Фахрызадэ загінуў у лістападзе 2020 году на поўначы Ірана. Аўтамабіль, у якім ён знаходзіўся, абстралялі з буйнакалібэрнай зброі, якой кіравалі дыстанцыйна. Як адзначае The New York Times, ізраільскія агенты выкарыстоўвалі кулямёт бэльгійскай вытворчасьці, прымацаваны да рабатызаванай прылады. Яна важыла каля тоны, таму ў Іран увозілі па частках і зьбіралі на месцы. Затым робата-забойцу зьмясьцілі ў пікап.
У дзень апэрацыі грузавік чакаў аўтамабіль Фахрызадэ на дарозе. Робат выпусьціў па машыне фізыка-ядзершчыка 15 куляў. Пасьля гэтага пікап дыстанцыйна ўзарвалі, але, па дадзеных крыніцаў, зьнішчыць зброю цалкам не атрымалася.
Іранскія СМІ раней пісалі, што навукоўца маглі забіць з ізраільскай зброі, кіраванай праз спадарожнік.
Па дадзеных газэты, з 2007 году агенты «Масаду» забілі шасьцярых іранскіх ядзершчыкаў, якія працавалі з Фахрызадэ над стварэньнем ядзернай боегалоўкі. Забіць Фахрызадэ, па дадзеных крыніцаў, спрабавалі яшчэ ў 2009 годзе, але нібыта з прычыны ўцечкі інфармацыі апэрацыю адмянілі.
Рыхтаваць новую апэрацыю Ізраіль пачаў у 2019 годзе, адзначае The New York Times, пасьля таго як у 2018 годзе ЗША выйшлі з ядзернай угоды.
У пачатку 2021 год Тэгеран паведаміў, што на падземным ядзерным аб’екце ў Фардо адноўлена ўзбагачэньне ўрану да 20 адсоткаў. Гэта зьяўляецца адным з самых сурʼёзных парушэньняў так званай «ядзернай угоды», заключанай у 2015 годзе паміж Тэгеранам і шасьцю сусьветнымі дзяржавамі. Іранскія ўлады заявілі, што гэты крок — адказ на забойства Ізраілем Фахрызадэ.