Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 20 жніўня: рэдактара сайту пакаралі «за распаўсюд экстрэмісцкага матэрыялу»

абноўлена

Уладзімер Гундар, празь якога пакаралі сайт «Виртуальный Брест», падчас пікету ў Баранавічах (архіўнае фота)
Уладзімер Гундар, празь якога пакаралі сайт «Виртуальный Брест», падчас пікету ў Баранавічах (архіўнае фота)

У Беларусі працягваюць выносіць выракі ў крымінальных і адміністрацыйных справах супраць удзельнікаў мірных пратэстаў, актывістаў, журналістаў. Свабода адсочвае судовыя працэсы.

Рэдактара двойчы пакаралі за адзін і той жа фатаздымак

Як нагадвае Беларуская асацыяцыя журналістаў, 16 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця ўжо разглядалася адміністрацыйная справа паводле заявы шостага ўпраўленьня па Берасьцейскай вобласьці ГУБАЗіК МУС аб прызнаньні інфармацыйнай прадукцыі сайту «Виртуальный Брест» экстрэмісцкім матэрыялам.

Падставай быў артыкул пра затрыманьне жыхара Баранавічаў Уладзімера Гундара, ілюстраваны здымкам, на якім герой быў у вопратцы з элемэнтамі арнамэнту. Прадстаўнікі ГУБАЗіК палічылі, што арнамэнт зьмяшчае свастыку, і запатрабавалі прызнаць згаданую публікацыю «экстрэмісцкім матэрыялам».

Тады суд задаволіў пазоў, але гэтым ня скончылася. Празь некалькі тыдняў на рэдактара «Виртуального Бреста» Андрэя Кухарчыка склалі новы адміністрацыйны пратакол: гэтым разам паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП — за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, унесенай у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Справа зноў тычылася публікацыі з фатаздымкам Уладзімера Гундара.

Пратакол некалькі разоў вярталі ў міліцыю на дапрацоўку, пакуль 19 жніўня суд Маскоўскага раёну Берасьця не прызнаў Андрэя Кухарчыка вінаватым.

Суд пакараў рэдактара «Виртуального Бреста» штрафам у памеры 10 базавых велічынь (290 рублёў) і пастанавіў канфіскаваць у яго кампутарнае абсталяваньне, на якім ён «зьдейсьніў правапарушэньне».

Як адзначыў Андрэй Кухарчык, тэхніку ў яго забралі яшчэ ў ліпені падчас ператрусу і дагэтуль нічога не вярнулі.

Анархіста з Баранавічаў чарговым разам пакаралі адміністрацыйным арыштам. На судзе ён заявіў пра катаваньні

Анархіста Ільлю Сянько другі раз запар пакаралі 15-суткавым арыштам, паведаміў тэлеграм-канал «Вясна назірае».

Ільлю Сянько затрымалі 4 жніўня падчас масавых затрыманьняў актывістаў анархісцкага руху. Тады ў судзе Кастрычніцкага раёну яго арыштавалі на 15 дзён за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Але на волю ён ня выйшаў. На яго склалі новы пратакол, ужо за дробнае хуліганства.

Паводле праваабаронцаў, згодна з новым пратаколам, Ільля «4 жніўня гучна крычаў, нецэнзурна лаяўся, на заўвагі міліцыянтаў не рэагаваў». Справу Сянько разгледзелі сёньня ў судзе Кастрычніцкага раёну.

Падчас паседжаньня актывіст адмовіўся даваць паказаньні, але заявіў пра зьбіцьцё і пагрозы з боку ГУБАЗіКа. Па яго словах, праз пару дзён пасьля затрыманьня да яго прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, зьбівалі, пагражалі, адрэзалі дрэды — усё каб ён прызнаў віну і даў патрэбныя ім паказаньні.

Таксама Ільля сказаў, што сядзіць у чатырохмеснай камэры, у якой знаходзяцца 20 чалавек.

Судзьдзя Кастрычніцкага раёну Натальля Яроўская адмовіла хлопцу ў выкліку супрацоўніка ГУБАЗіКа ў якасьці сьведкі, праігнаравала заяву пра зьбіцьцё і арыштавала Ільлю Сянько яшчэ на 15 сутак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG