Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Нiкаля дэ Лякост пра свой ад'езд: Францыя не прызнала вынікі выбараў, і я не ўручыў даверчыя лісты. ВІДЭА


Нікаля дэ Лякост
Нікаля дэ Лякост

Амбасадар Францыі Нiкаля дэ Лякост 17 кастрычніка быў вымушаны пакінуць Менск. 18 кастрычніка стала вядома аб адкліканьні беларускага амбасадара ў Менск на кансультацыі.

У францускай амбасадзе Свабодзе паведамілі, што пасол выехаў на патрабаваньне МЗС Беларусі. Ён разьвітаўся з калектывам амбасады і запісаў відэазварот да беларускага народу:

«Як вы ведаеце, Францыя не прызнала вынікі выбараў 9 жніўня 2020 году, і я не даваў даверчых грамат. Мы правялі тут цяжкія, але незабыўныя дні, зрабілі шмат захапляльных сустрэч і адкрыцьцяў. Сустракаліся з многімі мужнымі і моцнымі духам людзьмі. Мы з жонкай адкрылі для сябе шчодрасьць Беларусі і беларусаў. Вы назаўжды застаняцеся ў нашых думках. Ведайце, што мы застанемся побач з вамі. Да хуткай сустрэчы!» — сказаў амбасадар.

МЗС Беларусі патлумачыў ад’езд францускага амбасадара так: ён нібыта не завяршыў працэдуру ўступленьня на пасаду, з-за чаго Беларусь апавясьціла Парыж аб заканчэньні дзеяньня сваёй згоды на яго прызначэньне. Так пазыцыю МЗС Беларусі цытуе РИА Новости.

Паводле агентцва, беларускі амбасадар у Парыжы адкліканы на кансультацыі.

Уступленьне амбасадара на пасаду завяршаецца ўручэньнем даверчых лістоў кіраўніку дзяржавы. Нiкаля дэ Лякост уручыў летась толькі копіі лістоў міністру замежных спраў Беларусі Ўладзімеру Макею, а ад сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам ухіляўся.

Адной з апошніх сустрэч у Менску ў амбасадара Нiкаля дэ Лякоста была размова зь лідэрамі закрытай уладамі Беларусі кампаніі «Гавары праўду».

Нiкаля дэ Лякост у 2020 годзе перадаў міністру замежных спраў Беларусі Ўладзімеру Макею копіі даверчых лістоў і ўхіляўся ад кантактаў з Лукашэнкам. Францыя, як і іншыя краіны Эўразьвязу, не прызнае Лукашэнку легальна выбраным прэзыдэнтам Беларусі.

Амбасадар Нiкаля дэ Лякост правёў у Беларусі 1 год і 2 месяцы. На гэты момант ніхто з амбасадараў эўрапейскіх краін не ўручаў даверчых лістоў Лукашэнку пасьля выбараў 2020 году.

Паводле кіраўніка Народнага антыкрызіснага кіраваньня Паўла Латушкі, ціск МЗС Беларусі на амбасадара дэ Лякоста зьвязаны з тым, што «Францыя па-ранейшаму ня згодная, каб амбасадар уручаў даверчыя лісты грамадзяніну Аляксандру Лукашэнку. Дэмакратычныя сілы ўдзячныя Францыі за паслядоўную і прынцыповую пазыцыю».

Апрача Нiкаля дэ Лякоста, на патрабаваньне беларускіх уладаў Беларусь пакінулі амбасадары Польшчы — Артур Міхальскі і Эўразьвязу — Дырк Шубэль. Агрэман на прызначэньне новай амбасадаркі ЗША ў Менску Джулі Фішэр беларускі МЗС адклікаў , яна так і не змагла прыбыць у Беларусь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG