Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пакуль ёсьць стабільны заробак, будуць трываць». Што адбываецца ў былых шахтароў «Беларуськалію», якія летась пайшлі ў страйк


Страйк рабочых «Беларуськалія» 17 жніўня 2020 году
Страйк рабочых «Беларуськалія» 17 жніўня 2020 году

Год таму каля ста працаўнікоў «Беларуськалію» былі ў страйку з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі, правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў і вызваленьня палітвязьняў. Да канца 2020 году, праз далучэньне працаўнікоў іншых прадпрыемстваў гораду, колькасьць страйкоўцаў павялічылася да 130 чалавек.

Але ўдзельнікі страйку сутыкнуліся з жорсткім процідзеяньнем: іх усіх пазвальнялі за прагулы, а найбольш актыўных па шмат разоў каралі суткамі альбо штрафамі. У выніку тэма страйку на «Беларуськаліі» паступова сышла з парадку дня. А што цяпер з былымі страйкоўцамі?

«У горадзе цішыня, як у шахтах»

«Страйку няма, гэта дакладна. У горадзе ў сэнсе палітычнай актыўнасьці цішыня, і ў шахтах тое самае, таму як можа быць іначай? А што адбываецца ў страйкаме, хто там застаўся, мне невядома. Я ўжо на пэнсіі», — сказаў Сяргей Чаркасаў, былы актывіст Незалежнага прафсаюзу гарнякоў, якога ў першыя дня страйку ў жніўні 2020 году працаўнікі «Беларуськалію» абіралі сустаршынём страйкавага камітэту, а потым пераабралі. Што вядома Сяргею пра лёсы сяброў страйкаму?

Сяргей Чаркасаў у офісе незалежнага прафсаюзу гарнякоў, 2012 год
Сяргей Чаркасаў у офісе незалежнага прафсаюзу гарнякоў, 2012 год

Паводле Сяргея Чаркасава, некаторыя сябры страйкаму «Беларуськалію» ў выніку рэпрэсій мусілі зьехаць за мяжу, нехта спыніў актыўнасьць. Падзейнічала і сытуацыя з COVID-19. Сяргей прывёў у прыклад сустаршыню страйкаму Анатоля Бокуна, які сёлета паступова адышоў ад справаў страйкаму.

«Анатоля некалькі разоў саджалі на суткі, прайшоў праз самыя розныя пакуты, могуць завесьці нават крымінальную справу. А ў самога бацькі захварэлі на ковід, і чалавек разумее, што калі пасадзяць яшчэ раз, дык бацькі застануцца бяз догляду. І гэтак шмат з кім», — кажа Сяргей Чаркасаў.

У верасьні мінулага году Сяргей Чаркасаў браў удзел у працэсе аб прызнаньні страйку на «Беларуськаліі» незаконным. Працэс праходзіў у Менскім абласным судзе. З паказаньняў сьведак-шахтароў вынікала, што ў першых мітынгах пратэсту на «Беларуськаліі» бралі ўдзел працаўнікі розных руднікоў, агулам каля тысячы чалавек. Але прадстаўнікі адміністрацыі руднікоў, якія выступалі на працэсе, з гэтымі лічбамі не пагаджаліся. Паводле іх паказаньняў, пратэстоўцаў было значна менш — усяго да 2–3 соцень.

Сяргей Чаркасаў згадваў, як шахтары спынілі працу і запатрабавалі адстаўкі Лукашэнкі ды правядзеньня новых выбараў. У звароце да кіраўніцтва «Беларуськалію», які падпісалі каля тысячы працаўнікоў, да сьпісу палітычных патрабаваньняў дадалі эканамічныя, а таксама патрабавалі спыніць гвалт і вызваліць палітычных вязьняў.

Шахтары выказаліся за агульны страйк, але рэальна далучылася да страйку значна менш людзей, чым падпісалася пад зваротам, прызнавалі потым тыя, хто першымі пайшлі ў страйк. Што цяпер з шараговымі ўдзельнікамі страйку? Колькі зь іх зьехалі за мяжу, колькі ўладкаваліся ў іншыя месцы ці вярнуліся на «Беларуськалій»?

«Такіх падлікаў нават прыблізна ня вёў, бо няма дакладных зьвестак. Мяркую, што большасьць тут і нікуды не ўладкаваліся, бо гэта таксама праблема. Дакладна ведаю толькі пра аднаго, які вярнуўся на руднік», — адказаў Сяргей Чаркасаў.

Ніводнае з патрабаваньняў першых пратэставых мітынгаў на «Беларускаліі» так і не было выканана. Ці рэальна, што страйк можа аднавіцца?

Сяргей Чаркасаў мяркуе, што для гэтага патрэбны ня толькі палітычныя, але і эканамічныя прычыны, а яны пакуль «яўна не сасьпелі».

«Людзі працуюць, атрымліваюць заробкі. У іх дзеці, сем’і, бацькі — усё складана. Пакуль ёсьць заробак, будуць трываць», — мяркуе былы сустаршыня страйкаму «Беларуськалію» Сяргей Чаркасаў.

Пагаварыць зь яшчэ адным сустаршынём страйкаму, Анатолем Бокунам, не ўдалося. Анатоль сказаў, што камэнтаваць і расказваць ён нічога ня будзе. На «Беларуськалій» Анатоль Бокун дагэтуль не вярнуўся.

«Што будзе пасьля сьнежня, ніхто ня ведае»

Пасьля стварэньня ў жніўні 2020 году страйкаму «Беларуськалію» абавязкі ягонага прэсавага сакратара выконваў Глеб Сандрас, былы апэратар запраўкі аўтатэхнікі, якая працуе ў шахтах. Але ўжо ў верасьні малады мужчына мусіў зьехаць з краіны і цяпер жыве і працуе ў Вільні. Паводле Глеба Сандраса, ён працягвае кантактаваць з былымі калегамі і можа ўявіць іхныя настроі.

Глеб Сандрас, архіўнае фота
Глеб Сандрас, архіўнае фота

«Людзі працуюць і нібыта задаволеныя, што пакуль ня стала асабліва горш, але на ўсіх узроўнях адчуваецца трывога. У сьнежні пачнуць дзейнічаць санкцыі, порт у Клайпедзе больш ня будзе прымаць нашыя ўгнаеньні, і чым гэта абернецца, ніхто ня ведае. Але зразумела, што нічым добрым, таму і такія настроі», — кажа пра сваіх знаёмых зь «Беларускалію» былы працаўнік аб’яднаньня Глеб Сандрас.

Паводле Сандраса, за мяжу выехала каля траціны ўдзельнікаў страйку. Пры гэтым словам «страйк» леташнія пратэсты на «Беларуськаліі» Глеб называе хіба што ўмоўна.

«Страйк — гэта калі прадпрыемства не працуе. А ў нас такое было, можа, дні два, дый тое ня цалкам па большасьці працоўных месцаў. Потым некаторыя не выходзілі на працу, публічна пра гэта казалі, пералічалі патрабаваньні, далучаліся да такіх, як мы. Іх звальнялі, але людзі трымаліся, пратэставалі. Гэта выдатна, але мала. Без падтрымкі астатніх выніку гэта не дало. Ці будзе калісьці такі вынік, ня ведаю. Магчыма, рэч ня толькі ў палітычнай сытуацыі і стане эканомікі, але і ў характары беларусаў. Таму пакуль і выніку няма», — кажа Глеб Сандрас.

«Пасьля хуткага ад’езду я ў дрэнным псыхалягічным стане»

Штуршкамі, каб далучацца да страйку на «Беларуськаліі», летась былі, сярод іншага, адчайныя ўчынкі некаторых шахтароў. У лістападзе шахтар Аляксандар Курбан прыкаваў сябе да клеці на глыбіні 440 мэтраў і адмаўляўся выходзіць на паверхню. Раней на падобныя акцыі пратэсту адважыліся шахтары Юры Корзун і Алег Кудзёлка. Дзе цяпер гэтыя страйкоўцы?

Паводле зьвестак Глеба Сандраса, Аляксандар Курбан зьехаў зь Беларусі ў канцы мінулага году і знайшоў часовы прытулак ва Ўкраіне. Некалькі месяцаў таму разам зь сям’ёй выехаў зь Беларусі і Юры Корзун. «Цяпер ён у Францыі», — кажа пра калегу Глеб Сандрас. Пра тое, дзе цяпер Алег Кудзёлка, Глеб ня ведае, але і ня чуў, што той зьехаў зь Беларусі. «Бадай што ў Салігорску».

Зь Юрыем Корзунам удалося зьвязацца праз Тэлеграм. «Пасьля хуткага ад’езду я ў дрэнным псыхалягічным стане», — напісаў былы шахтар і больш на сувязь ня выйшаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG