Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нягледзячы на заклік Макея не даваць слова альтэрнатыўным прадстаўнікам Беларусі, Ціханоўская выступіла ў ААН


Сьвятлана Ціханоўская дэманструе здымак пабітага падчас размовы з членамі камітэту замежных спраў Эўрапейскага парлямэнту ў Брусэлі. Бельгія, 21 верасьня 2020

Сьвятлана Ціханоўская выступіла зь відэазваротам перад удзельнікамі пасяджэньня 48-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН.

Яна зьвярнула ўвагу на колькасьць палітвязьняў і тысячы беларусаў, арыштаваных з палітычных прычынаў, эскаляцыю рэпрэсіяў, у тым ліку супраць журналістаў.

Як паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай, яна заявіла, што рэжым Лукашэнкі стаў «пагрозай рэгіянальнай і міжнароднай бясьпецы, і гэты тэрор мусіць быць спынены».

Ціханоўская заклікала падтрымаць спэцыяльны мандат Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека для вывучэньня парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і прыцягненьня да адказнасьці вінаватых. У межах гэтага мандату Вярхоўны камісар прызначыла трох экспэртаў высокага ўзроўню — Карыну Маскаленку (Расея), Сюзан Базыльлі (Канада) і Марку Міланавіча (Сэрбія).

Таксама яна адзначыла працу спэцдакладчыка ААН аб правах чалавека ў Беларусі. Ціханоўская прапанавала ўключыць беларускае пытаньне ў парадак Рады Бясьпекі ААН і разгледзець у Трэцім камітэце Генэральнай асамблеі.

Макей выступаў супраць альтэрнатыўных галасоў у ААН

27 верасьня на сэсіі Генэральнай асамблеі ААН міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей выступіў супраць «прасоўваньня галасоў грамадзянскай супольнасьці» ў ААН.

«Разглядаем гэтыя дзеяньні як спробу надаць няўрадавым арганізацыям (якія, дарэчы, створаны і выкармлены пры падтрымцы асобных зацікаўленых краін) статус, ідэнтычны суверэнным дзяржавам – сябрам ААН. Гэта катэгарычна непрымальна. Хацелася б нагадаць усім пра існаваньне ключавога прынцыпу дзейнасьці ААН: „Адна дзяржава — адзін голас“. Выступаем супраць размыцьця сувэрэнітэту дзяржаў – сяброў ААН і стварэньня марыянэтачных удзельнікаў у выглядзе няўрадавых арганізацый, якія будуць здольныя заглушыць думку самастойных дзяржаў. Бескантрольнае навадненьне сыстэмы ААН меркаваньнем НДА ня толькі не дазволіць належным чынам улічыць і нават пачуць іх галасы, але і ўскладніць дасягненьне кансэнсусу».

Раней кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімір Макей сустрэўся з генэральным сакратаром ААН Антонію Гутэрышам. Падчас размовы ён заявіў аб датычнасьці прадстаўнікоў ААН у Беларусі да фінансаваньня пратэстаў і дадаў, што лічыць недапушчальным выкарыстаньне «асобных структур ААН для дэманізацыі Беларусі, дыскрэдытацыі Беларусі з абсалютна надуманых палітызаваных матываў».

Што гаварылі аб Беларусі ў Радзе правоў чалавека ААН

24 верасьня на 48-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН адбыўся інтэрактыўны дыялёг наконт прамежкавай абноўленай інфармацыі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара аб сытуацыі ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і пасьля іх.

Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Мішэль Бачэлет пачала сустрэчу заявай, у якой падкрэсьліла, што сытуацыя з правамі чалавека ў краіне працягвае пагаршацца.

«Я глыбока занепакоеная з нагоды ўсё больш жорсткіх абмежаваньняў прасторы для грамадзянскай супольнасьці і асноўных свабодаў, у тым ліку працягу апэрацый спэцслужбаў супраць арганізацый грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ, а таксама арыштаў і крымінальнага перасьледу праваабаронцаў і журналістаў праз абвінавачаньні, якія адно за адным аказваюцца палітычна матываванымі», — спасылаецца на дакладчыцу цэнтар «Вясна».

«Я ўстрывожаная бясконцымі паведамленьнямі пра масавыя і сыстэматычныя катаваньні і жорсткае абыходжаньне ў кантэксьце адвольных арыштаў і затрыманьняў удзельнікаў акцый. На сёньняшні дзень у нас няма доказаў якіх-небудзь сапраўдных і бесстаронніх расьсьледаваньняў на падставе паведамленьняў аб інцыдэнтах, якія адбыліся падчас разгону дэманстрацый у наступныя дні пасьля 9 жніўня 2020 году», — сказала Вярхоўны камісар.

У дыялёгу ўдзельнічалі прадстаўнікі 46 краін і міжнародных арганізацый, якія ўздымалі пытаньні рэпрэсій, катаваньняў і адвольных затрыманьняў, а таксама прызначэньня вялікіх тэрмінаў у палітычна матываваных крымінальных справах, у тым ліку датычна Віктара Бабарыкі, Марыі Калесьнікавай і Максіма Знака, прымусовай пасадкі самалёта Ryanair, міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з Эўразьвязам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG