Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніца ААН у Менску адказала на прэтэнзіі Макея


Акцыя беларускай салідарнасьці ў Нью-Ёрку ля штаб-кватэры ААН, ілюстрацыйнае фота

Офіс Сталага каардынатара ААН у Беларусі выступіў з заявай адносна абвінавачваньняў афіцыйнага Менска нібыта ў «фінансаваньні пратэстнай дзейнасьці».

Раней міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей западозрыў Прадстаўніцтва ААН у «нямэтавым выкарыстаньні фінансавых сродкаў, якія прызначаліся для аказаньня юрыдычнай дапамогі асобам з інваліднасьцю або ахвярам хатняга гвалту».

Па вэрсіі ведамства, сродкі выдаткоўваліся на адвакатаў для абароны 23 грамадзян, «якія не зьяўляюцца ні асобамі з абмежаванымі магчымасьцямі, ні ахвярамі хатняга гвалту».

У схеме нібыта бралі ўдзел дырэктар Офісу ў правах людзей з інваліднасьцю Сяргей Драздоўскі і юрыст арганізацыі Алег Граблеўскі, якім выставілі абвінавачаньні ў злачынстве паводле ч. 2 арт. 209 Крымінальнага кодэксу (махлярства, зьдзейсьненае паўторна, альбо групай асобаў). Граблеўскі за гэта быў у ізалятары, Драздоўскі з улікам інваліднасьці — пад хатнім арыштам.

Сталая каардынатара ААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкі ў адказ заявіла, што праінфармаваная аб «занепакоенасьці ўраду Беларусі ў сувязі з праграмай юрыдычнай дапамогі», што ажыцьцяўляецца на карысьць некаторых уразлівых групаў насельніцтва. Але запэўніла, што ўсе абвінавачваньні абсалютна беспадстаўныя.

«ААН падтрымлівае сувязь з урадам Беларусі ў гэтым пытаньні праз адпаведныя юрыдычныя і дыпляматычныя каналы. Краінавая група ААН, уключна з агенцтвамі, фондамі і праграмамі ААН, якія працуюць у Беларусі, засяроджаныя на працягу нашай працы на карысьць вашага народу. Мы спадзяемся на далейшае супрацоўніцтва зь беларускімі ўладамі і адпаведнымі партнэрамі ў грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку ў галінах устойлівага разьвіцьця і правоў чалавека», — адзначаецца ў заяве Сталай каардынатаркі ААН у Беларусі Іааны Казана-Вішнявецкі.

Раней прадстаўнік генэральнага сакратара ААН Стэфан Дзюжарык заявіў, што ўлады Беларусі ўжо выказвалі прэтэнзіі з нагоды прававой дапамогі, якую аказвала іх прадстаўніцтва беларусам, але арганізацыя працягне дыялёг у гэтых пытаньнях.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч

Апошнія навіны

усе навіны за дзень >
XS
SM
MD
LG