Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволенага інваліда 2-й групы Ўладзімера Гундара чарговым разам зьмясьцілі ў карцар


Уладзімер Гундар
Уладзімер Гундар

61-гадовы баранавіцкі актывіст Уладзімер Гундар з 29 ліпеня адбывае пакараньне ў карцары. Пра гэта ягоная жонка Алена даведалася, прыйшоўшы на спатканьне ў СІЗА, на якое Уладзімер не зьявіўся.

«Адразу ён знаходзіўся ў карцары з 29 ліпеня па 6 жніўня. Потым 3 дні быў у камэры, і 10 жніўня яго зноў вярнулі ў карцар. Там Валодзя прабудзе да 20-га», — кажа Свабодзе Алена Гундар.

Пра тое, што муж у карцары, жанчына даведалася, калі прыйшла да яго на спатканьне.

Алена Гундар
Алена Гундар

«11 жніўня я прыехала ў СІЗА. Мяне адвялі ў пакой, дзе былі іншыя людзі — трое зьняволеных і жанчыны, якія прыйшлі да іх на сустрэчу. У іх адбылося спатканьне, а я проста праседзела 10 хвілін у чаканьні. Адразу мне нічога не маглі растлумачыць, а потым вывелі і толькі тады сказалі, што Валодзя ў карцары».

На пачатку ліпеня Ўладзімера ўжо накіроўвалі ў карцар за адмову прызнавацца ў «экстрэмізьме». Тады ў яго абвастрыліся праблемы са здароўем.

Каб даведацца, чаму Ўладзімер адбывае пакараньне ў адзіночнай камэры гэтым разам, Алена патэлефанавала начальніку Берасьцейскага СІЗА № 7.

«Ён патлумачыў, што нібыта Валодзя лаецца на іх, мацюкаецца, абзывае іх. Ня ведаю, наколькі гэта праўда, таму што ён мне ўвесь час пісаў, што з супрацоўнікамі СІЗА ў яго нармальныя адносіны. Казаў, што ён зьмірыўся, спакойны, што зь імі ён ня сварыцца», — кажа суразмоўца.

У выніку Алене зьмянілі дату спатканьня на 18 жніўня. Аднак і ў гэты дзень яно не адбылося.

«Дзякуй Богу, гэтым разам мне патэлефанавалі зь СІЗА і паведамілі пра адмену сустрэчы. Прапанавалі перанесьці на 27 ліпеня. Паглядзім, што да таго часу здарыцца. Пасьлязаўтра, калі яго выпусьцяць з карцару, павязу яму перадачу. Цяпер, натуральна, перадаваць нічога нельга. Апошняя перадача, якую ён, здаецца, атрымаў, была 28-га. Потым я вазіла неабходныя рэчы 4 жніўня, але ў лісьце ён пра гэта нічога не пісаў, — кажа Алена. — Лекі ў яго пакуль там ёсьць, прынамсі павінны быць. Начальнік мяне запэўніў, што мэдыкамэнты яму даюцца рэгулярна.

Па словах Алены, абаронцу да Ўладзімера не пускаюць.

«Адвакат тэлефанавала ў панядзелак. Пыталася, ці можа зь ім сустрэцца і ці магу я спадзявацца на спатканьне. Ёй сказалі, што да канца тыдня — ніякіх сустрэч».

Алена расказала, што ў сувязі з гэтай сытуацыяй дачка Ўладзімера Інга Стромская (на 25 жніўня ў яе таксама заплянавана спатканьне з татам. — РС) напісала скаргу ў пракуратуру.

«Сёньня мы атрымалі адказ, што яе скаргу накіравалі ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. Але я баюся, каб не было толькі горш ад усіх гэтых праверак».

  • 61-гадовы Ўладзімер Гундар — адзін з 13 фігурантаў справы аб так званай «тэрарыстычнай групоўцы» Мікалая Аўтуховіча. 30 сьнежня яму выставілі абвінавачаньне паводле артыкула 289 Крымінальнага кодэксу «Акт тэрарызму».
  • 20 траўня ў Берасьці судзьдзя Сяргей Беразюк пакараў 3 гадамі зьняволеньня паводле арт. 366 КК (Гвалт або пагроза ў адносінах да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадзянскі абавязак). 27 ліпеня разглядалася апэляцыя на вырак актывісту, аднак тэрмін вырашылі пакінуць у сіле.
  • Уладзімер Гундар — інвалід 2-й групы, некалькі гадоў таму перанёс складаную апэрацыю. Яму ампутавалі нагу, акрамя таго, ён мае гіпэртанію і судзіннае захворваньне. Актывіст ужо шмат гадоў носіць пратэз, але той падчас затрыманьня сілавікі прымусілі зьняць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG