Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ заявіў, што затрымаў чалавека, які прывозіў у Беларусь зброю


КДБ Беларусі
КДБ Беларусі

Нічога канкрэтнага ў сваёй заяве Камітэт дзяржаўнай бясьпекі не прыводзіць, толькі анансуе спэцрэпартаж на тэлевізіі.

У сваёй заяве КДБ адзначае, што зброя «прызначалася для ўзбраеньня тэрарыстычных групаў».

Агенцтва тэленавінаў на базе гэтай інфармацыі выпусьціла паведамленьне:

«У спэцыяльным рэпартажы АТН „Кілер для дэпутата“ мы пакажам і раскажам: хто замоўцы цяжкіх злачынстваў і дзеля чаго абвінавачваны сачыў за прадстаўнікамі ўлады».

У матэрыяле дзяржаўнай тэлевізіі сьцьвярджаюць, што «як спэцыяліст падазраваны атрымаў падрыхтоўку ў снайпэрскай, а таксама падрыўной справе. Акрамя таго, ажыцьцяўляў сачэньне за некаторымі прадстаўнікамі ўлады і сілавікамі з мэтай далейшага нападу на іх».

Сілавікі нібыта выйшлі на мужчыну падчас расьсьледаваньня справы аб нападзе на дом дэпутата Алега Гайдукевіча.

«Затрыманыя больш за 20 чалавек — як непасрэдна выканаўцы тэрактаў, так і іх памагатыя. Расьсьледаваньне ў крымінальнай справе працягваецца. Абвінавачаныя актыўна супрацоўнічаюць са сьледзтвам, даюць прызнаўчыя паказаньні, выкрываючы і саміх сябе, і сваіх саўдзельнікаў», — сказаў намесьнік начальніка сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанцін Бычак, яго словы прыводзіць агенцтва «Інтэрфакс».

Ранейшыя справы аб спробах захопу ўлады

У красавіку 2021-га ўлады паведамлялі аб справе аб замаху на Аляксандра Лукашэнку і назвалі 9 імёнаў (частка з гэтых людзей пад вартай, частка за мяжой):

  • Аляксандар Фядута,
  • Юры Зянковіч,
  • Рыгор Кастусёў,
  • Вольга Галубовіч,
  • Дзьмітры Шчыгельскі,
  • Аляксандар Перапечка,
  • Павал Кулажанка,
  • Віталь Макаранка,
  • Ігар Макар.

У мінулыя гады, а таксама ў 2020 і 2021 гадах улады з дапамогай дзяржаўных тэлеканалаў і сілавікоў неаднаразова казалі пра нібыта маштабныя апэрацыі замежных спэцслужбаў супраць дзейнага кіраўніцтва Беларусі. Для гэтага, згодна з афіцыйнымі вэрсіямі, плянавалася выкарыстоўваць дохлых пацукоў, тоны зброі, прарывы мяжы на джыпах з узбраеньнем для пратэстоўцаў, высадку дывэрсантаў.

Ні ў адной з гучных справаў, напрыклад, аб «захопе Дому ўраду» ў 2010-м, «справе патрыётаў» 2017 году, «200 вагнэраўцаў у лесе» 2020-га і іншых улады так і не прадставілі пераканаўчых доказаў сапраўднай падрыхтоўкі беспарадкаў, закалотаў і замахаў. Гучна анансаваныя празь дзяржаўнае ТБ падрабязнасьці заставаліся невядомымі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG