Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі б людзі бачылі рэальную статыстыку, ставіліся б сур’ёзьней». Як каранавірус атакаваў інвалідаў, пэнсіянэраў і цяжарных


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Свабода сабрала некалькі гісторый пра ўразьлівыя катэгорыі людзей, якія захварэлі на каранавірус.

«Памёр пасьля шпіталя, на чацьвёрты дзень»

У Бабруйску памёр мясцовы жыхар з інваліднасьцю, які хварэў на каранавірус больш як месяц. 56-гадовага Мікалая, інваліда-вазочніка, пахавалі ў Бабруйску 12 кастрычніка. Захварэў ён на COVID-19 яшчэ ў верасьні.

«Жыў Мікалай у кватэры адзін, і спачатку два тыдні ляжаў дома. Выклікалі лекара, узялі тэст — ён быў станоўчы. Тэмпэратура трымалася доўга, у выніку давялося выклікаць „хуткую“. Мікалая забралі ў шпіталь, адразу падключылі да кіслароду. Яму было цяжка, гаварыць амаль ня мог. Выявілі 75% паражэньня лёгкіх. Прабыў у шпіталі 21 дзень, а пасьля яго выпісалі з паляпшэньнем», — ррасказаў сябар Мікалая. Аднак на трэці дзень пасьля выпіскі, ужо дома, Мікалай пачаў задыхацца. Ізноў «хуткая», шпіталь — і назаўтра мужчына памёр.

«Мікалай баяўся захварэць, — дадае сябар. — Ён атрымаў інваліднасьць у войску, і таму штогод яму выдзялялі бясплатную пуцёўку ў санаторый. Але сёлета ён не паехаў, каб не падчапіць там каранавірус. Зьбіраўся рабіць прышчэпку яшчэ ўлетку, але так і не дабраўся...».

«Увесь пэрсанал стараўся як мог». Як цяжарная перамагла COVID-19

Дар’я цяжарная. Кажа, што захварэла 28 верасьня. На той момант яе маці была хворая, таму яна здала тэст. Пацьвердзіўся ковід. Ужо праз пару дзён маці Дар’і стала нашмат горш, кампутарная тамаграфія паказала 30% паражэньня лёгкіх. Жанчыну забрала «хуткая» ў шпіталь № 3.

«Там праз паўгадзіны сказалі, што месцаў няма. Маці да 23 гадзіны праседзела ў прыёмным пакоі з тэмпэратурай 39 і цяжкім дыханьнем. Ёй прапанавалі месца на калідоры на крэслах, бо ўжо ні кушэтак, ні каталак не было. Маці было блага, яна згадзілася хоць на нешта», — кажа Дар’я. Урэшце жанчыну шпіталізавалі.

У гэты час Дар’я сама працягвала лячыцца і выклікала сабе лекара са сталічнай паліклінікі. Адтуль папрасілі прыйсьці самой. «Патлумачыла ім, што з тэмпэратурай 38,5 і задышкай нікуды не пайду. Пазьней з паліклінікі мне зноў патэлефанавалі, бо ўжо быў гатовы тэст, і сказалі, што да мяне ніхто ня пойдзе, бо я „ковідная“. Я пачала нэрвавацца, і мне зрабілася яшчэ горш. Потым мне тэлефанавалі зноў з паліклінікі, казалі, што то прыйдуць, то ня прыйдуць», — кажа Дар’я.

Яна патэлефанавала на «гарачую лінію» Камітэту па ахове здароўя, і кажа, што ўжо праз 40 хвілін у яе дома была «ковідная» брыгада. Вымералі сатурацыю, тэмпэратуру, удакладнілі дадзеныя, адкрылі бальнічны. Дар’я кажа, што ёй рэкамэндавалі парацэтамол ад тэмпэратуры, АЦЦ — ад макроты, вітаміны B, C і цынк, асьпірын ці кардыямагніл, ляжаць на жываце. Прызначылі прыём у лекара.

«За выходныя мне зрабілася горш. Я зранку патэлефанавала на той нумар, што мне пакідала „ковідная“ брыгада, сказала пра свой стан. Адказу ад іх чакала да 13.30. Потым тэлефанавала галоўнаму лекару паліклінікі. Мне сказалі чакаць — маўляў, з паліклінікі вам патэлефануюць. Гэта быў сёмы дзень тэмпэратуры 38, якая не зьбівалася парацэтамолам. У супрацоўніка паліклінікі я пыталася — можа, мне трэба на КТ (кампутарная тамаграфія. — РС)? Мне назаўтра прапанавалі прыйсьці на КТ. Мусіць, каб я не турбавала іх і не тэлефанавала зноў на „гарачую лінію“. Назаўтра на КТ высьветлілася, што ў мяне пнэўманія і 15% пашкоджаньня лёгкіх. Ну, і грубавата сказалі, каб я ішла дахаты і не такое гэта страшнае паражэньне», — кажа Дар’я.

Праз пару дзён Дар’і ўсё ж прапанавалі шпіталізацыю, яна трапіла ў радзільню № 2.

«Калі мяне прывезьлі туды, там было 6 карэт хуткай, было каля 15 гадзіны. Аформілі. Суседкі ў палаце падзяліліся правіламі: выходзіць нікуды нельга ні ў якім разе. Прыбіральня і душ у палаце, таксама лядоўня і імбрык. Але было вельмі душна ў палаце, нас было 5 чалавек. Вэнтыляцыя заклееная, хоць можна было адчыняць вокны. Каб адключылі кропельніцу — трэба было клікаць мэдсястру. А на калідор нельга выходзіць. Супрацоўнікі шпіталя — малайцы, прыдумалі такую сыстэму: недзе ўзялі тэлефон, калі нешта трэба — тэлефануеш, кажаш палату, і яны праз 3–7 хвілін прыходзілі. Увесь пэрсанал быў у „ковідных“ гарнітурах, са сродкамі індывідуальнай абароны праблем не было», — кажа Дар’я.

Цяпер Дар’я ўжо дома.

«Лячэньнем у шпіталі я засталася задаволеная, наколькі гэта магчыма. Асабліва цяжкіх хворых у палаце не было. Пры неабходнасьці вазілі на КТ у дзіцячы інфэкцыйны шпіталь. Адчувалася, што лекары ня профільныя. Але ўвесь пэрсанал стараўся як мог», — кажа яна.

Маці Дар’і пасьля каранавірусу цяпер на рэабілітацыі ў Аксакаўшчыне.

«Бацькі прышчапіліся. Але цяпер мама — у рэанімацыі». Муж і жонка з ковідам трапілі ў шпіталь

Гісторыю пра сваіх бацькоў-пэнсіянэраў, якія ўдваіх цяпер у шпіталі з COVID-19, Свабодзе расказала жыхарка Гомля. Яе бацькам па 63 гады.

«Бацька рабіў расейскую прышчэпку „Спутник“ на пачатку лета. Маці рабіла ў верасьні — кітайскую. На мінулым тыдні затэмпэратурыў спачатку тата, потым, праз тры дні — маці. Тэмпэратура была ў абаіх 38–39. Мама — мэдсястра, хоць па ўзросьце на пэнсіі, але яшчэ працуе ў паліклініцы. Адразу здалі ПЦР-тэсты (але вынікаў так і не дачакаліся, бо лябараторыі перагружаныя) і зрабілі флюараграфію. Усё было ў норме. Лекарка, якая прыходзіла дадому, сказала дома і лячыцца. Што, у прынцыпе, правільна, раз усё ў норме», — кажа жыхарка Гомля.

Пасьля тыдня тэмпэратуры бацька вырашыў зьвярнуцца ў паліклініку ў «чырвоную зону», расказвае жанчына. Яна кажа, што пры дасьледаваньні ў яго выявілі двухбаковае запаленьне.

«Вярнуўся дадому — выклікалі хуткую, бо ў маці задышка была. Гэта ўсё было 12 кастрычніка. Хуткая абаіх забрала ў шпіталь, там зрабілі КТ. Паражэньне лёгкіх не вялікае — да 30%. Тата пачуваецца нармальна. А ў мамы нізкая сатурацыя — 89–90. Яна ў мяне астматык. Цяпер маму перавялі ў рэанімацыю, на кісларод», — кажа жанчына.

Яе муж хварэў на каранавірус і пнэўманію летась, лячыўся дома. «Давялося мне скаргу ў Міністэрства аховы здароўя пісаць, каб і мне, і дзецям таксама зрабілі тэсты. У мяне быў станоўчы тэст, а сымптомаў не было. У дзяцей адмоўныя», — дадала яна.

Жанчына лічыць, што лекары ў шпіталях цяпер робяць усё магчымае, каб дапамагчы людзям.

«Я бачу, што дактары вельмі стараюцца, абыякавых я не сустракала. Размаўляла з загадчыцай аддзяленьня ў шпіталі — яна стомленая, бо працуюць па шэсьць гадзін у цяжкіх „ковідных“ гарнітурах, не выходзячы з аддзяленьня. Што тычыцца людзей — то мы мусім быць усе адказнымі. Бо ў транспарце і крамах цяпер добра калі палова ў масках. У пальчатках наогул нікога ня бачыла. А раптам ты без сымптомаў, а некаму прынясеш вялікія непрыемнасьці? Давайце думаць адзін пра аднаго», — кажа маладая жанчына.

Яна лічыць, што калі б людзі бачылі рэальную статыстыку, колькі захварэла і памерла — яны б сурʼёзьней ставіліся да гэтай праблемы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG