Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога кіраўніка Каталёніі арыштавалі ў Італіі


Карлес Пудждэмон
Карлес Пудждэмон

Былога кіраўніка Каталёніі Карлеса Пудждэмона затрымалі на востраве Сардыніі, паведамляе агенцтва ANSA са спасылкай на крыніцы ў паліцыі. Гэтую інфармацыю таксама пацьвердзіў AFP ягоны адвакат.

Затрыманьне правялі па пастанове Вярхоўнага суду Гішпаніі, у рамках якога ў кастрычніку 2019 году быў выдадзены ордэр на арышт Пудждэмона.

Гішпанскія ўлады абвінавачваюць былога кіраўніка Каталёніі ў падбухторваньні да мяцяжу і крадзяжоў. Акрамя таго, яго лічаць арганізатарам рэфэрэндуму аб незалежнасьці Каталёніі ў 2017 годзе, удзельнікі якога ў пераважнай большасьці выступілі за выхад са складу Гішпаніі.

У дачыненьні да Пудждэмона дзейнічае эўрапейскі ордэр на арышт: паліцыянты ўзялі яго пад варту ў аэрапорце, адразу пасьля прылёту на Сардынію. Чакаецца, што Пудждэмон у пятніцу паўстане перад апэляцыйным судом горада Сасары, паведамляе газэта El Pais са спасылкай на яго адваката Гансала Бое. Італьянскім судовым уладам трэба будзе вызначыць, ці ёсьць падставы выдаваць яго Гішпаніі.

Пудждэмон уцёк з Гішпаніі ў 2017 годзе, пасьля правядзеньня рэфэрэндуму аб незалежнасьці Каталёніі. На Сардыніі ў яго быў заплянаваны шэраг сустрэч, у тым ліку з прыхільнікамі незалежнасьці вострава ад Італіі, паведамляюць СМІ.

Палітычны крызіс у Каталёніі рэзка абвастрыўся восеньню 2017 году, пасьля таго, як у рэгіёне прайшоў рэфэрэндум аб незалежнасьці. Нягледзячы на вынікі рэфэрэндуму, Мадрыд у асобе караля Фэліпэ VI і тагачаснага прэм’ера Марыяна Рахоя заняў жорсткую пазыцыю ў адносінах да прыхільнікаў аддзяленьня Каталёніі. Улады Гішпаніі адмовіліся ад перамоваў з Каталёніяй і пачалі арыштоўваць палітыкаў, якія патрабавалі аддзяленьня рэгіёну.

Тагачасны кіраўнік Каталёніі Карлес Пудждэмон і 13 вышэйшых службовых асобаў Каталёніі ў кастрычніку 2017 году былі абвінавачаныя ў мяцяжы і карупцыі. Вярхоўны суд Гішпаніі вынес прысуд за сэпаратызм 12 мясцовым палітыкам. Самы строгі вэрдыкт — 13 гадоў пазбаўленьня волі за падбухторваньне да паўстаньня. Рашэньне суду прывяло да пратэстаў у Барсэлёне. Пудждэмон выехаў з краіны. У траўні 2019 году яго выбралі дэпутатам Эўрапарлямэнту, што дало магчымасьць Бэльгіі не выдаваць яго Мадрыду. У сакавіку 2021-га Эўрапарлямэнт пазбавіў недатыкальнасьці самога Пудждэмона і яго паплечнікаў, былых чальцоў ураду Тоні Коміна і Клару Пансаці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG