Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Емэне абвастрыліся баі паміж урадам і паўстанцамі: звыш 400 ахвяр за верасень


Марыб, Емэн. Саудаўскія войскі на авіябазе
Марыб, Емэн. Саудаўскія войскі на авіябазе

Прынамсі 50 паўстанцаў Хуці і жаўнераў урадавых войскаў Емэну загінулі ў выніку абвастрэньня баёў за горад Марыб — ключавое поле бітвы 7-гадовага канфлікту.

«За апошнія 48 гадзін 43 байцы Хуці былі забітыя, у асноўным у выніку авіяўдараў кааліцыі на захад ад Марыба», паведамілі ў нядзелю вайсковыя крыніцы France Press, у той час як іншая крыніца перадала інфармацыю, што прынамсі сямёра жаўнераў урадавых войскаў загінулі ў баях.

Толькі за верасень ахвяр канфлікту ўжо некалькі сотняў, раней паўстанцы пры падтрымцы Ірану аднавілі сваю кампанію барацьбы за Марыб, апошнюю апору ўраду на багатай нафтай поўначы. Каля 400 чалавек загінулі ў выніку сутыкненьняў у горадзе на поўначы краіны ў верасьні пасьля пэўнага зацішша ў баях.

Марыб знаходзіцца прыкладна ў 120 кілямэтрах на ўсход ад сталіцы Саны, якая знаходзіцца пад кантролем паўстанцаў. Марыб месьціцца на скрыжаваньні паміж паўднёвымі і паўночнымі рэгіёнамі і мае ключавое значэньне для кантролю поўначы Емэну.

Вайна паміж вайсковай кааліцыяй пад кіраўніцтвам Саудаўскай Арабіі, якая падтрымлівае ўрад, і паўстанцамі, якіх падтрымлівае Іран, спрычынілася да дзясяткаў тысяч сьмерцяў і выгнала мільёны людзей зь іх дамоў. Каля 80% з 30-мільённага насельніцтва Емэну залежаць ад гуманітарнае дапамогі. ААН называе гэта найгоршым гуманітарным крызісам у сьвеце.

Канфлікт у Емэне разгарэўся ў 2014 годзе, калі Хуці захапілі сталіцу Сану, гэта выклікала ўмяшальніцтва пад кіраўніцтвам Саудаўскай Арабіі.

У той час як ААН і Вашынгтон дамагаюцца спыненьня вайны, паўстанцы патрабуюць аднаўленьня працы аэрапорту Сана, закрытага саудаўскай блякадай з 2016 году. Толькі тады паўстанцы гатовыя спыніць агонь ці пачаць перамовы.

Апошнія перамовы стасоўна емэнскай сытуацыі адбыліся ў Швэцыі ў 2018 годзе, тады супрацьлеглыя бакі дамовіліся аб масавым абмене зьняволенымі і аслабанілі ад баёў горад Хадэйда, дзе порт служыць «выратавальным колам» для краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG