Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм «Калі кветкі не маўчаць» Андрэя Куцілы стаў пераможцам у дакумэнтальным конкурсе Варшаўскага кінафэстывалю


Рэжысэр Андрэй Куціла

Дакумэнтальны фільм «Калі кветкі не маўчаць» беларускага рэжысэра Андрэя Куцілы пра жыцьцё падчас і пасьля жніўня 2020 году ў Беларусі перамог у дакумэнтальнай намінацыі на 37-ым Варшаўскім кінафэстывалі.

Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміла кінакрытык Ірэна Кацяловіч, якая працуе на фэстывалі ў складзе міжнароднага журы кінапрэсы.

Фільм «Калі кветкі не маўчаць» прысьвечаны беларускім сем’ям, якія, нягледзячы на перажытыя траўмы, спрабуюць жыць далей і займацца сваймі справамі. Празь іх лёс рэжысэр паказвае боль і надзею, страх і рашучасьць гэтых людзей. У цэнтры сюжэту — беларускія жанчыны, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, выходзілі на ланцугі салідарнасьці з кветкамі. Так і нарадзілася назва фільму — «Калі кветкі не маўчаць».

«Пачуцьці зьмешаныя. З аднаго боку гэта цешыць, бо гэта мая аўтарская праца, а зь іншага — гэты боль ад тэмы не праходзіць. І таму хацелася б сьвята, але яго няма, — пракамэнтаваў„Белсату“ сваю перамогу Андрэй Куціла. — Цешуся таму, што гэта ўзнагарода дае больш увагі да фільму, і ён будзе яшчэ недзе паказаны і такім чынам увага будзе да тэматыкі. То бок павестка будзе трымацца на іншых фэстывальных пляцоўках. А асабістыя мае адчуваньні як аўтара, рэжысэра вельмі складаныя. Я дагэтуль не магу іх усьвядоміць у дадзены момант».

37-ы Варшаўскі кінафэстываль доўжыцца з 8 па 17 кастрычніка.

Андрэй Куціла — рэжысэр-дакумэнталіст, пераможца шматлікіх міжнародных фэстываляў. Аўтар такіх фільмаў, як «Стрыптыз і вайна», «Цар гары», «Мне трэба поціскаў», «Summa» і інш.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG