кадырава ў Чачэніі. Гэта значыць, Лукашэнка будзе знаходзіцца ў Менску, кіраваць гэтай тэрыторыяй, але тым ня менш у рамках так званай саюзнай дзяржавы. А Лукашэнка чакае, калі нешта адбудзецца з Пуціным; калі сыдзе Пуцін, тады ў яго, як у кіраўніка адной з складовых частак саюзнай дзяржавы, зьявяцца магчымасьці і прэтэнзіі на трон у Крамлі.

І вось у займальнай гонцы паміж двума дыктатарамі (хто першы сыдзе) праходзіць у іх час і ўзаемныя спрэчкі наконт таго, які там падатковы манэўр, якія там стаўкі, хто каго субсыдуе, колькі там «дарожных мапаў» падпісана і колькі павінна быць. Таму што ў кожнага ёсьць свой інтарэс у працягу гэтага «марлезонскага балету».

Рэальны стан эканомікі Беларусі невядомы

— Шмат гаварылі пра крах беларускай эканомікі. Але некаторыя экспэрты кажуць, што рэжым адчувае сябе цалкам ніштавата. Тым больш што Расея ўвесь час падсілкоўвае суседа грашыма. І ніякай гібелі прамысловасьці няма. Гэта праўда?

Беларусь цягам паўтара дзесяцігодзьдзя атрымлівала датацыі з Расеі ў памеры ад 10 да 15% свайго валавога ўнутранага прадукту. Цяпер аб’ёмы датацыяў зьніжаныя, яны складаюць ад 4 да 7% беларускага ВУП. Шмат гэта ці мала? З аднаго боку, гэта, здавалася б, ня вельмі шмат; з другога боку, бяз гэтага падсілкоўваньня нейкая частка эканомікі і прамысловасьці Беларусі апынулася б у стане банкруцтва. Справа ў тым, што Беларусь за апошнія 30 гадоў не існавала як эканамічна незалежная дзяржава, цалкам эканамічна незалежная, якая магла б набываць, напрыклад, энэргарэсурсы на сусьветным рынку. Таму рэальная канкурэнтаздольнасьць у цэлым гэтай эканомікі ў цяперашні час невядомая.

Заходнія санкцыі бʼюць па эканоміцы. Падзеньне жыцьця ў Беларусі вельмі істотнае за апошні год.

Расея Украіна: які далейшы сцэнар

Галоўны сцэнар Уладзімір Пуцін выказаў у сваім знакамітым артыкуле аб адзінстве двух народаў — украінцаў і рускіх. Плюс тлумачэньні, якія ён даў на наступны дзень. У перакладзе на простую, зразумелую расейскую мову гэта азначае, што палітыка паглынаньня Ўкраіны нікуды ня дзелася. Прычым, у адрозьненьне ад папярэдніх тэкстаў і выступаў Пуціна на гэтую тэму, заходнія межы гістарычнай Расеі цяпер праходзяць, з пункту гледжаньня Пуціна, не па рацэ Збруч, а па дзяржаўнай мяжы Ўкраіны. Такім чынам, калі яшчэ некалькі гадоў таму ягоныя апэтыты распаўсюджваліся на значную частку тэрыторыі Ўкраіны, але не на ўсю, не на Заходнюю Ўкраіну, то цяпер распаўсюджваюцца на ўсю тэрыторыю Ўкраіны. Гэтая мэта нікуды ня зьнікла. І па-ранейшаму Кіеў застаецца жаданай марай Уладзіміра Пуціна.

Што стрымлівае Пуціна

— Ён дзейнічае ўсімі інструмэнтамі так званых гібрыдных (ці не гібрыдных) войнаў, пачынаючы ад узброеных сіл да прапаганды, ад эканамічных сродкаў да дыпляматычных — усё што заўгодна. Але, мабыць, яго моцна адцягнулі падзеі ў Афганістане. Мы бачым, што апошнія два месяцы Пуцін займаецца амаль нон-стоп праблемамі Афганістану і Сярэдняй Азіі, яго саюзьнікаў зь Сярэдняй Азіі. Магчыма, менавіта тое, што адбылося ў Афганістане, істотна паўплывала на пляны ажыцьцяўленьня апэрацыі ў дачыненьні да Ўкраіны і Беларусі сёлета. Але гэтая задача нікуды ня дзелася, пытаньне часу.

Ці можа Захад паўплываць на гэтую гісторыю

— Захад можа, калі б ён захацеў гэта зрабіць. Захад мае вялікія магчымасьці для падтрымкі Ўкраіны — і вайсковай, і эканамічнай, і палітычнай. Прынамсі, цяперашняя адміністрацыя Злучаных Штатаў ня хоча аказваць такую дапамогу. І яшчэ: вядома, Захад можа аказаць адпаведную дапамогу ня толькі Ўкраіне, але і Беларусі. Таму што пры іншых роўных умовах Беларусь аказваецца больш слабым зьвяном у гэтай сыстэме. Украіна можа сябе абараняць і гатовая абараняць, і зьбіраецца абараняць, і Ўкраіна на ўзроўні ўраду, на ўзроўні ўладаў, на ўзроўні грамадзтва не зьбіраецца здавацца. Значна больш цяжкая сытуацыя ў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG