Польскія памежнікі паказалі здымкі, на якіх мігранты апранутыя ў беларускую вайсковую форму. У Менску адказалі

На польска-беларускай мяжы
На польска-беларускай мяжы

Польскі бок заявіў пра падрыхтоўку чарговых правакацый на беларуска-польскай мяжы.

У сваім твітэры польская Памежная варта апублікавала здымкі, дзе праз калючы дрот відаць, як чалавек, па зьнешнасьці падобны да ўцекача з Блізкага Ўсходу, стаіць на памежжы ў камуфляжнай форме вайсковай службы.

Польскі бок паведамляе, што раней няўрадавыя арганізацыі Беларусі некалькі разоў прывозілі для мігрантаў цёплыя рэчы, а цяпер іх пабачылі і ў форме памежнікаў. Польская памежная варта заявіла, што рыхтуецца да магчымых правакацый зь беларускага боку мяжы.

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі апэратыўна адрэагаваў на фатаздымкі мігрантаў у форме «мілітары». У ведамстве патлумачылі, што яшчэ 22 верасьня «памежная застава перадала рэзэрвы сваёй рэчавай маёмасьці ўцекачам, таму што яны замярзалі».

«Больш за месяц у надзеі атрыманьня прытулку ў краінах Эўразьвязу група ўцекачоў з Афганістану знаходзіцца на польска-беларускай мяжы. З пахаладаньнем становішча людзей, выціснутых з польскага боку, стала цяжкім. Яны не разьлічвалі, што краіны „ўзорнай дэмакратыі“ парушаць свае ж законы і праігнаруюць міжнароднае права. Нягледзячы на гэта, афганцы прынцыпова хочуць трапіць у тыя краіны, якія іх запрасілі», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве Памежнага камітэту.

Як расказалі на прэс-канфэрэнцыі 27 верасьня прадстаўнікі польскага МУС, Памежнай варты і Міністэрства абароны, польскія афіцэры штодня сутыкаюцца з правакацыямі беларускага боку. Іх асьляпляюць сьвятлом электрычных паходняў, крычаць на іх, а таксама абвінавачваюць у выкарыстаньні «мэтадаў, падобных да гестапа».

Беларускія падразьдзяленьні таксама імітуюць кіданьне гранат празь мяжу або «халастыя стрэлы» ў палякаў. Яны таксама пакідаюць падазроныя пакеты перад польскімі памежнікамі і адразу адбягаюць, каб прадэманстраваць, што пакінутая рэч нясе пагрозу.

У сваю чаргу, беларускі бок вінаваціць памежнікаў суседніх дзяржаў, а менавіта Польшчы і Літвы, у пабіцьці і рабаваньнях уцекачоў, пасьля чаго іх нібыта перацягваюць на беларускі бок мяжы.

Літоўскія і польскія памежнікі абвяргаюць такія закіды.

​
XS
SM
MD
LG