Літоўскія ўлады пачалі дасудовае расьсьледаваньне супраць афіцэра памежнай службы Беларусі за парушэньне дзяржаўнай мяжы. Агенцтва BNS інфармуе, што ў Друскеніцкім раёне позьнім вечарам 18 кастрычніка тры афіцэры наблізіліся да мяжы, а адзін зь іх пайшоў углыб Літвы, правяраючы пад’езды зь літоўскага боку.
Пасьля таго, як парушальнікаў выявілі патрулі Друскеніцкай заставы і неадкладна прыбылі на месца, беларускія памежнікі адключылі пражэктары і пайшлі ўглыб Беларусі.
За мінулыя суткі літоўскія памежнікі не пусьцілі ў краіну 149 чалавек. Гэта найбольшая колькасьць з 25 жніўня, калі мяжу спрабавалі незаконна перайсьці 155 мігрантаў.
11 чалавек у панядзелак літоўскія памежнікі затрымалі і цяпер высьвятляюць усе абставіны таго, як яны трапілі ў Літву і зь якой мэтай.
На польска-беларускай мяжы прадухілілі 612 спроб нелегальнага перасячэньня, 11 мігрантаў затрымалі польскія службы, паведаміла польская памежная варта.
Сярод затрыманых 10 грамадзян Іраку і 1 Турэччыны. Акрамя таго, затрымалі трох чалавек (грамадзян Азэрбайджану, Украіны і Турэччыны) за дапамогу ў нелегальным пераходзе мяжы.