Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыскваліфікаванага Баскава вывелі са складу рады дырэктараў Кантынэнтальнай хакейнай лігі


Казакі на варце Кубка Гагарына, галоўнага трафэю КХЛ
Казакі на варце Кубка Гагарына, галоўнага трафэю КХЛ

Адхіленага рашэньнем Міжнароднай фэдэрацыі хакею на 5 гадоў ад спартовай дзейнасьці Дзьмітрыя Баскава таксама вывелі са складу рады дырэктараў Кантынэнтальнай хакейнай лігі (КХЛ).

Як паведамляецца на сайце КХЛ, месца Дзьмітрыя Баскава заняў генэральны дырэктар ХК «Дынама-Менск» Сяргей Сушко.

10 верасьня Дзьмітры Баскаў пакінуў пасаду старшыні Фэдэрацыі хакею Беларусі. У паведамленьні арганізацыі ўдакладнялася, што функцыянэр напісаў заяву аб звальненьні ў сувязі зь «неабгрунтаваным грубым ціскам і каб не нашкодзіць віду спорту».

Раней Міжнародная фэдэрацыя хакею (IIHF) заявіла, што ў выпадку, калі Фэдэрацыя хакею Беларусі будзе ігнараваць патрабаваньні аб дыскваліфікацыі Дзьмітрыя Баскава, санкцыі могуць чакаць яе саму.

Дзьмітрыя Баскава дыскваліфікавалі пасьля 9-месячнага расьсьледаваньня Дысцыплінарнай камісіі IIHF, якая палічыла, што ён парушае Кодэкс паводзінаў фэдэрацыі. Дзеяньне санкцыі скончыцца 9 верасьня 2026 году.

У прыватнасьці Дзьмітрыя Баскава падазраюць у датычнасьці да забойства гарадзкога актывіста Рамана Бандарэнкі. Інцыдэнт здарыўся 11 лістапада 2020 году на «плошчы Перамен» у Менску, дзе група людзей зразала бел-чырвона-белыя стужкі. На Рамана Бандарэнку напалі, ён атрымаў цяжкія раненьні і на наступны дзень ад іх памёр.

Пасьля гэтага IIHF атрымала справаздачы ад Беларускага фонду спартовай салідарнасьці (BSSF) і даручыла незалежнай сьледчай фірме зрабіць агляд агульнадаступнай інфармацыі адносна сьцьвярджэньняў пра датычнасьць Дзьмітрыя Баскава да інцыдэнту ды іншых неспартовых дзеяньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG