На мяжы Польшчы зь Беларусьсю польскія службы 9 кастрычніка не дазволілі адбыцца рэкорднай колькасьці нелегальных пераходаў мяжы — было 739 такіх спробаў. Папярэдняй найвышэйшай лічбай было 667 спробаў 6 кастрычніка.
За 9 кастрычніка польскія памежнікі затрымалі 6 мігрантаў, усе яны з Іраку. За дапамогу ў нелегальнай міграцыі затрымалі яшчэ 15 чалавек, сярод іх адзін грамадзянін Польшчы і адразу пяцёра грамадзян Грузіі.
Тым часам Упраўленьне грамадзянскай авіяцыі Іраку на патрабаваньне ўраду сваёй дзяржавы ў другі раз прыпыніла авіяспалучэньне зь Беларусьсю. Усе рэйсы адкладзеныя да адмысловага распараджэньня.