Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ператрус без панятых, 30 гадзін у «стакане», трое сутак у ізалятары. Апалітычны інспэктар трапіў у жорны сыстэмы за налепку, якую ня клеіў


У Віцебску на машыне 39-гадовага супрацоўніка транспартай інспэкцыі Юрыя Шылько знайшлі «пратэставую» налепку з «сэрцам, кулаком і вікторыяй» — сымбалямі перадвыбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай пры падтрымцы Марыі Калесьнікавай і Веранікі Цапкалы.

Міліцыянты

  • абвінавацілі яго ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве,
  • правялі ператрус без панятых,
  • трымалі 30 гадзін у «стакане» бязь ежы і сну
  • і агулам трое сутак за кратамі.

22 кастрычніка на працэсе ў Кастрычніцкім судзе Юры Шылько заявіў, што гэта была правакацыя, паведаміла «Віцебская Вясна».

Паводле пратаколу, Юры Шылько 30 верасьня «ўзяў удзел у масавым мерапрыемстве — пікетаваньні, без адпаведнага дазволу адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску, што выявілася ў дэманстрацыі для няпэўнага кола асобаў выявы „сэрца, кулака і двух пальцаў рукі, накіраваных угору“ на заднім бампэры аўтамабіля, які належыць яму — з мэтай публічнага выказваньня сваіх поглядаў на падзеі грамадзка-палітычнага жыцьця».

«Якая пазыцыя? Якія масавыя мерапрыемствы?»

На судзе Шылько расказаў, што падчас нясеньня службы яму патэлефанаваў супрацоўнік стаянкі і паведаміў, што на ягонай машыне пашкоджанае кола, прасіў пад’ехаць. На стаянцы яго сустрэў міліцыянт, які сказаў праехаць у Кастрычніцкі РАУС. Паводле словаў Шылько, ён нават не здагадваўся, навошта яго выклікаюць. Толькі прыехаўшы ў аддзяленьне, зразумеў, у чым справа.

«Падышоў опэрупаўнаважаны і кажа: а што гэта вы ўдзельнічаеце ў масавых мерапрыемствах, выказваеце сваю пазыцыю? Я кажу: „Якія яшчэ масавыя мерапрыемствы? У мяне яшчэ працоўны дзень. Якая пазыцыя?“ І ён падвёў мяне да задняй часткі бампэра», — расказаў інспэктар.

Але яго затрымалі, у машыне правялі ператрус. Паводле словаў абвінавачанага — без панятых, што, на ягоную думку, было грубым парушэньнем.

Потым 30 гадзін Шылько правёў у міліцэйскім «стакане» — бязь ежы і сну. А пасьля гэтага быў дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Адвакат запытаўся ў супрацоўніка Кастрычніцкага РАУС Віталя Праліча, які прысутнічаў на працэсе, навошта трэба было затрымліваць чалавека, які быў на службе і ў форменнай вопратцы.

«Санкцыя артыкулу прадугледжвае адміністрацыйны арышт, таму ўсе асобы па гэтым артыкуле затрымліваюцца на 72 гадзіны», — патлумачыў Праліч.

Адпомсьцілі ці падставілі?

Юры Шылько заявіў на судзе, што налепка была, хутчэй за ўсё, прыклееная напярэдадні затрыманьня ўначы на паркоўцы каля гандлёвага цэнтру Green, дзе ён звычайна пакідае машыну. І выказаў здагадку, што гэта мог зрабіць хто-небудзь з дальнабойнікаў, якіх ён часта штрафуе на вялікія сумы. Альбо — іншы супрацоўнік транспартнай інспэкцыі, прозьвішча якога назваць адмовіўся. Сам жа ён ніколі такога рабіць ня стаў бы, бо «далёкі ад палітыкі».

На працэсе выступілі 5 сьведак — бацькі Шылько і трое супрацоўнікаў транспартнай інспэкцыі. Усе яны сказалі, што Юры ніколі не выказваў ніякіх палітычных поглядаў і ня мог учыніць такога правапарушэньня.

«Адзін з найлепшых па выпісваньні штрафаў»

«Ніводнага разу ня чуў, каб хто-небудзь з супрацоўнікаў абураўся і быў незадаволены палітыкай дзяржавы. Калі б так было, то я б, натуральна, зрабіў адпаведныя захады», — сказаў на судзе начальнік упраўленьня кантролю аўтамабільнага транспарту Сяргей Глушчук.

Ён дадаў, што Шылько — адзін з найлепшых па выпісваньні штрафаў.

«Ён штомесяц недзе каля трох-чатырох тысяч прыносіць у даход дзяржаве. Я яго стаўлю ў прыклад іншым супрацоўнікам. Калі б усе так працавалі, то мы б перавыконвалі плян па ўсіх паказьніках», — казаў начальнік.

Яшчэ адзін супрацоўнік інспэкцыі падтрымаў вэрсію Шылько аб тым, што налепку яму мог наклеіць калега па працы. Паводле яго слоў, атмасфэра ў калектыве ня вельмі добрая: шмат зайздросьнікаў, канфліктныя сытуацыі, маюць месца розныя «ананімкі». Між тым, абвінавачанага якраз зьбіраюцца павысіць.

Бацька Шылько расказаў, што хадзіў у «Green», дзе на паркоўцы стаяў аўтамабіль сына, і папрасіў паказаць запісы з відэакамэр. Паводле яго, на запісах відаць, што, калі Юрый заяжджаў увечары на паркоўку, налепкі на машыне не было, а ўжо раніцай на бампэры «праглядалася нейкая пляма». Што здарылася ўначы, устанавіць немагчыма, бо на ноч там адключаюць сьвятло.

У выніку судзьдзя Ўладзімер Царыкаў прыйшоў да высновы, што ў ёй няма якіх-небудзь доказаў таго, што менавіта Шылько наляпіў гэтую налепку. І пастанавіў справу спыніць праз адсутнасьць доказаў віны інспэктара.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG