Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міграцыйны крызіс: 434 спробы парушыць польскую мяжу, 49 — літоўскую, 11 — латвійскую


Мігранты на беларуска-польскім памежжы
Мігранты на беларуска-польскім памежжы

Міграцыйныя патокі ў Эўразьвяз не спыняюцца. Напярэдадні за дапамогу мігрантам польскія памежнікі затрымалі яшчэ 12 асобаў, у тым ліку грамадзяніна Беларусі.

«Учора, 3 кастрычніка, польскія памежнікі зафіксавалі 434 спробы незаконнага перасячэньня мяжы зь Беларусьсю. Затрымалі 16 іракцаў, астатнія спробы прадухілілі», — гаворыцца ў афіцыйным твітэр-акаўнце польскай памежнай службы.

За аказаньне дапамогі ў незаконным перасячэньні мяжы памежнікі затрымалі 12 іншаземцаў: пяць грамадзян Украіны, двое грамадзян Нямеччыны, а таксама Беларусі, Грузіі, Тунісу, Турэччыны, Баўгарыі.

Літоўскія памежнікі за мінулыя суткі не пусьцілі ў краіну 49 мігрантаў, паведамляе Delfi. У суботу іх колькасьць складала 40, у пятніцу — 84, у чацьвер — 93, у сераду — 54, у аўторак — 63, у панядзелак — 17.

У нядзелю ўвечары на мяжы каля Лазьдзінайскага раёну з глыбіні Беларусі прагучала некалькі сэрый стрэлаў. Пры гэтым адзначаецца, што літоўскія памежнікі і жаўнеры, якія ахоўвалі дзяржаўную мяжу, не выкарыстоўвалі службовай зброі, іншых спэцыяльных захадаў або фізычнага прымусу.

Памежны кантроль зь літоўскага боку зь ліпеня ажыцьцяўляецца ва ўзмоцненым рэжыме.

3 кастрычніка незаконна перасекчы латвійска-беларускую дзяржаўную мяжу спрабавалі 11 чалавек, паведамляе памежная служба Латвіі.
Усяго з 10 жніўня такіх спробаў было 1479.

Кіраўнік МУС Беларусі : «Сытуацыя з уцекачамі пад кантролем»

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у першым чытаньні прынялі
законапраект «Аб прыпыненьні дзеяньня Пагадненьня паміж Рэспублікай Беларусь і Эўрапейскім зьвязам аб рэадмісіі асоб, якія знаходзяцца без дазволу».

Дакладчыкам выступіў міністар унутраных спраў Іван Кубракоў. Прадстаўляючы законапраект ён заявіў, што «ніякіх праблемных пытаньняў на тэрыторыі краіны няма».

«На рознага роду тэлеграм-каналах зьяўляецца інфармацыя аб тым, што праходзяць групы баевікоў, так званых нелегальных мігрантаў і гэтак далей. Тут вам хачу сказаць як міністар унутраных спраў: праваахоўнікамі цалкам сытуацыя кантралюецца», — запэўніў міліцэйскі чыноўнік.

Міграцыйны крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG