Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН адказалі на прэтэнзіі Макея: «Мы працягваем весьці абмеркаваньні з урадам Беларусі»


Стэфан Дзюжарык
Стэфан Дзюжарык

Прадстаўнік ААН не закранаў пытаньня рэальнага прызначэньня грошай, толькі сказаў, што дыскусія з прадстаўнікамі ўраду Лукашэнкі працягваецца.

Прадстаўнік генэральнага сакратара ААН Стэфан Дзюжарык 12 кастрычніка заявіў, што ўлады Беларусі раней ужо выказвалі ААН прэтэнзіі з нагоды прававой дапамогі, якую аказвала іх прадстаўніцтва беларусам, але арганізацыя працягне дыялёг у гэтых пытаньнях.

Пытаньне журналіста і словы Дзюжарыка ў адказ на відэа на пазнацы 16.34.

«Гэтыя пытаньні, зьвязаныя з узаемадзеяньнем паміж ААН і Беларусьсю, падымаліся на двухбаковай сустрэчы генэральнага сакратара ААН і міністра замежных спраў Беларусі, гэта было ня так даўно. Урад Беларусі выказаў нам сваю занепакоенасьць датычна адміністраваньня праграмы прававой дапамогі пэўным групам уразьлівых асобаў. Мы працягваем весьці абмеркаваньні з урадам Беларусі», — сказаў прэс-сакратар генэральнага сакратара ААН.

Раней у заяве Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры аддзяленьні ААН у Жэнэве гаварылася, што было ініцыявана «нямэтавае выкарыстаньне фінансавых сродкаў, якія прызначаліся для аказаньня юрыдычнай дапамогі асобам з інваліднасьцю або ахвярам хатняга гвалту». Адзначаецца, што «схема» была распрацавана ў жніўні 2020 году.

Паводле вэрсіі МЗС Беларусі, сродкі выдаткоўваліся на адвакатаў для абароны 23 грамадзян, «якія не зьяўляюцца ні асобамі з абмежаванымі магчымасьцямі, ні ахвярамі хатняга гвалту».

У заяве згадваецца, што ў «схеме» нібыта бралі ўдзел дырэктар Офісу ў правах людзей з інваліднасьцю Сяргей Драздоўскі і юрыст арганізацыі Алег Граблеўскі. МЗС Беларусі нагадаў, што ім выставілі абвінавачаньні ў злачынстве паводле ч. 2 арт. 209 Крымінальнага кодэксу (махлярства, зьдзейсьненае паўторна, альбо групай асобаў). Яны былі пад вартай, Граблеўскі ў ізалятары, а Драздоўскі, з улікам інваліднасьці, пад хатнім арыштам.

Прадстаўніцтва Беларусі пры ААН заявіла, што «сьцьверджаньні аб жорсткім абыходжаньні зь Сяргеем Драздоўскім зьяўляюцца такой жа адкрытай хлусьнёй, як і ўся іншая інфармацыя, пададзеная ў дакладзе A/HRC/48/28». Таксама Прадстаўніцтва заявіла, што «Сакратарыят ААН штампуе даклады, якія цалкам адпавядаюць палітычным задачам Захаду».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG