Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьліжэўскі, Чамаданава, Наскевіч. Каму з топ-чыноўнікаў адданасьць Лукашэнку не дапамагла захаваць пасаду


Поўная адпаведнасьць афіцыйнай ідэалёгіі не заўсёды гарантуе захаваньне пасады. Свабода згадвае некалькі такіх выпадкаў.

Былы міністар юстыцыі Алег Сьліжэўскі

Алег Сьліжэўскі прапрацаваў у Міністэрстве юстыцыі амаль 20 гадоў. На службу туды ён уладкаваўся яшчэ ў 2002-м і стаў намесьнікам кіраўніка аддзелу грамадзкіх аб’яднаньняў. Неўзабаве ўзначаліў аддзел, адказваў у тым ліку за рэгістрацыю палітычных партый.

Рэгулярна ўваходзіў у санкцыйныя сьпісы ЭЗ: у 2006 і 2010 гадах за парушэньні падчас выбарчых кампаній, у 2012-м ужо як міністар юстыцыі і сябра ЦВК, за парушэньне міжнародных выбарчых стандартаў.

Алег Сьліжэўскі
Алег Сьліжэўскі

За ўвесь час працы Алега Сьліжэўскага на пасадзе міністра юстыцыі ў Беларусі не зарэгістравалі ніводнай новай палітычнай партыі.

«Асноўная праблема, наколькі я памятаю, гэта неабходнасьць сабраць мінімальную колькасьць заснавальнікаў партыі, — тлумачыў Сьліжэўскі. — Неабходная мінімальная колькасьць — 1000 заснавальнікаў. Напэўна, не памылюся, што ва ўсіх выпадках пытаньні ўзьнікалі да колькасьці і складу заснавальнікаў. Пастаянна ў гэтых сьпісах былі мёртвыя душы альбо рэальныя грамадзяне, якія паняцьця ня мелі, што зьяўляюцца заснавальнікамі гэтай партыі».

Трапіў Алег Сіліжэўскі у «чорныя сьпісы» і пасьля падзей лета 2020 году. Першай яго туды за ўдзел у ЦВК унесла Латвія.

Пад кіраўніцтвам Сьліжэўскага Міністэрства юстыцыі за апошні год адзначылася шэрагам прыкметных захадаў. На восень 2020 году прыйшлася хваля пазбаўленьня ліцэнзій адвакатаў, якія абаранялі палітвязьняў альбо проста былі больш актыўнымі ў абароне правоў грамадзян. Увесну 2021 году ў правілы працы адвакатаў унесьлі зьмены, якія фактычна забаранялі індывідуальную дзейнасьць, затое адкрывалі дарогу ў прафэсію былым міліцыянтам і сьледчым.

У 2021 годзе пры Сьліжэўскім Міністэрства юстыцыі пачало масава закрываць грамадзкія арганізацыі. На сёньняшні дзень у сьпісе ліквідаваных ужо больш за 270 НДА. Фармальна арганізацыі закрываюцца рашэньнем судоў розных інстанцый, аднак працэс звычайна ініцыюецца Міністэрствам юстыцыі, якое пачынае патрабаваць у НДА дакумэнты на праверку.

Нягледзячы на ўсё гэта, 18 кастрычніка Алега Сьліжэўскага адправілі ў адстаўку. Яго месца заняў намесьнік міністра ўнутраных справаў Сяргей Хаменка.

Сяргей Хаменка на прыёме ў Аляксандра Лукашэнкі 18 кастрычніка
Сяргей Хаменка на прыёме ў Аляксандра Лукашэнкі 18 кастрычніка

«Добрыя, моцныя юрысты ў Мін’юсце ёсьць, — пракамэнтаваў Лукашэнка кадравую перастаноўку. — Там у найбліжэйшы час патрэбны будуць вельмі моцныя арганізатары, кіраўнікі, таму што прыйдзецца вырашаць вельмі шмат арганізацыйных пытаньняў. У нас пройдзе шэраг мерапрыемстваў, перш за ўсё арганізацыйнага характару, па лініі Мін’юсту. Ня стану ўтойваць: там патрэбны вельмі адданыя людзі, дысцыплінаваныя, нацэленыя на вырашэньне пытаньняў. Там нельга сёньня лічыць да 20, 10 або нават да трох. Там трэба прымаць рашэньні або рэалізоўваць прынятыя рашэньні. Людзі гэта ўбачаць неўзабаве».

Бяз працы Алег Сьліжэўскі быў усяго адзін дзень. 19 кастрычніка Лукашэнка даў дазвол аб прызначэньні былога міністра на працу ў МЗС. Чым дакладна ён там зоймецца, пакуль невядома. Аднак у кар’ернай лесьвіцы гэта адназначна выглядае як паніжэньне.

Былая прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава

Вольга Чамаданава
Вольга Чамаданава

Вольга Чамаданава ўзначаліла прэс-службу МУС у канцы 2018 году. Раней яна таксама працавала ў сілавых структурах, кіравала інспэкцыяй у справах непаўналетніх УУС Менскага райвыканкаму. Першапачаткова Чамаданава дэманстравала адкрытасьць у працы нават зь недзяржаўнымі СМІ, аднак усе зьмянілася з пачаткам актыўнай выбарчай кампаніі летам 2020 году.

Яшчэ да пачатку выбараў МУС пачало актыўна разьвіваць свой тэлеграм-канал, за абнаўленьне якога адказвала асабіста прэс-сакратарка ведамства. У жніўні 2020 году там пачалі зьяўляцца паведамленьні, якія пазьней нярэдка зьняпраўджвалі самі сілавікі.

«10 жніўня прыблізна ў 23:00, у ходзе масавых беспарадкаў у Менску на вуліцы Прытыцкага натоўп будаваў барыкады для блякаваньня руху, — такім чынам у афіцыйным тэлеграм-канале МУС апісваліся абставіны сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага. — У ходзе супрацьстаяньня са спэцназам, які прыбыў для дэблякаваньня плошчы, адзін з пратэстоўцаў спрабаваў кінуць нявызначаную выбуховую прыладу ў бок праваахоўнікаў. Яна выбухнула ў руцэ, мужчына атрымаў траўмы, не сумяшчальныя з жыцьцём».

Празь некалькі дзён стала вядома, што гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці. У інтэрнэце нават было апублікаванае відэа з момантам забойства ўдзельніка пратэстаў, які стаяў перад сілавікамі з пустымі рукамі, узьнятымі ўгару.

«У Берасьці на супрацоўнікаў міліцыі напала група агрэсіўна настроеных грамадзян з арматурай у руках, — паведамляла МУС пра абставіны сьмерці берасьцейца Генадзя Шутава. — Папераджальныя стрэлы ўгору іх не спынілі. Для абароны жыцьця і здароўя супрацоўнікаў зброя была ўжытая на паражэньне. Адзін з тых, хто нападаў, паранены».

Паранены Генадзь Шутаў памёр у менскім вайсковым шпіталі празь некалькі дзён пасьля здарэньня. У лютым 2021 году падчас судовага працэсу сталі вядомыя падрабязнасьці яго сьмерці. Як аказалася, стралялі ў Шутава не міліцыянты, а вайскоўцы. У момант канфлікту зь імі ў Шутава ў руках не было ніякіх прадметаў, ён не нападаў на сілавікоў, а наадварот, спрабаваў уцячы. Спэцназавец, які забіў Шутава, на судовым працэсе прызнаўся, што хацеў толькі параніць яго, але прамахнуўся і пацэліў у патыліцу.

Сама Вольга Чамаданава пры гэтым часта называла паведамленьні ў недзяржаўных СМІ фэйкамі.

«Мы не камэнтавалі і ня будзем камэнтаваць фэйкі, — рэагавала яна на публікацыю запісаў размоваў на нарадах сілавікоў восеньню 2020 году. — Задачамі МУС зьяўляецца ахова грамадзкага парадку, гарантаваньне бясьпекі і барацьба са злачыннасьцю. У сваёй дзейнасьці мы кіруемся законам».

Звольнілі Вольгу Чамаданаву загадам міністра Кубракова 4 кастрычніка 2021 году. Пра адстаўку яна напісала сама ў афіцыйным тэлеграм-канале МУС, які пасьля гэтага зьмяніў назву і фота профілю.

Цяпер ужо былая прэс-сакратарка працуе ў Менгарвыканкаме, дзе ўзначальвае ўпраўленьне ідэалёгіі і працы з моладзьдзю. Ёй дазволілі захаваць права на нашэньне міліцэйскай формы (Чамаданава мае званьне палкоўніка. — РС). Аднак пасьля зьмены нумара мабільнага тэлефона ў мэсэнджарах яна зьмяніла фота ў мундзіры на фота ў сукенцы.

Аб прычынах звальненьня Чамаданавай з МУС афіцыйна нічога не паведамлялася. Тэлеграм-канал ведамства працягвае абнаўляцца, аднак пасада кіраўніка міліцэйскай прэс-службы пакуль застаецца свабоднай.

Былы старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч

Іван Наскевіч віншуе выпускнікоў Акадэміі МУС у чэрвені 2019 году
Іван Наскевіч віншуе выпускнікоў Акадэміі МУС у чэрвені 2019 году

Іван Наскевіч узначальваў Сьледчы камітэт Беларусі больш за пяць гадоў — палову часу яго існаваньня. Да СК Наскевіч 12 гадоў працаваў у пракуратуры Брэсцкай вобласьці, якую ў выніку ўзначаліў. Яго служба ў Цэнтральным апараце СК прыпала на так званы пэрыяд лібэралізацыі, які распачаўся пасьля выбараў 2015 году.

Увосень 2020 году Іван Наскевіч, як і іншыя кіраўнікі шэрагу сілавых ведамстваў, трапіў у «чорныя сьпісы» Эўразьвязу. Аднак яго датычнасьць да перасьледу палітычных праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі пачалася яшчэ да выбараў.

«Колькі чалавек у канчатковым выніку будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці, я пакуль не скажу. Магчыма, іх будзе больш, магчыма, менш, — камэнтаваў Іван Наскевіч затрыманьне Сяргея Ціханоўскага і шэрагу яго паплечнікаў у чэрвені 2020 году. — Расьсьледаваньне паказвае, што ў ініцыятыўнай групе, фігуранты якой у тым ліку прыцягваюцца да крымінальнай адказнасьці, было каля паўсотні судзімых асобаў, больш за дзясятак — неаднаразова. Практычна ўсе зь іх і ёсьць фігурантамі крымінальнай справы».

Ужо ў сакавіку 2021 году менавіта Наскевіч паведаміў, што расьсьледаваньне справы ў дачыненьні Сяргея Ціханоўскага, Міколы Статкевіча, Ігара Лосіка і іншых практычна завершанае.

«Крымінальная справа, заведзеная ў дачыненьні да грамадзяніна Ціханоўскага і яго саўдзельнікаў, — адна з найбольш аб’ёмных спраў, якія цяпер знаходзяцца ў вядзеньні галоўнага сьледчага ўпраўленьня цэнтральнага апарату СК, — гаварыў Наскевіч. — Намі сфармаваны абʼём абвінавачаньняў Ціханоўскаму і яго саўдзельнікам... Думаю, што неўзабаве мы выставім яму ўжо канчатковае абвінавачаньне».

Роўна праз тыдзень пасьля гэтай заявы, 11 сакавіка 2021 году, Лукашэнка адправіў Івана Наскевіча ў адстаўку. Прычынаў гэтага афіцыйна не называлі, СК узначаліў былы намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Дзьмітры Гара.

Дзьмітры Гара
Дзьмітры Гара

Існуе некалькі магчымых вэрсій адстаўкі Івана Наскевіча. Паводле адной зь іх, кіраўнік СК пазбавіўся сваёй пасады праз тое, што вялікая колькасьць супрацоўнікаў структуры паставіла свае подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў на выбарах 2020 году, у тым ліку тыя сьледчыя, якія працуюць у Цэнтральным апараце. Другую вэрсію агучыў адвакат Андрэй Мачалаў, які абараняў інтарэсы пацярпелых ад катаваньняў на Акрэсьціна. Паводле яе, на пачатку сакавіка 2021 году адбылася чарговая нарада з удзелам кіраўнікоў сілавых ведамстваў і Аляксандра Лукашэнкі, на якой Іван Наскевіч агучыў магчымасьць завядзеньня крымінальных спраў на супрацоўнікаў міліцыі, якія ўжывалі гвалт супраць мірных пратэстоўцаў. Гэтая прапанова была раскрытыкаваная, а сам Наскевіч неўзабаве пазбавіўся пасады.

Чым цяпер займаецца 51-гадовы Іван Наскевіч і ці мае ён новае месца працы, невядома.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG