Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 гадоў далі віцябляніну за пратэсты. Севярынца этапавалі ў Шклоў. Новы кавідны рэкорд. Найважнейшае за 18 верасьня.


Польскія дэпутаты прынялі папраўкі ў закон, які, як яны спадзяюцца, адабʼюць у мігрантаў ахвоту парушаць мяжу

Падзеі 18 верасьня

Віцябляніну Сяргею Думаву далі 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «Жыве Беларусь!», трафарэт «Пагоні» і ўдзел у «масавых беспарадках». Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, але маці дазволілі прысутнічаць на пасяджэньнях. «Ні за што! Ніякіх доказаў не было пададзена», — сказала маці.

Журналістка «Нашай Нівы» Кацярына Карпіцкая, якая правяла месяц у зьняволеньні на Акрэсьціна, расказала, што вязьні сядзяць без матрацаў, шпацыраў, сну, перадач, адэкватнай мэдычнай дапамогі, напалову галодныя і ў антысанітарыі.

Прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што ў Беларусі знаходзяцца больш за 10 тысяч мігрантаў з Блізкага Ўсходу, пераважна з Іраку і Сырыі, «каб праводзіць гібрыдную атаку». Гібрыднай атакай у Эўразьвязе называюць паток мігрантаў, якія пераходзяць мяжу Беларусі з Польшчай, Латвіяй і Літвой па-за пунктамі пропуску. Маравецкі лічыць, што гэтая тактыка была інсьпіраваная Масквой.

Польскі Сэйм тым часам прыняў закон, паводле якога затрыманы за незаконнае перасячэньне беларуска-польскай мяжы іншаземец ня зможа падаць прашэньне аб прытулку, будзе абавязаны пакінуць тэрыторыю Польшчы і атрымае часовую забарону на ўезд у краіны Шэнгенскага пагадненьня.

Былая журналістка дзяржтэлевізіі Ксенія Луцкіна з пухлінай у мозгу ўжо дзвявяты месяц сядзіць у СІЗА. Яна пакутуе на галаўны боль, ёй кожны дзень колюць болепатольныя.

Тутбаеўцам працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай яшчэ на два месяцы. Яны за кратамі з 18 траўня.

Паўла Севярынца этапавалі ў калёнію, дзе сядзеў Вітольд Ашурак.

У Расеі праходзяць выбары ў Дзяржаўную Думу. Каманда Навальнага заклікала сваіх прыхільнікаў удзельнічаць у «Разумным галасаваньні», каб зьнізіць вынікі праўладнай партыі. Інструкцыю яны зьмясьцілі ў Telegram, Google Docs і YouTube. Улады загадалі сэрвісам выдаліць гэтую інфармацыю, што яны і пачалі рабіць 18 верасьня.

У Беларусі зноў зафіксавалі рэкордна вялікія лічбы новых хворых на COVID-19. Тым часам Міністэрства здароўя ня ўпэўненае, што ў краіне знойдзецца 100 тысяч ахвотных вакцынавацца Pfizerʼам.

A1 абʼявіла пра падвышэньне цэнаў. У правайдэра 5 мільёнаў абанэнтаў мабільнай сувязі і больш за мільён — стацыянарнага інтэрнэту.

Сьвятлана Ціханоўская мае неблагія шанцы атрымаць Нобэлеўскую прэмію міру, лічаць букмэкеры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG