Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад пацукоў у каналізацыі да замаху на Гайдукевіча: Дзіўныя справы ад беларускіх спэцслужбаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Тратыл і плястыд, прарыў мяжы на джыпе, 900 тысяч даляраў за канапай Ціханоўскага. Прыгадваем дзіўныя справы ад беларускіх спэцслужбаў, многія зь якіх падобныя адна да адной.

2006 год. Дохлыя пацукі і захоп улады

21 лютага 2006 году, яшчэ да дня выбараў, арыштавалі лідэраў незарэгістраванай ініцыятывы назіраньня за выбарамі «Партнэрства» Цімафея Дранчука, Мікалая Астрэйку, Аляксандра Шалайку і Эніру Браніцкую. Усіх абвінавацілі ў намеры захапіць уладу.

Тагачасны кіраўнік КДБ Сьцяпан Сухарэнка на прэс-канфэрэнцыі заявіў, што за мяжой перад выбарамі ў Беларусі рыхтавалі баевікоў. Таксама ён прадэманстраваў відэа, на якім невядомы чалавек кажа, што праходзіў навучаньне ў Грузіі, каб «масава атруціць людзей». Для гэтага трэба было «злавіць пацука, забіць яго і кінуць у сыстэму водазабесьпячэньня».

Пазьней арыштаваных актывістаў судзілі не за намер захапіць уладу і не за пацукоў, а за незаконную арганізацыю дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня. Актывісты атрымалі тэрміны зьняволеньня ад некалькіх месяцаў да 2 гадоў. Намётавае мястэчка на Кастрычніцкай плошчы разагнаў АМАП, а затрыманым там людзям прысудзілі суткі і штрафы.

2010 год. Гранатамёты і аўтаматы для захопнікаў Дому ўраду

Архіўнае фота: разгон Плошчы-2010, 19 сьнежня 2010 году
Архіўнае фота: разгон Плошчы-2010, 19 сьнежня 2010 году

У прапагандысцкім фільме «Жалезам па шкле», які паказала дзяржаўная тэлевізія ўжо пасьля выбараў, расказвалі, што 17 сьнежня сілавікі знайшлі ў нейкім менскім гаражы «аўтаматы Калашнікава, гранатамёты „Муха“, пісталет, патроны і тратылавыя шашкі».

Усё гэта нібыта прызначалася для захопнікаў Дому ўраду. Чый гэта быў арсэнал і які ягоны далейшы лёс, не ўдакладнялася ні на судзе, ні ў матэрыялах крымінальнай справы.

Увечары 19 сьнежня невядомыя атакавалі калёну Ўладзімера Някляева, на той момант яшчэ кандыдата ў прэзыдэнты, які рухаўся з паплечнікамі на Кастрычніцкую плошчу.

Сьпярша ягоны мікрааўтобус спынілі супрацоўнікі ДАІ, а пасьля калёну закідалі сьвятлашумавымі гранатамі, а самога кандыдата моцна зьбілі.

Зьбіты 19 сьнежня 2010 году кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў
Зьбіты 19 сьнежня 2010 году кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў

Хто былі тыя нападнікі, незразумела па сёньня. Пазьней на судзе над Някляевым прагучыць інфармацыя, што ў мікрааўтобусе знайшлі «арматуру і дымавыя шашкі». Паходжаньня гэтых прадметаў суд не патлумачыў. Актывісты заявілі, што бусік, пра які напісаў у рапарце КДБ і які пасьля паказалі па дзяржаўнай тэлевізіі, — ня той, які суправаджаў дэманстрантаў.

2017 год. Прарыў мяжы і баевікі пад Бабруйскам

21 сакавіка, перад заплянаванай масавай акцыяй на Дзень Волі, Аляксандар Лукашэнка заявіў пра трэнавальныя лягеры баевікоў пад Бабруйскам і Асіповічамі, і ўжо праз пару гадзін пачаліся затрыманьні ў «справе патрыётаў».

Агулам праз падазрэньне ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і ўдзеле ў незаконным узброеным фармаваньні затрымалі 35 чалавек. Сярод фігурантаў былі вайскоўцы, гісторыкі, дызайнэры, памежнікі, рамесьнікі, актывісты зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту».

Усё пачалося нібыта зь ліста невядомай грамадзянкі Нямеччыны «фраў А.» на імя Лукашэнкі пра тое, што 25 сакавіка ў Менску рыхтуюцца правакацыі. Справа нават не дайшла да суду, усіх фігурантаў адпусьцілі праз два месяцы пасьля затрыманьня без усялякіх кампэнсацыяў і прабачэньняў.

«Фрау А.» на тэлеканале «Беларусь-1»
«Фрау А.» на тэлеканале «Беларусь-1»
Тады ж паведамлялі аб прарыве беларускай мяжы з боку Ўкраіны джыпам з баевікамі. Гэтага джыпа таксама не знайшлі, а ўкраінскі бок заявіў, што такога інцыдэнту проста не было. 25 сакавіка 2017 году скончылася брутальным разгонам пратэстоўцаў, на вуліцу вывелі вадамёты, АМАП меў зброю з гумовымі кулямі. Затрымалі сотні людзей.

2020 год. 200 баевікоў для дэстабілізацыі абстаноўкі

Кадар з рэпартажу дзяржаўнай тэлевізіі пра затрыманьне баевікоў «ЧВК Вагнера» пад Менскам
Кадар з рэпартажу дзяржаўнай тэлевізіі пра затрыманьне баевікоў «ЧВК Вагнера» пад Менскам

29 ліпеня агенцтва БЕЛТА са спасылкай на праваахоўныя органы паведаміла, што ў Беларусь прыбылі «больш як 200 баевікоў для дэстабілізацыі абстаноўкі ў пэрыяд выбарчай кампаніі». У ноч на 28 ліпеня 33 зь іх былі затрыманыя ў санаторыі пад Менскам.

Пазьней высьветлілася, што ў Беларусі затрымалі ўдзельнікаў расейскага прыватнага вайсковага агенцтва «Вагнэр». Усіх іх вярнулі назад у Расею. А вось дзе яшчэ 167 баевікоў і чаму іх так і не знайшлі, сілавікі не паведамілі па сёньня.

2020 год. 900 тысяч даляраў за канапай у Ціханоўскага

У траўні мінулага году па ўсёй Беларусі людзі станавіліся ў вялізныя чэргі, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў. 29 траўня пікет па зборы подпісаў праходзіў у Горадні, зьбіралі подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую, на пікеце прысутнічаў яе муж і кіраўнік штабу — Сяргей Ціханоўскі.

У Горадні блогера пачалі настойліва распытваць дзьве жанчыны (адну зь іх пасьля ідэнтыфікавалі ў сацыяльных сетках), да Ціханоўскага падышлі міліцыянты, і ў нейкі момант адзін зь міліцыянтаў апынуўся на зямлі. На відэа відаць, што сам Ціханоўскі да яго не дакранаўся. Ціханоўскага затрымалі, з таго часу ён у турме.

За 4 гадзіны да гэтага затрыманьня Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з рабочымі МТЗ апісаў напад на міліцыянта падчас меркаванага пікету Ціханоўскага.

На лецішчы ў Сяргея Ціханоўскага за канапай нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў (грошы адшукала толькі трэцяя брыгада сьледчых, якая прыехала на ператрус). Што гэта за грошы, па сёньня не зразумела. Сам Сяргей Ціханоўскі на адным з судоў па адміністрацыйнай справе з гэтай інфармацыі пасьмяяўся.

Сакавік 2021. Жыхар Вялейкі са зброяй

27 сакавіка МУС паведаміла пра затрыманьне ў раёне мэтро «Пушкінская» жыхара Вялейкі з «газавым і сыгнальным пісталетам, патронамі, лазэрнай указкай і складаным нажом». Затрыманым аказаўся Андрэй Сялюн, брат расстралянага ў 2014 годзе Паўла Селюна, якога прыгаварылі да вышэйшай меры за падвойнае забойства.

4 чэрвеня высьветлілася, што Андрэя Селюна адпусьцілі з «Валадаркі», меру стрыманьня яму зьмянілі. Аднак ён застаецца фігурантам справы па 342 артыкуле (дзеяньні, што груба парушаюць грамадзкі парадак). Пасьля вызваленьня затрыманы казаў, што знойдзеныя сілавікамі ў яго рэчы «патрэбныя для самаабароны». І што яго затрымалі, калі ён накіроўваўся на рынак Ждановічы, без аніякай сымболікі.

Ліпень 2021. Напад на Азаронка

На пачатку ліпеня дзяржаўныя СМІ паведамілі пра напад на прапагандыста Грыгорыя Азаронка. Нібыта да 1 ліпеня (калі адбыўся напад) была выраблена зброя, а выканаўцам перавялі 10 тысяч даляраў. Па словах дзяржаўных СМІ, «Азаронка хацелі вывезьці за горад і там адрэзаць язык і зьняць гэта на відэа».

Але, нібыта, «праваахоўнікі змаглі затрымаць нападнікаў». Сярод абвінавачаных названыя прозьвішчы Сасноўскі і Хофман.

Верасень 2021. Замах на Алега Гайдукевіча

15 верасьня дзяржаўныя СМІ паведамілі пра затрыманьне падазраваных у нападзе на дом дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алега Гайдукевіча. Нібыта сям’я Вайцяховічаў «плянавала некалькі тэрарыстычных атак». У якасьці ахвяраў — «Алег Гайдукевіч, вядоўцы дзяржаўных тэлеканалаў, супрацоўнікі сілавых органаў і судзьдзі».

«Вайцяховічы не былі ідэйнымі барацьбітамі, іх дзеяньні былі прадыктаваныя карысьлівым матывам. За свае тэрарыстычныя атакі яны атрымлівалі буйныя сумы грашовых сродкаў з-за мяжы, то бок па сваёй сутнасьці зьяўляліся наймітамі», — паведамляла КДБ пра справу Гайдукевіча 15 верасьня.

23 верасьня сытуацыя зьмянілася. Замест Вайцяховічаў «замах на Алега Гайдукевіча» рыхтаваў, аказваецца, нехта Сяргей Сакалоў, ён жа меў «схроны са зброяй».

«Сакалоў па заданьні замежных заказчыкаў плянаваў напады, аж да фізычнай ліквідацыі, на супрацоўнікаў праваахоўных органаў, дзяржаўных і грамадзкіх дзеячоў з мэтай застрашваньня насельніцтва і дэстабілізацыі грамадзкага парадку. На яго думку, такія дзеяньні маглі стварыць умовы для аднаўленьня пратэставай актыўнасьці і наступнага гвалтоўнага зьвяржэньня дзейнай улады», — паведаміў КДБ ужо 23 верасьня.

Па словах КДБ, «замежныя куратары ўсклалі на Сакалова задачу па абсталяваньні ў Беларусі схронаў са зброяй, боепрыпасамі і выбуховымі рэчывамі».

На Сяргея Сакалова праваахоўнікі нібыта выйшлі падчас «расьсьледаваньня справы аб нападзе на дом Сяргея Гайдукевіча».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG