Новыя рэкорды непрапушчаных мігрантаў на беларуска-польскай мяжы і затрыманых за дапамогу ім

На мяжы Польшчы і Беларусі
На мяжы Польшчы і Беларусі

Польскія службы штодня выяўляюць і затрымліваюць асобаў, якія спрыяюць у парушэньні дзяржаўнай мяжы. За мінулыя суткі быў зарэгістраваны рэкорд спробаў нелегальна перайсьці мяжу.

28 верасьня польскія памежнікі затрымалі 5 чалавек, якія дапамагалі мігрантам нелегальна пераходзіць беларуска-польскую мяжу і трапляць у Эўразьвяз.

Нярэдка такія парушальнікі маюць дакумэнты краін Эўразьвязу. На гэты раз імі аказаліся грамадзянін Іраку са статусам уцекача ў Нямеччыне, 2 грамадзян Сырыі зь нямецкім відам на жыхарства, а таксама грамадзяне Ўкраіны і Польшчы.

Агульная лічба затрыманых у верасьня памочнікаў у нелегальнай міграцыі дасягнула 116 чалавек.

Акрамя таго, за мінулыя суткі польскія памежнікі зафіксавалі 473 спробы нелегальнага пераходу мяжы, гэта рэкорд за ўвесь час.

Як расказалі на прэс-канфэрэнцыі 27 верасьня прадстаўнікі польскага МУС, Памежнай варты і Міністэрства абароны, польскія афіцэры штодня сутыкаюцца з правакацыямі беларукага боку. Іх асьляпляюць сьвятлом электрычных паходняў, крычаць на іх, а таксама абвінавачваюць у выкарыстаньні «мэтадаў, падобных да гестапа».

Беларускія падразьдзяленьні таксама імітуюць кіданьне гранат празь мяжу або «халастыя стрэлы» ў палякаў. Яны таксама пакідаюць падазроныя пакеты перад польскімі памежнікамі і адразу адбягаюць, каб прадэманстраваць, што пакінутае нясе непазьбежную пагрозу.

У Літве за мінулы дзень не пусьцілі з тэрыторыі Беларусі 63 мігрантаў, якія перасякалі мяжу ў недазволеным законам месцы. Гэта рэкордная лічба ў верасьні, паведаміла Delfi.

​
XS
SM
MD
LG