Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юлія Слуцкая — пра фармулёўку памілаваньня, справу Луцкіной і камэру «Шанхай» з пацукамі


Юлія Слуцкая.

19 жніўня пасьля амаль 8 месяцаў за кратамі выйшлі на волю сябры «Прэс-клюбу» Юлія Слуцкая, Пётра Слуцкі, Сяргей Альшэўскі і Ала Шарко.

Кіраўніца арганізацыі Юлія Слуцкая расказала, што для гэтага давялося прызнаць віну, сплаціць 200 000 рублёў і падпісаць прашэньне пра памілаваньне на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Асноўныя тэзісы

  • Наш працэс памілаваньня пачаўся на пачатку лета, а лісты Васкрасенскага трапілі ў нашу камэру за два тыдні да «вялікай размовы», іх ніхто сур’ёзна не ўспрыняў і ніхто не адказаў на іх.
  • Мы пайшлі на гэта не таму, што лічым сябе вінаватымі. Гэта было з большага маё рашэньне, бо з прапановай памілаваньня прыйшлі да мяне.
  • Не адразу прыняла гэтае рашэньне, было цяжка. Мой матыў — вельмі важна знаходзіцца на свабодзе. Я добра разумела, што будзе жорсткі судовы прысуд.
  • Нам ня трэба было нікога агаворваць акрамя сябе, і мы вырашылі, што гэта перажывем.
  • Зь Ксеніяй Луцкіной ня так атрымалася, бо яна — ня сябра каманды «Прэс-клюбу». Я ня мела зь ёй кантактаў праз адваката.
  • Мы выпадкова сустрэліся зь Ксеніяй у мэдычным кабінэце на ўколах, і яна сказала, што ня можа прыняць тое, да чаго ня мае ніякага дачыненьня.
  • Наколькі я ведаю, Ксеніі выставілі новае абвінавачваньне паводле артыкулу 357 (пагроза нацыянальнай бясьпецы).
  • Ксенію Луцкіну і Дзяніса Сакалоўскага органы зьвязалі з «Прэс-клюбам», але наша абвінавачваньне заканчвалася 2019 годам, я тады ня ведала ні Ксенію, ні яе апэратара. Незразумела, чаму яны ішлі па адной крымінальнай справе разам з «Прэс-клюбам». Я ведаю, што цяпер Ксеніі выставілі новае абвінавачваньне паводле артыкулу 357 Крымінальнага кодэксу (Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады. — РС).
  • Як і няясна, чаму па гэтай справе павінен быў ісьці мой сын, які быў відэаапэратарам і гукарэжысэрам і ня меў ніякага дачыненьня да сплаты падаткаў. Як і Ала Шарко, якая займалася арганізацыяй івэнтаў і ніводнай дамовы не падпісала. І наш дырэктар, які стаў ім у жніўні 2020 году.
  • Сын сядзеў у вельмі дрэнных умовах, так званым «Шанхаі», 30-мэтровай камэры ў падвале на 25 чалавек. Там цыгарэты пакрываюцца цьвільлю праз тры дні, пацукі, прусакі, і ўсе паляць. Гэта пекла.
  • Мы пачалі даваць паказаньні пасьля 4 месяцаў па затрыманьні. На пачатку году родныя заплацілі шкоду, якую нам выставілі. Спадзяваліся, што так нас вызваляць хаця б пад падпіску ці хатні арышт. Гэта ні на што не паўплывала.
  • Дзіўна, што суму 200 000 рублёў назваў Раман Пратасевіч, бо яна не была ў адкрытымі доступе. Палову сумы сплацілі мае родныя, прадаўшы нерухомасьць, другая часта была сплачаная з рахунку «Прэс-клюбу».
  • Прызнаньне віны гучала наступным чынам: Мы рабілі івэнты, кансультаваліся з юрыстам і бугальтарам і лічылі, што не парушаем заканадаўства. Але прачытаўшы акты, пабачылі, што гэта можа трактавацца і па-іншаму, таму сваю віну мы прызнаем.
  • Справа «Прэс-клюбу» закрытая, зьнялі арышт з усіх асабістых рэчаў. Ці свабодныя мы людзі, пакуль ня ведаю.
  • Наша камэра — рэпрэзэнтацыйная выбарка новага беларускага грамадзтва — праваабаронца Марфа Рабкова, Ала Лапатко з Tut.by, нядаўна зьявілася жанчына, якая была валянтэрам, насіла перадачы на Валадарку палітвязьням, якой цяпер цяжкія абвінавачваньні выставілі.
  • «Прэс-клюб» ліквідаваны. Пакуль пляны — быць з маімі роднымі, хадзіць кожны дзень на прагулкі. Можа быць, пасьпею паплаваць у возеры ці зьбіраць грыбы.
  • Буду займацца здароўем, мне патрэбная мэдычная рэабілітацыя. Думаю пра тое, каб напісаць кнігу пра вельмі своеасаблівы шлях беларускай журналістыкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG