Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У яе ў мозгу расьце пухліна». Бацька палітзьняволенай Ксеніі Луцкіной расказаў, што дачцэ кожны дзень колюць болепатольныя


Ксенія Луцкіна
Ксенія Луцкіна

Ксенія Луцкіна пакутуе ад галаўных боляў. Кожны дзень яна ходзіць у санчастку СІЗА, дзе ёй колюць болепатольныя.

«У яе ў мозгу расьце пухліна, праз гэта пастаянна баліць галава. Здароўе дачкі пагаршаецца», — расказаў бацька Ксеніі Алег Луцкін блогу «Отражение».

Таксама ў яе ад холаду і сырасьці абвастрылася была бранхіяльная астма. Але цяпер яна слабее. «Значыць, лекі, якія я перадаў, дапамаглі», — сказаў Алег Луцкін.

У СІЗА на Валадарскага Ксенія Луцкіна знаходзіцца ўжо дзявяты месяц. Жанчыну затрымалі ў сьнежні ў сувязі з справай «Прэс-клюбу» і абвінавацілі ў саўдзеле ў нявыплаце падаткаў. Пазьней гэтую справу закрылі, а Ксеніі выставілі новае абвінавачаньне.

Бацька Ксеніі кажа, што новае абвінавачваньне дачка ўспрыняла вельмі цяжка.

«Пісала: „Думала, [ужо] выйду, нават рэчы сабрала, але цуду не адбылося“», — цытуе Ксенію Алег.

Ён дадаў, што ў 2012-м яго дачку праапэравалі — выдалілі адну з дзьвюх пухлін, што выявілі на галаўным мозгу. Другую, каб не закрануць жыцьцёва важныя органы, не чапалі.

Пасьля гэтага раз у год журналістка абавязкова рабіла МРТ, хадзіла на кансультацыі да нэўрахірурга і нэўроляга. Да затрыманьня сытуацыя была стабільнай. У траўні і ліпені, калі Ксенію вазілі на тамаграфію ўжо зь СІЗА, дасьледаваньне паказала: пухліна пачала павялічвацца. Хутчэй за ўсё, мяркуе бацька, гэта праз стрэс і ўмовы ўтрыманьня. Да журналісткі прыходзіў нэўрахірург. Якім было яго заключэньне, Алег ня ведае.

«Да 1 верасьня ёй на тыдзень прапісалі пасьцельны рэжым: днём дазвалялі ляжаць. Яна пісала, што вельмі хацела выспацца, але праз тое, што ў камэры зь ёй яшчэ дзевяць чалавек, зрабіць гэта аказалася немагчыма».

Ксеніі Луцкіной двойчы з 1 ліпеня прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні, расказаў Алег.

«Але за што ёй прасіць прабачэньня? Ні да „Прэс-клюбу“, ні да нясплаты падаткаў яна ня мела ніякага дачыненьня», — апавёў бацька журналісткі.

Каб зьмяніць умовы ўтрыманьня, яго дачка з адвакатам пішуць ва ўсе інстанцыі, аднак у адказ атрымліваюць толькі адмовы.

«Дачку павінен агледзець нэўроляг. Можа, пасьля яго візыту нешта зьменіцца», — разважае Алег.

Ён расказаў, што тройчы пісаў просьбу аб спатканьні з дачкой, але яму кожны раз адмаўлялі «ў інтарэсах сьледзтва».

Ксенію Луцкіну затрымалі 22 сьнежня 2020 году ў адзін дзень з супрацоўнікамі «Прэс-клюбу».

Сытуацыю вакол Ксеніі Луцкіной пасьля вызваленьня пракамэнтавала Юлія Слуцкая.

«На ўсіх допытах мы заўжды гаварылі, што Ксенія і яе апэратар (Дзяніс Сакалоўскі. — РС) ня маюць ніякага дачыненьня да дзейнасьці „Прэс-клюбу“. Ксенія адзін раз удзельнічала ў хакатоне, які праводзіў „Прэс-клюб“, і ейны праект быў у ліку пераможцаў. Я бачыла яе адзін раз у „Прэс-клюбе“ і тое мімаходам. Другі раз я пабачыла яе ўжо ў Сьледчым камітэце».

Паводле Слуцкай, Луцкіной выставілі новае абвінавачваньне паводле артыкулу 357 Крымінальнага кодэксу (змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG