Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФСБ выдварае з Расеі абаронцу правоў мігрантаў Валянціну Чупік. Ёй забаранілі вяртацца да 2051 году


Валянціна Чупік

Праваабаронцу Валянціну Чупік у ноч на суботу, 25 верасьня, затрымалі ў аэрапорце Шарамецева пасьля прылёту з Армэніі. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў паплечнік Чупік Аляксандар Кім.

Чупік — грамадзянка Ўзбэкістану. У Расеі яна пражывала ў статусе ўцякачкі. На мяжы пасьля прылёту ёй выдалі апавяшчэньне аб пазбаўленьні статусу і забароне на ўезд у Расею да 2051 года. Па словах Кіма, Чупік пасьпела паведаміць яму пра затрыманьне і выслаць фотакопіі дакумэнтаў, выдадзеных ёй на мяжы (маюцца ў распараджэньні Радыё Свабода). Затым сувязь з затрыманай зьнікла.

Чупік ў Расеі займалася абаронай правоў мігрантаў. Калегі праваабаронцы мяркуюць, што затрыманьне — гэта помста за актыўную грамадзянскую дзейнасьць.

Паплечнікі засьцерагаюцца, што Чупік могуць адправіць у Ўзбэкістан, і дапускаюць, што на радзіме яе чакаюць перасьлед спэцслужбаў і катаваньні. Калегі мяркуюць, што Чупік неабходна адправіць у трэцюю краіну.

Паводле зьвестак МУС, за першыя шэсьць месяцаў 2021 года ў Расею не пусьцілі амаль 99 тысяч замежных грамадзянаў. Падрабязнасьцяў ведамства не прыводзіць.

  • Валянціна Чупік пераехала ў Расею ў 2006 годзе пасьля андыжанскіх падзяў ва Ўзбэкістане. Чупік паведамляла, што ёй пагражалі супрацоўнікі спэцслужбаў. У 2009 годзе Чупік атрымала ў Расеі статус уцякача. У Маскве Чупік заснавала праваабарончую арганізацыю «Тонг Жахоні» (Раніца сьвету), якая аказвае бясплатную юрыдычную дапамогу мігрантам, якія сутыкнуліся з незаконнымі затрыманьнямі паліцыяй і дэпартацыяй, нявыплатай заробку і іншымі парушэньнямі правоў прыежджых работнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG