Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома пра сям’ю, якую вінавацяць у тэрарызьме пасьля нападу на дом Гайдукевіча


Дэпутат Алег Гайдукевіч выступае ў Палаце прадстаўнікоў, архіўнае фота

На дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» паказалі фільм пад назвай «Неблагородное семейство». У ім расказвалі пра людзей, якіх вінавацяць у тым, што яны закідалі кактэйлямі Молатава дом дэпутата Алега Гайдукевіча.

Да выхаду фільму «Наша Ніва» пагаварыла са сваякамі затрыманай сям'і. У самім фільме БТ сям'ю зьвінавацілі, што яны рыхтавалі іншыя напады на прадстаўнікоў улады, а таксама паведамілі, што агулам па справе затрыманыя больш за 20 чалавек.

Пра напад на дом Гайдукевіча стала вядома ў чэрвені. Дэпутат паскардзіўся, што ў дом прыляцела некалькі бутэлек з гаручым рэчывам, будынак цудам не загарэўся. Неўзабаве КДБ завёў па гэтым факце крымінальную справу за тэрарызм. Сёньня дзяржаўная тэлевізія паказала затрыманых яшчэ да вынясеньня прысуду.

Як піша «Наша Ніва», Вольга і Віталь Вайцяховічы жылі ў Барысаве. 48-гадовая Вольга займалася нарошчваньнем пазногцяў. Яе 56-гадовы муж Віталь працаваў на вытворчасьці драўляных вокнаў. У іх трое дзяцей: дарослыя дачка і сын ужо ў шлюбах, жывуць асобна, малодшаму сыну, які жыў зь імі, — 9 гадоў.

Сын Улад скончыў Вайсковую акадэмію, пасьля жыў у Менску. Ажаніўся, дзяцей пакуль ня мае. Жонка Насьця працавала прадаўцом у краме зоатавараў. Уладу 26 гадоў, Насьці — 24.

«Улад вучыўся на нейкую спэцыяльнасьць, зьвязаную з унутранымі войскамі, пасьля акадэміі служыў у Менску. Я дакладна ня ведаю дзе, глядзеў за салдатамі, штосьці такое, — расказала «Нашай Ніве» сястра хлопца Хрысьціна. — Але пасьля выбараў Улад звольніўся адтуль. Ён казаў, што яму цяжка знаходзіцца ў той абстаноўцы, казаў, што маральна ня вытрываў. Цяпер працаваў звычайным таксістам».

Хрысьціна ўзгадвае пра затрыманьне родных.

«13 жніўня я спала дома. Мне пазванілі і сказалі, што маму затрымалі. Я спачатку нічога не зразумела. Разгубілася, нават ня стала нічога ўдакладняць. Пачала званіць тату, Уладу, жонцы Ўлада — ва ўсіх недасяжныя тэлефоны. Тады я спалохалася, зразумела, што нешта ня так».

Дзяўчына кажа, што ня ведае дакладна, у чым абвінавачваюць яе сям’ю.

«Адвакаты сказалі, што яны пад падпіскай аб неразгалошваньні, таму нельга нам казаць пра абвінавачаньні. Да нас даходзяць чуткі і меркаваньні, што там ці то тэрарызм, ці то замах на чалавека, але што канкрэтна, мы ня ведаем. Нам нічога ня кажуць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG