Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Міхалевіч пра палітычна матываваныя экстрадыцыі і Лукашэнку-галяграму


Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч

Адвакат і колішні кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Алесь Міхалевіч расказаў Радыё Свабода, што варта рабіць тым беларусам, якія пакінулі краіну, але адчуваюць рызыку, што можа прыйсьці запыт на іх экстрадыцыю. Ён таксама патлумачыў, чаму задаволены тым, што беларусы цяпер бачаць неэфэктыўнасьць і несправядлівасьць судовай сыстэмы.

Хто такі Міхалевіч?

Алесь Міхалевіч — адвакат, які спэцыялізуецца на абароне ад міжнароднага перасьледу людзей з краінаў з аўтарытарнымі рэжымамі. У 2010 годзе ён быў кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

Пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў у Менску тады прайшла шматтысячная акцыя пратэсту. Яе разагналі, а Міхалевіча разам зь іншымі абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і арыштавалі. Пэўны час ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ. Пасьля вызваленьня ён заявіў пра катаваньні і пра тое, што пад ціскам падпісаў дамову аб супрацоўніцтве з КДБ. Неўзабаве ён эміграваў у Чэхію, дзе атрымаў палітычнае прыстанішча.

У верасьні 2015 году Міхалевіч вярнуўся ў Беларусь. Крымінальную справу супраць Міхалевіча прыпынілі, але не закрылі. Міхалевіч браў удзел у акцыях салідарнасьці ў жніўні 2020 году. Нядаўна ён зноў выехаў зь Беларусі. «Цяперашні свой ад’езд я разглядаю як службовую выправу», — кажа ён.

Прапануем вашай увазе тэзісы з інтэрвію.

«Раю спыніць альбо рэзка абмежаваць падарожжы»

  • Імавернасьць, што некага з праціўнікаў рэжыму выдадуць у Беларусь з краіны Эўразьвязу, вельмі малая. Але краіны Эўразьвязу — прававыя дзяржавы, якія дзейнічаюць у адпаведнасьці з працэдурамі. І большасьць краінаў будзе такіх людзей затрымліваць — яны будуць знаходзіцца ў экстрадыцыйным ці сьледчым ізалятары і чакаць судовага рашэньня аб экстрадыцыі.
  • Затрыманы ў Вугоршчыне Валянцін Уласік будзе яшчэ нейкі час у зьняволеньні — так працуюць працэдуры. Але, безумоўна, сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі прымуць да ўвагі. Я практычна ўпэўнены, што будзе адмоўнае рашэньне аб экстрадыцыі, якім бы ні быў артыкул.
  • Нямеччына нават не пачынае экстрадыцыйнай працэдуры праз суд, калі чалавека затрымліваюць на просьбу Беларусі. Адмаўляюць на ўзроўні пракуратуры, бо ў апошніх справах аб экстрадыцыі ў Беларусь, якія разглядаліся судамі фэдэратыўных земляў, былі адмовы на падставе аргумэнтаў, зьвязаных з правамі чалавека.
  • Тым, хто адчувае рызыку, што можа прыйсьці запыт на экстрадыцыю, я раю спыніць альбо рэзка абмежаваць падарожжы. І тым больш не выяжджаць за тэрыторыю Шэнгенскай зоны — туды, дзе ёсьць пашпартны кантроль. Калі вы грамадзкі ці палітычны дзеяч, варта кансультавацца наконт паездак.

«Зьвяртацца ў Інтэрпол з прэвэнтыўным запытам»

  • Калі вы ў групе рызыкі, але не публічная асоба, а чалавек, які недзе ціха дапамагаў, дзейнічаў, дык праблемаў нашмат больш. Я б раіў такім людзям зьвяртацца ў Інтэрпол — магчыма, праз нашае бюро — з так званым прэвэнтыўным запытам. Гэта значыць, калі беларускія ўлады пададуць свой запыт, дык не дадавайце чалавека адразу ў «чырвоны сьпіс», а дачакайцеся абскарджаньня і паглядзіце, ці адпавядае гэта правілам Інтэрполу.
  • Разуменьне беларускай сытуацыі ў розных краінах істотна адрозьніваецца. Калі ў Польшчы беларус мае гуманітарную візу альбо від на жыхарства, ніхто ня будзе выбіраць для яго меру стрыманьня ў выглядзе турмы. Яго, хутчэй за ўсё, адпусьцяць на час разгляду экстрадыцыйнага запыту. У іншых краінах — у той жа Ўкраіне — большая імавернасьць, што судзьдзя вырашыць, што яму трэба сядзець.

«Я пабачыў, што мной зноў цікавяцца»

  • Апошні раз я быў у Беларусі зусім нядаўна, у жніўні. Цяперашні свой адʼезд я разглядаю як службовую выправу. Паглядзім, наколькі яна зацягнецца. У Беларусі магчыма што заўгодна.
  • Калі я вяртаўся ў Беларусь у 2015 годзе, для мяне быў вельмі добры маркер — ці выпусьцяць з турмы Алеся Бяляцкага і Мікалая Статкевіча. Як толькі іх выпусьцілі, я адразу пачаў рыхтавацца да вяртаньня.
Алесь Міхалевіч пасьля вяртаньня ў Беларусь у верасьні 2015 году
Алесь Міхалевіч пасьля вяртаньня ў Беларусь у верасьні 2015 году
  • Цяпер маркерам для адʼезду для мяне былі ператрусы, прыходы ў маю кватэру па месцы рэгістрацыі. Я пабачыў, што мной зноў цікавяцца і могуць затрымаць. А ў Беларусі затрыманьне вельмі лёгка ператварыць у крымінальнае абвінавачаньне і пакінуць чалавека за кратамі надоўга.
  • Незакрытая крымінальная справа з 2010 году мяне ня надта хвалявала. Ніхто ўжо дакладна ня ведае, калькі цяпер у Беларусі «палітычных» крымінальных справаў. Паводле апошніх дадзеных, якія я бачыў, іх было недзе 800. І ў кожную заўсёды можна дапісаць яшчэ аднаго чалавека. Таму, нават калі ў цябе няма крымінальнай справы, ты яе можаш атрымаць вельмі хутка.

«Лукашэнка зьяўляецца ў нейкім сэнсе галяграмай»

  • Я дапамагаў зьбіраць подпісы Юрыю Губарэвічу, але ён ня здолеў прайсьці сіта на рэгістрацыю. А галасаваў я за Ціханоўскую, і мне было прыемна, што сытуацыя такая чорна-белая — што мы на баку дабра, і гэта настолькі відавочна.
  • На момант выбараў Лукашэнка кіраваў ужо 26 гадоў, а ў сілавікоў стандартны тэрмін выслугі — 25 гадоў. Гэта значыць, што практычна ўсе прыходзілі ў сілавыя структуры, прымалі прысягу ўжо пры ягоным кіраваньні. Для таго, каб разварушыць такую сыстэму, спатрэбіцца нашмат больш часу і высілкаў, чым у тых краінах, дзе ўлада мяняецца дастаткова рэгулярна.
  • Я ўсё адно разглядаю 2020 год як ключавы і вырашальны. Я ўпэўнены, што лёс дзейнага прэзыдэнта быў вырашаны. Ён зьяўляецца ў нейкім сэнсе галяграмай, і пытаньне ў тым, калі гэтую галяграму выключаць.​

«Ключык да хуткіх зьменаў знаходзіцца па баку Масквы»

  • Рашэньні прымае адзін чалавек, таму рабіць нейкія прагнозы вельмі цяжка. Залезьці ў псыхіку аднаго чалавека нашмат цяжэй, чым прагназаваць нейкія працэсы, калі ёсьць групавое прыняцьце рашэньняў, калі працуюць інтарэсы. Але 2020 год паказаў, што падтрымкі ў гэтай улады няма. Гэта бачаць усе, у тым ліку Расея.
  • На сёньня фармальны ключык да хуткіх зьменаў знаходзіцца на баку Масквы. Пытаньне, наколькі Масква захоча гэтыя зьмены прысьпешыць. Але любая ўлада хоча бачыць партнэра, які зьяўляецца дамоваздольным і прадказальным. А сёньняшняя ўлада ў Беларусі недамоваздольная і непрадказальная для ўсіх, у тым ліку для Расеі.

«У новай улады будзе карт-блянш на вельмі сурʼёзныя зьмены»

  • У нейкім сэнсе я задаволены, што фактычна ўсе грамадзяне бачаць неэфэктыўнасьць і несправядлівасьць цяперашняй судовай сыстэмы ў Беларусі. У новай улады будзе карт-блянш на вельмі сурʼёзныя зьмены.
  • Незалежнасьць судовай улады — гэта тое, на чым будуецца любая нармальная сыстэма. Цяпер ёсьць вельмі цікавыя распрацоўкі розных беларускіх групаў, якія прапануюць розныя варыянты зьменаў у судовай сыстэме. Самае галоўнае, каб судзьдзі былі незалежнымі ад выканаўчай улады і прызначаліся на максымальна доўгі час.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG