Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Літаратура як голас свабоды». Беларускія пісьменьнікі на кніжным кірмашы ў Празе


Кніжны кірмаш Svět knihy Praha 2021 і адкрыцьцё стэнду Амбасады беларускай незалежнай культуры.
Кніжны кірмаш Svět knihy Praha 2021 і адкрыцьцё стэнду Амбасады беларускай незалежнай культуры.

Сёньня ў Празе пачаўся чатырохдзённы міжнародны кніжны кірмаш і фэстываль Svět knihy 2021. У ім удзельнічае прадстаўнічая група пісьменьнікаў зь Беларусі.

Прыезд пісьменьнікаў і праграму іх удзелу ў кніжным кірмашы арганізавала і забясьпечыла Амбасада незалежнай беларускай культуры ў Брне, працай якой кіруе багеміст і перакладчык Сяргей Сматрычэнка.

Стэнд Амбасады беларускай незалежнай культуры з выданьнямі беларускіх аўтараў знаходзіцца ў цэнтральнай частцы выставачнага павільёну ў праскім квартале Голешавіцы, дзе традыцыйна адбываецца штогадовы кніжны кірмаш Svět knihy.

Будынак, у якім праходзіць кніжны кірмаш Svět knihy Praha 2021
Будынак, у якім праходзіць кніжны кірмаш Svět knihy Praha 2021

У агульнай праграме праскага кірмашу, які сёлета праходзіць пад дэвізам «Мой дом — у мове», сустрэчы зь беларускімі аўтарамі і іх чытаньні выдзеленыя ў асобную «падпраграму» пад назвай «Літаратура як голас свабоды».

Агулам заплянавана больш за дзесяць сустрэчаў чытачоў з аўтарамі зь Беларусі ў рамках праскага кніжнага фэстывалю. У афіцыйнай праграме заяўлены ўдзел наступных беларускіх аўтараў: Таня Скарынкіна, Дзьмітры Строцаў, Сяргей Прылуцкі, Андрэй Хадановіч, Анка Ўпала, Крысьціна Бандурына, Сабіна Брыло, Ева Вежнавец, Максім Жбанкоў, Альгерд Бахарэвіч, Юлія Цімафеева, Ільля Сін, Тацяна Нядбай, Макс Шчур.

Адкрыцьцё стэнду Амбасады беларускай незалежнай культуры. Выступае дырэктар кірмашу Svět knihy Praha 2021 Радаван Аўэр.
Адкрыцьцё стэнду Амбасады беларускай незалежнай культуры. Выступае дырэктар кірмашу Svět knihy Praha 2021 Радаван Аўэр.

Сярод тэмаў дыскусій-сустрэч беларускіх аўтараў з публікай на кірмашы значацца такія: «Літаратура і мова» (пра дзьве мовы ў літаратуры Беларусі), «Беларускія жанчыны — ці ў беларускай рэвалюцыі жаночы твар?», «Здалёк ад дому» (пра пісьменьнікаў у выгнаньні), «Як паведамляць праўду?» (пра сытуацыю беларускіх незалежных СМІ).

У рамках беларускай часткі кірмашу адбудуцца таксама дзьве сустрэчы з журналістамі беларускай рэдакцыі Радыё Свабода. Адна зь іх, у пятніцу 24 верасьня, будзе прысьвечаная прэзэнтацыі найноўшых выданьняў з сэрыі «Бібліятэка Свабоды» — зборніка сьведчаньняў «Галасы Беларусі», укладзенага Сяргеем Дубаўцом, і працы Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга другая». А ў нядзелю 26 верасьня журналісты Свабоды раскажуць пра сваю працу ў Празе.

Адкрыцьцё стэнду Амбасады беларускай незалежнай культуры. Амбасадар Сяргей Сматрычэнка.
Адкрыцьцё стэнду Амбасады беларускай незалежнай культуры. Амбасадар Сяргей Сматрычэнка.
Міраслаў Ошчатка — дырэктар Цэнтру экспэрымэнтальнага тэатру ў Брне, пры якім існуе Амбасада.
Міраслаў Ошчатка — дырэктар Цэнтру экспэрымэнтальнага тэатру ў Брне, пры якім існуе Амбасада.
  • Svět knihy (вядомы шырэй пад англамоўнай назвай Book World Prague) — найбуйнейшы кніжны кірмаш і фэстываль у Чэхіі, які, пачынаючы з 1994 году, адбываецца на Праскай выставачнай пляцоўцы (Výstaviště Praha) штогод у траўні. Выняткам сталі 2020 год, калі кірмаш не адбыўся праз каранавірусную пандэмію, і 2021 год, калі яго перасунулі зь вясны на восень.
  • У сярэднім кірмаш Svět knihy і яго суправаджальныя праграмы штогод наведваюць каля 50 тысяч чалавек. Штогод на фэстывалі прэзэнтуюць 700–800 пісьменьнікаў, ілюстратараў, перакладчыкаў і іншых асоб выдавецкай індустрыі больш як з 30 краін.
На кірмашы
На кірмашы

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG